Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дыялёг магчымы толькі ў выпадку дээскаляцыі»,— праваабаронцы пра канстытуцыйную рэформу 


У сувязі з заявай уладаў аб правядзеньні канстытуцыйнай рэформы беларускія праваабарончыя арганізацыі выступілі з супольным зваротам.

Арганізаваны ўладамі працэс абмеркаваньня зьменаў у Канстытуцыю — спроба замаўчаць грубыя парушэньні правоў чалавека, уключна з катаваньнямі ў дачыненьні да тысяч затрыманых, лічаць падпісанты.

«Ва ўмовах катастрафічнага становішча з правамі чалавека, якое склалася ў Беларусі, поўнай дэвальвацыі прынцыпу вяршэнства права, у атмасфэры страху і запалохваньня, а таксама з улікам таго, што шэраг удзельнікаў патэнцыйнага дыялёгу застаюцца ў зьняволеньні ці ў выгнаньні, немагчыма наладзіць эфэктыўны працэс абмеркаваньня Канстытуцыі», — адзначаецца ў дакумэнце.

Праваабаронцы нагадваюць, што ў краіне больш за 100 палітычных зьняволеных, перасьледуюцца журналісты, адвакаты і праваабаронцы. Ад 9 жніўня амаль 15 000 чалавек затрыманыя за мірнае выкарыстаньне права на сходы, тысячы зазналі жорсткае абыходжаньне. Пры наяўнасьці мноства фота- і відэадоказаў гвалту ня ўзбуджана ніводная крымінальная справа. Улады ня толькі пазбавілі людзей прававых мэханізмаў абароны ад самавольства сілавікоў, а публічна выказалі ўхваленьне іх дзеяньняў.

«Мы лічым важным працэс рэфармаваньня Канстытуцыі дзеля забесьпячэньня рэальнага падзелу ўладаў, стварэньня дадатковых захадаў дзеля абароны правоў чалавека. Аднак дыялёг магчымы толькі ў выпадку дээскаляцыі: адмовы ад рэпрэсій і перасьледу іншадумцаў, спыненьня затрыманьняў мірных дэманстрантаў, вызваленьня палітзняволеных, прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ўсіх, хто мае дачыненьне да катаваньняў. Камісія па абмеркаваньні прапаноў павінна быць сфармаваная празрыста і ўключаць прадстаўнікоў усяго спэктру ініцыятыў», — адзначаецца ў звароце.

На перакананьне праваабаронцаў, у выпадку прызначэньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму яго правядзеньне павінна быць арганізавана новым складам Цэнтравыбаркаму, бо ранейшы цалкам дыскрэдытаваў сябе ў вачах грамадзкасьці.

Самому рэфэрэндуму павінна папярэднічаць рэформа выбарчага заканадаўства, накіраваная на максымальную імплемэнтацыю рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ дзеля дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Без унясеньня такіх зьменаў у Выбарчы кодэкс ня будзе забясьпечаны давер да вынікаў плебісцыту з боку грамадзян і, адпаведна, яго легітымнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG