Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэнсіі ў былых сілавікоў і чыноўнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Падпалкоўнік унутраных войскаў на пэнсіі атрымлівае каля тысячы рублёў, а былы падпалкоўнік міліцыі — 700 рублёў. Глядзім, якія пэнсіі ў былых сілавікоў і дзяржаўных службоўцаў.

Ад жніўня гэтага году сярэдні памер месячных пэнсій — 458 рублёў, сярэдні памер пэнсій, прызначаных па ўзросьце, — 473,8 рубля. У былых чыноўнікаў і сілавікоў пэнсіі вызначаюцца па-іншаму і найчасьцей аказваюцца большымі за гэтыя лічбы.

Колькі плацяць былым сілавікам

У адкрытых крыніцах няма зьвестак аб пэнсіях сілавікоў. Памерамі гэтых выплат займаюцца профільныя міністэрствы.

Ад былых сілавікоў на ўмовах ананімнасьці Свабода даведалася, што пэнсія падпалкоўніка ўнутраных войскаў, які выйшаў у адстаўку пасьля 50 гадоў, — каля тысячы рублёў. Старшы лейтэнант міліцыі, які быў камісаваны па стане здароўя (то бок не даслужыў да поўнай пэнсіі), мае 450 рублёў.

Цяперашні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў звольніўся зь міліцыі ў званьні падпалкоўніка, атрымлівае пэнсію крыху болей за 700 рублёў.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«У мяне 24 гады выслугі. Я звальняўся з РАУСа як апэратыўнік па асабліва важных справах. Калі нехта звальняецца з ГУУС ці МУС, у іх выходзіць болей. Калі было апошняе падвышэньне, пэнсія не зьмянілася. Праўда, у мяне цяпер судовыя выканаўцы вылічваюць частку пэнсіі», — кажа Мікалай Казлоў.

Якая пэнсія ў дзяржаўных службоўцаў

Памер пэнсіі дзяржаўных службоўцаў і былых дэпутатаў у Беларусі рэгулююць два законы: «Аб дзяржаўнай службе ў Беларусі» і ўказ прэзыдэнта «Аб штомесячным грашовым утрыманьні асобных катэгорый дзяржаўных служачых».

Чыноўнікі са стажам працы ня менш за 5 гадоў маюць наступныя памеры пэнсій:

  • Калі займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады — 75% заробку
  • Чальцы ўраду, амбасадары, старшыня ЦВК — 65% заробку
  • Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і сябры Нацыянальнага Сходу — 65% заробку

Калі заробак дэпутата ў сярэднім складаў 2,5 тысячы рублёў (па словах Ганны Канапацкай), то гэта 1615 рублёў пэнсіі.

Былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч цяпер атрымлівае пэнсію, «крыху большую за сярэдні заробак па Менску». Раней ягоная пэнсія раўнялася сярэдняму заробку, але ў гэтым годзе падвысілася, бо ён мае званьне прафэсара.

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

«Я доктар навук і прафэсар, а Лукашэнка выдаў указ, і з гэтага году для дактароў і прафэсараў вырасла пэнсія на 370 рублёў. Але, канечне, пэнсійную сыстэму трэба ўніфікаваць. Патрэбна, каб была адзіная сыстэма пэнсійнага забесьпячэньня, дзе павінны быць каэфіцыенты за нейкія заслугі. Павінны быць уніфікаваныя і тэрміны выхаду на пэнсію. Дзяржава павінна забясьпечыць нармальны пражытковы мінімум з улікам былога заробку чалавека. Ненармальна, што пэнсіі ў сілавікоў вышэйшыя», — мяркуе Станіслаў Багданкевіч.

Паводле Белстату, сярэдні заробак у жніўні ў Менску быў 1766 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG