Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп і Байдэн сустрэліся з выбарнікамі замест дэбатаў


Дональд Трамп і Джо Байдэн

Дональд Трамп і кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў Джо Байдэн адначасова правялі сустрэчу з выбарнікамі ў жывым эфіры двух розных амэрыканскіх тэлеканалаў.

Байдэн сустракаўся са сваімі прыхільнікамі ў Філядэльфіі. Сустрэчу трансьлявалі ў эфіры тэлеканалу ABC. У гэты ж самы час тэлеканал NBC трансьляваў сустрэчу прэзыдэнта Дональда Трампа з выбарнікамі ў Маямі.

Такі фармат стаў заменай другіх дэбатаў, якія першапачаткова былі заплянаваныя на чацьвер. Аднак Трамп, які нядаўна перахварэў на COVID-19, адмовіўся ад удзелу ў мерапрыемстве, пасьля таго як два тыдні таму арганізатары прапанавалі зрабіць дэбаты віртуальнымі.

Што сказаў Трамп

Трамп выступаў на адкрытай сцэне ў Маямі. Зададзеныя яму пытаньні тычыліся яго заражэньня каранавірусам, падатковых выплат, плянаў у галіне аховы здароўя і мэдычнага страхаваньня.

Трамп паабяцаў, што забясьпечыць мірны пераход улады ў выпадку сваёй паразы на выбарах 3 лістапада, але адзначыў, што «ў ідэале» ўсё ж настроены на перамогу.

Што сказаў Байдэн

Сустрэча кандыдата ад Дэмакратычнай партыі ЗША Джо Байдэна з выбаршчыкамі праходзіла ў памяшканьні Нацыянальнага канстытуцыйнага цэнтру ў Філядэльфіі. Байдэн выступіў з крытыкай дзеяньняў прэзыдэнта Дональда Трампа ў барацьбе з пандэміяй каранавірусу.

Былы віцэ-прэзыдэнт усклаў на Трампа адказнасьць за правалы ў зьнешняй палітыцы. Іран цяпер бліжэй да стварэньня ядзернай зброі, «чым калі-небудзь, у Паўночнай Карэі цяпер больш бомбаў і ракет, нашы саюзьнікі па NATO цяпер адкрыта кажуць, што яны ня могуць нам давяраць, на Далёкім Усходзе і на захадзе Ціхага акіяна мы таксама ў ізаляцыі», — сказаў Джо Байдэн.

Фінальныя дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты ЗША заплянаваныя на 22 кастрычніка. Яны павінны адбыцца ў Нэшвіле, штат Тэнэсі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG