Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскі шахтар, які прыкоўваў сябе пад зямлёй, атрымаў харчовую перадачу ад беларусаў ЗША


Шахтар Аляксандар Курбан. Салігорск, 15 кастрычніка 2020 году.

Аляксандар Курбан, які на глыбіні 400 мэтраў прыкаваў сябе на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і гвалту, 21 кастрычніка атрымаў пасылку ад беларускай дыяспары з Амэрыкі.

«Кошыкі дапамогі»

«Кошыкамі дапамогі» беларусы ЗША падтрымліваюць удзельнікаў страйку на «Беларуськаліі».

Паводле Аляксандра Курбана, дапамога прыйшла ад фонду «I need help», арганізаванага амэрыканскімі беларусамі. У страйкаме «Беларуськалію» яму дапамаглі аформіць заяўку, і ўжо праз два дні на аўтамабілі «Е-дастаўкі» дамоў прывезьлі некалькі пакункаў з замоўленымі харчамі, якія аплаціў фонд дапамогі.

«Чаго там толькі не было: ялавічына, каўбасныя вырабы, гародніна і садавіна, уключна з мандарынамі, арэхі — больш як на 200 рублёў. Падтрымка і салідарнасьць вельмі важныя. Хочацца, каб усе нашы людзі адчувалі, што землякі ня кінулі іх, што дапамогуць кожнаму, хто мае патрэбу», — сказаў Аляксандар Курбан.

Падземны пратэст шахтара

15 кастрычніка майстар падрыўных работ Аляксандар Курбан не падняўся на паверхню пасьля завяршэньня працоўнай зьмены, а прыкаваў сябе да клеці ў шахце на знак пратэсту.

Заява Аляксандра Курбана ў сувязі з пратэстам пад зямлёй.
Заява Аляксандра Курбана ў сувязі з пратэстам пад зямлёй.

Курбан патрабаваў выкананьня палітычных патрабаваньняў страйкамаўцаў, у тым ліку новых выбараў, адстаўкі Лукашэнкі і спыненьня міліцэйскага гвалту, а таксама выказаўся за дыялёг з адміністрацыяй «Беларуськалію» адносна павышэньня заробкаў і паляпшэньня ўмоў працы.

Празь некалькі гадзін пасьля пачатку пратэсту тэхнічныя працаўнікі перарэзалі замок, якім Аляксандар Курбан прыкаваў сябе ў шахце, і ён мусіў падняцца на паверхню.

У той жа дзень Аляксандар Курбан далучыўся да страйку шахтароў, яго абралі ў сябры страйкаму. Ці не шкадуе ён пра той учынак?

«Наадварот. Адчуў палёгку ў душы, што хоць нешта зрабіў на карысьць агульнай справы. Па-ранейшаму лічу, што калі ўсе зробяць свой хоць малы, але ўнёсак, дык справа зрушыцца і перамога будзе», — сказаў Аляксандар Курбан.

На «Беларуськаліі» страйкуюць 33 чалавекі

За дні, калі Аляксандар Курбан далучыўся да страйку, яго абралі сябрам страйкаму «Беларуськалію».

«Дыялёгу няма, адміністрацыя ніяк не рэагуе на нашы прапановы сустрэцца і размаўляць, але мы разьлічваем, што нарэшце вынік будзе, — кажа Аляксандар Курбан.— Я далучыўся да страйку і стаў 32-м страйкоўцам, пасьля таго нас паболела яшчэ на аднаго шахтара. Да нас далучыўся Антон Дзямкоў — то бок цяпер страйкуюць 33 чалавекі.

Зь іх сядзяць на адміністрацыйным арышце чацьвёра: гэта сустаршыня страйкаму Анатоль Бокун, Юры Корзун, які раней за мяне прыкоўваў сябе ў шахце, яшчэ адзін сустаршыня страйкаму Анатоль Чаркас, і апошнім пасадзілі на 15 сутак шахтара Паўла Пучэню. Але мы не здаемся. „ВyHelp“ абяцаў усім шахтарам, якія страйкуюць, кампэнсацыю страчанага заробку, мы можам трымацца. Але для нас галоўнае — каб выканалі нашы палітычныя патрабаваньні, найперш пра новыя выбары і адстаўку Лукашэнкі», — кажа Аляксандар Курбан.

Мітынг пратэсту ў Салігорску, 17 жніўня 2020 году.
Мітынг пратэсту ў Салігорску, 17 жніўня 2020 году.

Ціску на страйкоўцаў няма, у табэлі пішуць: «Н»

Паводле Курбана, ціску на яго з боку адміністрацыі дагэтуль не было.

«У табэлі мне ставяць літару „Н“, што значыць — адсутнічае на працы зь невядомых прычын. Таму, магчыма, яшчэ ня звольнены. Каб па законе мяне звольніць, трэба сама меней узяць у мяне тлумачэньні, але пакуль ніхто не зьвяртаўся», — кажа шахтар.

На пытаньне, як страйкам рыхтуецца да 25 кастрычніка, калі заканчваецца абвешчаны Сьвятланай Ціханоўскай «народны ўльтыматум» Аляксандру Лукашэнку, Аляксандар Курбан адказаў:

«Хочацца верыць, што калектыў „Беларуськалію“ падтрымае ўльтыматум».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG