Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не сплаціў штраф: 83-гадоваму ўдзельніку акцый пратэсту Яну Грыбу абмежавалі правы карыстаньня маёмасьцю


Ян Грыб
Ян Грыб

З прычыны неаплачанага штрафу 83-гадоваму паэту Яну Грыбу абмежавалі правы карыстаньня маёмасьцю, паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна».

19 чэрвеня Яна Грыба аштрафавалі на 1080 рублёў паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце каля Камароўскага рынку 7 чэрвеня. 13 кастрычніка, пасьля таго як выйшаў 30-дзённы тэрмін на добраахвотную выплату штрафу (11 верасьня пастанова суду была абскарджана), аддзел прымусовага выкананьня Кастрычніцкага раёну Менску запрасіў Яна Грыба прыйсьці на гутарку 19 кастрычніка, але ў той жа час наклаў арышт на аўтамабіль, зямлю і дом пэнсіянэра, а таксама спагнаў 108 рублёў з рахунку на ягонай картцы.

Як тлумачыць юрыст «Вясны» Алег Пашкевіч, выканаўцы мелі законныя падставы гэта рабіць, але «з моманту, калі чалавеку паведамілі пра пачатак выканаўчай вытворчасьці, да моманту прымяненьня мер прайшло недастаткова часу, каб спадар Ян пасьпеў хаця б нешта патлумачыць».

«Чалавек, атрымаўшы такую інфармацыю, павінен быць здольны пакінуць свой камэнтар: магчыма, зь ім нешта здарылася і ён ня можа выплаціць штраф, магчыма, ён хоча папрасіць растэрміноўку. Ці наогул — ён ужо даслаў скаргу поштай, і ў такім выпадку судовы выканаўца абавязаны прыпыніць усе дзеяньні па спагнаньні штрафу пасьля паступленьня хадайніцтва з дадаткам дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць падачу скаргі», — кажа юрыст.

Ян Грыб будзе абскарджваць абмежаваньне сваіх правоў на мірныя сходы і выказваньне думкі, бо лічыць яго незаконным.

«Пакуль яны зрабілі „гуманны“ жэст і сказалі, што ня будуць апісваць машыну і лецішча, — адзначыў Ян Грыб. — Але, мяркую, яны ўжо будуць рабіць гэта, бо я не прапускаю ніводнай акцыі: зараз іду на Марш сіньёраў, як у Гішпаніі называюць пэнсіянэраў, — дык невядома, чым ён скончыцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG