Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадвыбарчы скандал у Кіеве: гарадзкая ўлада набывае беларускія аўтобусы бяз тэндэру і зь пераплатай


Аўтобус МАЗ на вуліцы Менску
Аўтобус МАЗ на вуліцы Менску

Мэр Кіева Віталь Клічко за пяць дзён да выбараў, на якіх ён зноў балятуецца на пасаду гарадзкога галавы, абвясьціў аб атрыманьні камунальным прадпрыемствам «Київпастранс» 50 новых аўтобусаў вытворчасьці Менскага аўтамабільнага заводу.

Паводле Віталя Клічка, да канца году Кіеў атрымае яшчэ 150 беларускіх аўтобусаў.

Мэр Кіева анансаваў абнаўленьне гарадзкога аўтобуснага транспарту яшчэ вясной, але заўсёды пазьбягаў удакладненьня краіны іх вытворчасьці. У верасьні, калі ўкраінская ўлада ўжо абвясьціла аб замарожаньні афіцыйных кантактаў зь Беларусьсю пасьля недэмакратычных выбараў прэзыдэнта, кіеўская гарадзкая ўлада падпісала з адным з украінскіх банкаў лізінгавае пагадненьне аб набыцьці 200 аўтобусаў. Але і тады Віталь Клічко не паведаміў, што ідзецца пра беларускія аўтобусы.

Што ня так ва ўгодзе

Інтэрнэт-выданьне «Економічна правда» зьвярнула ўвагу, што набыцьцё грамадзкага транспарту адбывалася без тэндэру, хаця залучаныя бюджэтныя сродкі. Нягледзячы на тое, што падпісаньне лізінгавай дамовы не супярэчыць украінскаму заканадаўству, апэрацыя выклікае шмат пытаньняў.

Паводле выданьня, згодна з дамовай фінансавага лізінгу кошт аднаго кароткага 12-мэтровага аўтобуса складзе 202 тысячы эўраў, а 18,75-мэтровага — 288 тысяч эўраў.

Для Кіева гэта стала даражэй, чым для расейскага Санкт-Пецярбургу і шэрагу іншых украінскіх гарадоў. У 2019 годзе Марыюпаль набываў «кароткія» аўтобусы МАЗ за 155 тысяч эўраў за штуку, а «даўгія» — за 238 тысяч эўраў. У 2018 годзе Запарожжа купляла «кароткія» МАЗы па 130 тысяч эўраў.

Дылерам паставак беларускіх аўтобусаў у Кіеў выступіла прыватная кампанія «Укравтоторг», канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам якой зьяўляецца грамадзянка Кіпру Марыя Чатзіантона (Хаджыантона).

Раней беларускія аўтобусы ва Ўкраіну прадавалі праз афіцыйных дылераў МАЗу, зарэгістраваных на ўкраінскай тэрыторыі.

Апроч таго, выданьне зьвяртае увагу, што Кіеў набывае старую мадэль «даўгога аўтобуса» МАЗ-215, у якім рухавік у пярэдняй частцы і займае шмат месца, што нязручна для пасажыраў. Пры тым, што завод наладзіў вытворчасьць ужо больш новай мадэлі МАЗ 216-а.

МАЗ пачаў зьбіраць аўтобусы для Кіева да падпісаньня пагадненьня

«Київпастранс» заплаціў аванс у верасьні, а першая партыя гатовых аўтобусаў прыбыла ва ўкраінскую сталіцу ўжо праз два тыдні. Мяркуючы з усяго, піша выданьне, МАЗ пачаў зьбіраць аўтобусы для Кіева яшчэ да падпісаньня дамовы аб лізінгу і атрыманьня авансу. Пры гэтым МАЗ, паводле інфармацыі выданьня «Економічна правда», падстрахаваўся плянам «Б» — на выпадак адмовы Кіева ад аўтобусаў іх нібыта мусілі выкупіць гарадзкія ўлады Менску.

Чакалася, што да мясцовых выбараў 25 кастрычніка ў Кіеў будзе пастаўлена 100 новых аўтобусаў. 20 кастрычніка Віталь Клічко прадставіў першую партыю з 50 машын. Астатнія 150 аўтобусаў у Кіеве чакаюць да канца году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG