Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяцём журналістам прысудзілі 13–15 дзён арышту за асьвятленьне акцыяў пратэсту

абноўлена

Затрыманьні падчас студэнцкага маршу 17 кастрычніка

Пяцём журналістам незалежных мэдыя, затрыманым падчас асьвятленьня акцыяў пратэсту 17 і 18 кастрычніка, прысудзілі 13–15 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаваньне міліцыі.

17 кастрычніка сілавікі затрымалі Дар’ю Сьпявак з парталу Onliner, а таксама Вадзіма Заміроўскага і Ўсевалада Зарубіна, якія працуюць для Tut.by і БелаПАН і асьвятлялі студэнцкі марш.

Ад пачатку прадстаўнікі менскай міліцыі запэўнівалі, што ў журналістаў «проста правераць дакумэнты». Аднак праз тры гадзіны супраць іх пачалі адміністрацыйны працэс паводле арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў).

18 кастрычніка падчас «Партызанскага маршу» ў Менску затрымалі Алеся Любенчука, які супрацоўнічае зь «Белсатам», і Арцёма Маёрава з выданьня «Белорусы и рынок».

Дар'я Сьпявак
Дар'я Сьпявак

Першай у Кастрычніцкім судзе Менску пачалі судзіць Дар’ю Сьпявак. Адвакатка журналісткі заявіла, што яе падабаронная выконвала свае прафэсійныя абавязкі, мела пры сабе бэдж, які гэта пацьвярджае і дазваляе наведваць масавыя мерапрыемствы, паведамляе Onliner. Яна прапанавала накіраваць матэрыялы справы на дапрацоўку. Аднак судзьдзя Алена Жывіца, зачытаўшы пратаколы допыту сьведак — міліцыянтаў Сімончыка і Кушнера, якія ўдзельнічалі ў затрыманьні, — абвясьціла прысуд: 13 дзён арышту для Дар’і Сьпявак.

Тая ж судзьдзя Жывіца вынесла пастанову і ў справе фатографа Tut.by і БелаПАН Вадзіма Заміроўскага: 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Суд прызнаў яго вінаватым паводле двух артыкулаў: 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню ці патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёю службовых паўнамоцтваў), паведамляе Tut.by.

Вадзім Заміроўскі
Вадзім Заміроўскі

Вадзім Заміроўскі не пагадзіўся з абвінавачаньнямі, паведамляе Tut.by. Ён патлумачыў, што працаваў на маршы студэнтаў, маючы вялікае рэдакцыйнае пасьведчаньне на шыі. Ён дадаў, што трымаўся ўбаку ад калёны студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў маршы.

Усевалад Зарубін зьвярнуў увагу, што ў пратаколе памылкова пазначаны час затрыманьня. Паводле журналіста, ён стаяў адзін, калі да яго падышоў супрацоўнік АМАПу і папрасіў паказаць пасьведчаньне на шыі. Пасьля спытаў, ці ёсьць у БелаПАН акрэдытацыя.

Усевалад Зарубін
Усевалад Зарубін

У пратаколах апытаньня сьведак-міліцыянтаў і ў рапарце пазначана тая ж інфармацыя, што і ў пратаколах аб адміністрацыйных правапарушэньнях: знаходзіўся на Казлова, 2 і ўдзельнічаў у мітынгу без адпаведнага дазволу Менгарвыканкаму, адмовіўся выконваць законныя патрабаваньні супрацоўніка пры выкананьні...

Алена Жывіца прысудзіла Ўсеваладу Зарубіну 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Суд прызнаў журналіста вінаватым паводле тых самых двух артыкулаў: 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах) і 23.4 КаАП (непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службовай асобы).

Супрацоўніка газэты «Белорусы и рынок» Арцёма Маёрава судзьдзя Жывіца прызнала вінаватым паводле тых самых двух артыкулаў КаАП. Нягледзячы на несупадзеньні ў пратаколах што да часу затрыманьня, Маёраў засуджаны на 15 дзён арышту.

Журналіста «Белсату» Алеся Любенчука пакаралі 15 днямі арышту. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянту пры выкананьні службовых абавязкаў, паведамляе «Белсат».

Падчас пратэставага маршу студэнтаў 17 красавіка таксама затрымалі журналістаў расейскага агенцтва «РИА Новости». Іх даставілі ў Кастрычніцкае РУУС Менску, аднак неўзабаве адпусьцілі. На супрацоўнікаў беларускіх мэдыя склалі адміністрацыйныя пратаколы. Да суду іх перавезьлі ў турму на Акрэсьціна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG