Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта самая маштабная падзея ў мастацтве», — адкрыўся шосты «Восеньскі салён»


1830 квадратных мэтраў графікі, жывапісу, фатаграфіі, скульптуры, інсталяцыяў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 209 маладых беларускіх мастакоў. 14 кастрычніка ўжо ў шосты раз у Палацы мастацтва адкрылася выстава-продаж «Восеньскі салён».

Аляксандар Зіменка
Аляксандар Зіменка

«Гэта буйны праект. Мы ня бачым шмат недзяржаўных праектаў, якія б існавалі так доўга, як наш, — шосты год. Гэта магчымасьць ня толькі паказаць свае творы, але і прапанаваць, каб аматары і нават калекцыянэры набылі іх. І гэта вельмі істотна сёлета, калі мастацтва, выяўленчае мастацтва, мастакі і ўвогуле прадстаўнікі крэатыўных індустрыяў сустрэліся зь вельмі жорсткім і цяжкім эканамічным станам». — кажа Аляксандар Зіменка, куратар карпарацыйнай калекцыі «Белгазпрамбанку», кандыдат мастацтвазнаўства, дырэктар прыватнай культурна-асьветніцкай установы «Цэнтар выяўленчага і мэдыя мастацтва „Новая культурная ініцыятыва“».

Як і кожны год, не абышлося без складанасьцяў. Менгарвыканкам не дазволіў правесьці ўрачыстае адкрыцьцё «Восеньскага салёну», патлумачыўшы рашэньне плянам барацьбы з кранавірусам. Але ў залях быў аншляг: ля кожнага твору зьбіраліся натоўпы наведнікаў.

«Мы раіліся і з Палацам мастацтва, і нашымі партнэрамі, ці варта ўвогуле ў такі складаны час ладзіць імпрэзу. З тых зваротаў, якія былі ў сацыяльных мэдыя і да нас асабіста, мы зразумелі, што вельмі шмат людзей зацікаўленыя, ім бракуе вось такіх культурных падзеяў. Для некаторых гэта стала добрай звычкай — кожны кастрычнік прыходзіць да нас на „Восеньскі салён“. Прыемна, але я хацеў бы бачыць больш людзей у масках (мэдычных. — РС) сёньня». — кажа Аляксандар Зіменка.

«На выставу трэба прыйсьці, каб набрацца сілаў»

Дар’я Семчук (Цемра)
Дар’я Семчук (Цемра)

«Гэта самая маштабная падзея ў галіне мастацтва, найбольшая экспазыцыя, найбольшы рэзананс. Мне падабаецца, што тут вялікая канцэнтрацыя працаў, ты можаш нешта падсумаваць. Гэта не раскідана па ўсім горадзе ці па ўсёй краіне, а яно ўсё тут, такое магутнае. Гэта беларускі конкурс, самы галоўны, і ў ім абавязкова трэба ўдзельнічаць». — кажа мастачка Цемра, яна ж Дар’я Сямчук.

Працы Цемры зробленыя на тэму апошніх падзеяў у краіне.

«Гэта трэба ўсьвядоміць, каб склалася ўся карцінка, сёньня мы дзейнічаем тут і цяпер, — кажа Дар’я. — На выставу трэба прыйсьці, каб набрацца сілаў. Мастакі і так адрываюцца ад рэальнасьці, каб зрабіць нешта займальнае і ўражальнае. Уявіце, колькі тут паказана працаў, і ўсё адарвана ад штодзённасьці. У цябе мазгавая актыўнасьць будзе працаваць так, што будзе неймаверна цікава».

«Прапускаю празь сябе падзеі ў нашай краіне і стараюся рэагаваць»

«Натхненьне — працэс некантраляваны, каб нешта ўразіла, трэба хадзіць па горадзе, не сядзець на канапе, — кажа мастак Аляксандар Бельскі. — Усе мы суперажываем нейкім падзеям, гэта звычайна і натхняе на працы. Мы заўсёды знаходзімся ў працэсе дзеяньня, мы заўсёды ўдзельнікі».

Аляксандар Бельскі побач з сваім творам «Партрэт чыноўніка»
Аляксандар Бельскі побач з сваім творам «Партрэт чыноўніка»

Сёлета Аляксандар ў «Восеньскім салёне» удзельнічае апошні раз, бо падышла мяжа ўзросту.

«Было б неяк няёмка апошні раз ня выставіцца там, дзе шмат людзей, публікі, бо для мастака заўсёды важны кантакт з аўдыторыяй, а толькі калі мы выстаўляемся, мы маем такую аддачу, — тлумачыць мастак. — Я прапускаю празь сябе падзеі ў нашай краіне і стараюся неяк рэагаваць у мастацкай форме».

«Цяпер нашыя грамадзяне ў стрэсе»

«Мастацтва цяпер можна глядзець, пашыраць, нават ствараць у віртуальнай прасторы. Але ж тым яно цікавейшае, калі вы бачыце арыгінал, — дадае Аляксандар Зіменка. — Цяпер нашыя грамадзяне ў стрэсе, а гэта магчымасьць ня проста фізычнага адпачынку. Мы паспрабавалі паказаць цэлы спэктар беларускіх мастакоў, і спадзяюся, як бы гэта ні гучала банальна, што кожны наведнік знойдзе для сябе цікавы твор».

Кожную з працаў можна набыць, а частка атрыманых сродкаў пойдзе на дапамогу дабрачынным арганізацыям. «Восеньскі салён» працягнецца да 8 лістапада, экспазыцыю можна ўбачыць штодзень у Палацы мастацтва. Арганізатары просяць клапаціцца пра сябе і іншых наведнікаў і надзяваць маскі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG