Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе разагнаць мірны пратэст: падлічвае экспэрт


Менск, 23 жніўня 2020 г.
Менск, 23 жніўня 2020 г.

Аўтазак за 50 кілямэтраў «зьядае» паліва на 15 даляраў. Падлічылі, колькі трацяць на сілавікоў падчас пратэстаў.

Акцыі пратэсту ў Беларусі ідуць зь лета: перш гэта былі «ланцугі салідарнасьці», а пасьля выбараў масавыя шэсьці ў Менску ды іншых гарадах. Кожную акцыю суправаджаюць аўтазакі, мікрааўтобусы, вадамёты і сілавікі ў поўнай выкладцы. Глядзім, колькі гэта каштуе.

Выкладка

Паводле падлікаў экспэрта ў бясьпецы Андрэя Сыцько, выкладка аднаго службоўца АМАПу абыходзіцца недзе ў 700–1000 даляраў (гэта ўмоўныя падлікі адпаведна інфармацыі з адкрытых крыніц).

  • Шалом — 100 даляраў
  • Шчыт — 100 даляраў
  • Бронекамізэлька — ад 200 да 500 даляраў
  • Кабура — 10-15 даляраў
  • Чахол для кайданкоў — каля 3-5 даляраў
  • Паясная папруга — ад 5 да 30 даляраў
  • Форма — каля 100 даляраў
  • Боты — ад 40 да 200 даляраў (бо ходзяць у розных)
  • Накаленьнікі — каля 80-90 даляраў

Гэта «без уліку» гранатаў, куляў і іншай зброі.

«Людзі ў аліўкавай форме носяць даражэйшыя боты, такія могуць каштаваць да 500 даляраў. Шараговы амапавец наўрад ці можа сабе такое дазволіць», — кажа Андрэй Сыцько.

У пэўных сілавікоў на апошніх акцыях экспэрты заўважылі стрэльбу «Сайга-12». У спэцыялізаваных паляўнічых крамах такая каштуе каля 1000 даляраў.

Паліва

Выдатак паліва ў МАЗа, а менавіта МАЗ робіць аўтазакі, — каля 25–30 літраў за 100 кілямэтраў. Калі нават уявіць, што за акцыю машына праяжджае палову гэтай дыстанцыі — кошт такой паездкі для адной машыны каля 15 даляраў. Агулам на буйную акцыю ў нядзелю выганяюць дзясяткі аўтазакаў.

Заўважалі на акцыях і іншыя машыны: вадамёты, бусы, вайсковыя джыпы «Ліс». Прыганяюць нават БМП и БТРы. БМП выдаткоўвае 100 літраў паліва на 100 кілямэтраў, гэта каля 40 даляраў за кожныя 50 кілямэтраў. Выдатак у джыпаў «Ліс» каля 15 літраў на 100 кілямэтраў, то бок каля 6 даляраў за 50 кілямэтраў на адну машыну.

Агулам

Выкладка 1500 супрацоўнікаў АМАПу — каля 1,5 мільёна даляраў, разам са стрэльбамі да 2 мільёнаў.

Адзін праезд тэхнікі (каля 50 аўтазакаў, да 30 бусаў, некалькі БТРаў і «Лісаў») — агулам на 50 кілямэтраў ад 2 да 3 тысяч даляраў без уліку амартызацыі. Цяперашнія заробкі АМАПу — закрытая інфармацыя, таму падлічыць, колькі ідзе на выплаты, дакладна нельга.

У адным з інтэрвію міністар МУС Юрый Караеў прызнаўся, што на «сілавікоў ідзе каля 10% бюджэту». Агулам расходы бюджэту 2020 — 25,4 мільярда рублёў. 10% — гэта 2,5 мільярда ці 970 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG