Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіргізстане прызначылі дату датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў


Мітынг 15 кастрычніка ў Бішкеку

Прэзыдэнцкія выбары ў Кіргізстане пройдуць у пачатку наступнага году, паведаміла кіраўнік ЦВК Кіргізстану Нуржан Шайлдабекава на пасяджэньні камісіі ў суботу, інфармуе Інтэрфакс.

«Сябры ЦВК вызначылі дату правядзеньня датэрміновых выбараў прэзыдэнта краіны, выбары адбудуцца 10 студзеня 2021 году», — сказала Шайлдабекава.

Яна нагадала, што паводле закону датэрміновыя выбары прэзыдэнта павінны адбыцца да 16 студзеня 2021 году.

«Паколькі парлямэнт не абвясьціў дату датэрміновых выбараў прэзыдэнта, яны лічацца прызначанымі з 23 кастрычніка. Паводле закону яны павінны быць праведзены да 16 студзеня 2021 году, у найбліжэйшую нядзелю да гэтай даты. Адпаведна, такім днём ёсьць 10 студзеня», — адзначыла Шайлдабекава.

Згодна з законам аб выбарах прэзыдэнта Кіргізстану, датэрміновыя выбары кіраўніка дзяржавы прызначае парлямэнт не пазьней тыднёвага тэрміну з дня спыненьня паўнамоцтваў прэзыдэнта. Яны павінны адбыцца ў трохмесячны тэрмін. У выпадку, калі парлямэнт не прызначыць выбары ў тэрмін, то яны лічацца прызначанымі. У гэтым выпадку днём прызначэньня выбараў лiчыцца дзень, наступны за днём заканчэньня тэрміну прызначэньня выбараў. Пасьля чаго ЦВК краіны не пазьней чым праз два дні аб’яўляе дату выбараў і пачынае рыхтаваць іх правядзеньне.

21 кастрычніка парлямэнт Кіргізстану ня змог прызначыць дату датэрміновых выбараў прэзыдэнта з прычыны браку кворуму. На пасяджэньні 22 кастрычніка дэпутаты не разглядалі гэтае пытаньне.

Раней кіраўніца ЦВК Шайлдабекава паведамляла журналістам, што апошнім днём аб’яўленьня парлямэнтам Кіргізстану даты датэрміновых выбараў кіраўніка дзяржавы ёсьць 22 кастрычніка. Такім чынам, згодна зь дзейным законам, датэрміновыя выбары прэзыдэнта лічацца прызначанымі.

  • 15 кастрычніка прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Джээнбекаў падаў у адстаўку. 16 кастрычніка выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Кіргізстану стаў новы прэм’ер-міністар краіны Садыр Джапараў. Раней ён заявіў журналістам, што гатовы ўдзельнічаць у выбарах кіраўніка дзяржавы, калі адпаведныя зьмены ў заканадаўства прыме парлямэнт.
  • Згодна зь дзейнай Канстытуцыі Кіргізстану, выканаўца абавязкаў прэзыдэнта ня можа ўдзельнічаць у выбарах кіраўніка дзяржавы.
  • З 5 кастрычніка ў сталіцы Кіргізстану Бішкеку ішлі акцыі пратэсту супраць абвешчанай перамогі прапрэзыдэнцкіх сілаў на парлямэнцкіх выбарах 4 кастрычніка. ЦВК афіцыйна скасаваў вынікі галасаваньня пасьля таго, як дэманстранты занялі парлямэнт і шэраг урадавых будынкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG