Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША прайшлі апошнія перад выбарамі дэбаты Трампа і Байдэна


У Нэшвіле ў штаце Тэнэсі прайшлі другія і апошнія перад прэзыдэнцкімі выбарамі дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША паміж рэспубліканцам прэзыдэнтам Дональдам Трампам і дэмакратам былым віцэ-прэзыдэнтам Джо Байдэнам.

Падчас мінулых дэбатаў, якія адбыліся ў канцы верасьня, абодва кандыдаты ня раз перапынялі адзін аднаго. У выніку некаторыя палітычныя экспэрты назвалі гэты двубой кандыдатаў найгоршымі прэзыдэнцкімі дэбатамі ў амэрыканскай гісторыі.

Цягам дэбатаў Дональд Трамп і Джо Байдэн выразна абрысавалі свае пазыцыі ў галоўных пытаньнях, якія хвалююць выбарнікаў, і падалі аргумэнты на карысьць свайго абраньня на пасаду прэзыдэнта краіны.

Першым было пытаньне аб рэакцыі на пандэмію каранавірусу і другую хвалю эпідэміі, якая ахоплівае краіну. Джо Байдэн абвінаваціў Трампа ў неадэкватнай рэакцыі на гэты крызіс і папярэдзіў, што краіне трэба будзе перажыць «цёмную зіму». Ён настойваў на тым, што Дональд Трамп — некампэтэнтны лідэр, вінаваты ў сьмерці дзясяткаў тысяч людзей, і ня можа заставацца на чале краіны.

Дональд Трамп заявіў, што яго адміністрацыя зрабіла і робіць усё магчымае для нэўтралізацыі крызісу. Ён абвясьціў, што новая вакцына, магчыма, будзе гатовая бліжэйшымі тыднямі, і абвінаваціў Байдэна ў тым, што той зноў робіць стаўку на прыпыненьне амэрыканскай эканомікі, якое будзе мець шмат нэгатыўных наступстваў. «Лякарства не можа быць горшае за хваробу», — заявіў Трамп.

Пытаньне пра бясьпеку выбарчай сыстэмы напярэдадні выбараў выклікала найбольш эмацыйную рэакцыю кандыдатаў. Байдэн абвінаваціў Трампа ў тым, што той, паводле яго, ніколі не крытыкаваў Уладзіміра Пуціна за ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскі выбарчы працэс. У Трампа, як сьцьвярджае Байдэн, занадта цёплыя адносіны зь лідэрамі аўтарытарных дзяржаваў, з бандытамі.

У адказ Дональд Трамп заявіў, што сям’я Джо Байдэна атрымала значныя сумы ад некалькіх замежных дзяржаваў, у тым ліку тры з паловай мільёны даляраў з Расеі. Байдэн рашуча адхіліў абвінавачаньні, падкрэсьліўшы, што падобныя закіды ў яго адрас адпрэчылі экспэрты. «Я не зрабіў нічога неэтычнага ў дачыненьні да Ўкраіны», — заявіў Джо Байдэн, камэнтуючы працу свайго сына Гантэра ў якасьцi чальца рады дырэктараў украінскай кампаніі «Бурысма».

Абодва кандыдаты рэзка разышліся ў ацэнках праблемы расізму ў краіне, рэформы мэдычнага страхаваньня, іміграцыі, замежнай палітыкі, барацьбы з глябальным пацяпленьнем.

Зьвяртаючыся да выбарнікаў, прэзыдэнт Трамп перасьцярог іх, што абраньне Джо Байдэна будзе азначаць павышэньне падаткаў, нізкі эканамічны рост, паслабленьне амэрыканскага нафтавага сэктару дзеля барацьбы з глябальным пацяпленьнем. Былы віцэ-прэзыдэнт Байдэн заявіў, што неабходна выбраць прэзыдэнта, які будзе прадстаўляць амэрыканскія каштоўнасьці.

Гэтыя дэбаты былі апошняй перад прэзыдэнцкімі выбарамі падзеяй, якая сабрала шматмільённую аўдыторыю. Для Дональда Трампа, які адстае, згодна з апошнімі апытаньнямі, ад Джо Байдэна амаль на 8 працэнтаў, удалы выступ у дэбатах быў выключна важным. Першая рэакцыя камэнтатараў — кандыдаты дамагліся нічыёй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG