26 кастрычніка ў судзе Заводзкага раёну Менска пачнецца разгляд справы Уладзімера Чудзянцова (Зуева). У зьняволеньні ён прабыў амаль год, нагадвае «Наша Ніва».
Журналіста абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
- Арт. 328, ч.1 (незаконнае перамяшчэньне праз мяжу наркатычных сродкаў) з максымальным пакараньнем 7 гадоў
- Арт. 343, ч.2 (выраб і распаўсюд парнаграфіі) з максымальным пакараньнем 4 гады
У судзе ўдакладнілі, што працэс будзе закрытым, бо ў справе фігуруе непаўналетні пацярпелы.
Уладзімера Чудзянцова затрымалі 21 лістапада 2019 году на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў ягоных рэчах знайшлі пакунак з наркатычным рэчывам. Была заведзена крымінальная справа.
Сёлета 10 студзеня Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова таксама пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да непаўналетняга».