Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка адказаў на пагрозу Лукашэнкі чыноўнікам, што апазыцыя будзе «рваць іх на кавалкі»


Павал Латушка.
Павал Латушка.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка не прагназуе радыкальнай люстрацыі ў выпадку прыходу апазыцыі да ўлады. Ён абяцае, што тыя, хто ня зьдзейсьніў крымінальных злачынстваў, застануцца на дзяржаўнай службе. Палітыка цытуе Tut.by.

«Ніхто не зьбіраецца рваць на кавалкі Аляксандра Лукашэнку. Да ўлады прыйдуць людзі, якія будуць вельмі строга і дакладна выконваць Канстытуцыю, выбарчае і крымінальнае заканадаўства, Адміністрацыйны кодэкс краіны і ўсе іншыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць жыцьцё нашага грамадзтва», — заявіў Латушка на прэсавай канфэрэнцыі ў сераду.

Паводле ягоных слоў, калі чыноўнік зьдзейсьніў злачынства, якое караецца крымінальна, то адпаведным чынам у дачыненьні да яго будуць праводзіцца працэдуры дазнаньня, сьледзтва.

«Калі сьледзтва прыйдзе да высновы аб неабходнасьці прадстаўленьня абвінаваўчага заключэньня — адпаведна, абвінаваўчае заключэньне і суд. І суд ужо толькі можа прызнаць вінаватасьць, або невінаватасьць, і ступень гэтай адказнасьці», — працягнуў Латушка.

Закранаючы пытаньне неабходнасьці працы цяперашніх чыноўнікаў пры будучай дэмакратычнай уладзе, Латушка заявіў, што ўсе здаровыя сілы, усе прафэсіяналы, усе, хто гатовы служыць народу і дзяржаве, а не канкрэтнай асобе, якая чамусьці ставіць знак роўнасьці „я — гэта дзяржава“, тыя будуць запатрабаваныя і, безумоўна, будуць выкарыстаныя і новай уладай.

20 кастрычніка, прызначаючы новых чыноўнікаў, Лукашэнка заявіў:

«Што тычыцца прэзыдэнта Беларусі, ён за ўладу пасінелымі рукамі (шмат разоў казаў) не трымаецца. Пытаньне не ўва мне. Пытаньне ў вас: што будзе з вамі безь мяне. Можа, я ўжо занадта сваю ролю тут пераацэньваю, але я заўсёды гляджу вось на вэтэранаў учорашніх, на вас. Вам жыць у гэтай краіне. А што будзе? Вы што думаеце, яны нас, вас пашкадуюць, вось учорашнія, вы бачылі іх? Яны пашкадуюць? Ды парвуць на кавалкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG