Прадстаўнік кампаніі Lufthansa Technik абверг паведамленьне аб адмове рабочых праводзіць тэхабслугоўваньне беларускага самалёта, на якім, як лічыцца, лётае Аляксандар Лукашэнка.
«Сэрвіснае абслугоўваньне ўсіх самалётаў нашых кліентаў, якія знаходзяцца цяпер у нас у Гамбургу, праводзіцца ў адпаведнасьці з графікам», — такі адказ 15 кастрычніка атрымала DW ад афіцыйнага прадстаўніка кампаніі Lufthansa Technik у Гамбургу Вольфганга Райнэрта (Wolfgang Reinert) на пытаньне, ці праўда, што супрацоўнікі гэтай фірмы адмовіліся праводзіць сэрвіснае абслугоўваньне самалёта Аляксандра Лукашэнкі.
Раней некаторыя ТГ-каналы і СМІ паведамілі, што супрацоўнікі Lufthansa Technik нібыта адмовіліся абслугоўваць самалёт Аляксандра Лукашэнкі.
Заява нямецкага прафсаюзу Ver.di
Мясцовае аддзяленьне нямецкага прафсаюзу Ver.di сапраўды выступіла з заявай, дзе гаворыцца, што 13 кастрычніка ў Гамбург прыляцеў беларускі Boeing 737 з бартавым нумарам EW-001PA на чарговае тэхабслугоўваньне ў кампаніі Lufthansa Technik. «Гэта самалёт Лукашэнкі, які ў той жа самы час аддае загад страляць у дэманстрантаў у Беларусі», — пішуць нямецкія прафсаюзныя актывісты.
Далей яны падрабязна расказваюць пра сытуацыю ў Беларусі, пра пратэсты і арышты апазыцыянэраў, ужываньне ўладамі гвалту і катаваньняў, аб бяспраўі рабочых, аб парушэньнях правоў чалавека, рэпрэсіях супраць беларускіх страйкамаў. Ver.di нагадвае таксама, што 31 год таму працоўныя Lufthansa Technik у Гамбургу абвясьцілі страйк, каб не абслугоўваць самалёт прэзыдэнта Румыніі Нікалае Чаўшэску ў той час, калі ён «загадаў душыць пратэсты рабочых і работніц».
Гэтым разам, аднак, страйк не абвясьцілі. Прафсаюз чакае толькі, што «адміністрацыя Lufthansa Technik устрымаецца ад якіх-небудзь санкцый у тым выпадку, калі супрацоўнікі і супрацоўніцы адмовяцца працаваць з адпаведным самалётам».
Ver.di выставіў на адрас беларускіх уладаў патрабаваньні:
- спыніць падаўленьне пратэстаў,
- забясьпечыць права на страйк і арганізацыю незалежных прафсаюзаў,
- вызваліць усіх палітвязьняў і аднавіць на працы звольненых.
«Мы патрабуем адстаўкі Лукашэнкі і правядзеньня сапраўдных дэмакратычных выбараў», — гаворыцца таксама ў дакумэнце.