Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлопец зь відэа АНТ: Білі і патрабавалі, каб сказаў тое, што ім трэба


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандра разам зь дзяўчынай затрымалі каля ГЦ «Рыга» 11 кастрычніка. Гісторыю свайго затрыманьня ён расказаў Свабодзе.

13 кастрычніка ў афіцыйным тэлеграм-канале МУС і на АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманьне хлопцаў, якія «хацелі блякаваць дарогі і пры сабе мелі „два нажы, газавы балёнчык і балаклаву“». Свабода паразмаўляла з адным зь іх.

«Да мяне дабег чалавек у вайсковай форме»

12 кастрычніка Аляксандар зь сяброўкай былі каля ўнівэрсаму «Рыга».

«Я размаўляў са знаёмай, калі ўбачыў, што да мяне бяжыць чалавек у вайсковай форме, з дручком і ліхтаром, сьвеціць у вочы. У мяне ў заплечніку сапраўды была маска, нож і балёнчык. Я не хадзіў у масцы, ды мы і ня ўдзельнічалі тады фактычна ні ў чым», — расказвае Аляксандар.

Пасьля затрыманьня яго пасадзілі ў аўтазак. Аляксандар спрабаваў патлумачыць, што проста стаяў зь дзяўчынай, ні ў чым ня ўдзельнічаў і не супраціўляўся.

«Я адразу сказаў, што ў мяне ў заплечніку. Мяне пачалі біць, але ў мінівэне гэта ім было нязручна рабіць. На рукі начапілі сьцяжку, пачалі аглядаць заплечнік: знайшлі два нажы, балаклаву, маркер, сшытак з ангельскай мовы, маску ад ковіду», — кажа Аляксандар.

Па дарозе затрымалі яшчэ некалькіх чалавек, расказвае Аляксандар. Яму загадалі не паварочвацца і прыціскалі дручком да дзьвярэй. У Савецкім РУУСе Аляксандра пачалі біць. Білі, па яго словах, і іншых затрыманых.

«Затрыманых білі»

«Я чуў, як білі нейкага мужчыну з барадой, мяне білі. Патрабавалі, каб я сказаў тое, што ім трэба. Так і казалі. Убачылі татуіроўкі. У мяне татуіроўка з кактэйлем Молатава, але я яе набіў у 16 гадоў, проста так. Сказалі, што я нібыта адміністратар нейкай групы, хоць гэта ня так, і калі мяне білі, я сказаў пароль ад тэлефона. Ва ўсіх узялі паказаньні і зьнялі на відэа», — расказвае Аляксандар.

Аляксандар прыгадвае 19-гадовага хлопца, якога звалі Яўгенам.

«Ён быў у бронекамізэльцы і берцах, паразьбівалі яго рэчы, білі яго ўпяцёх. Ён гаварыў, што ідзе ў войска, таму гэта набыў», — кажа Аляксандар.

Пазьней усіх затрыманых перавезьлі ў Жодзінскую турму. У камэры, па яго словах, сядзеў 21 чалавек, камэра была на 10 месцаў.

«Было холадна, я падкладаў бот пад галаву і пад нагу. Калені балелі, бо іх адбілі і мы доўга стаялі на каленях, таму яны баляць і цяпер. Спалі на жалезных шконках, не давалі ні матраца, ні бялізны», — прыгадвае Аляксандар.

На свабоду Аляксандар выйшаў 14 кастрычніка, з прысудам у 10 базавых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG