Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус у Эўропе. Камэнданцкая гадзіна ў Францыі, абмежавальныя захады ў Чэхіі і Нідэрляндах


Ілюстрацыйнае фота

Ува ўсёй Эўропе ўрады ўводзяць паўторныя абмежаваньні, спрабуючы супрацьстаяць росту захворваньняў.

Францыя ўводзіць камэнданцкую гадзіну — у рамках барацьбы з другой хваляй каранавірусу. У сераду там было пацьверджана амаль 23 тысячы новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.

Прэзыдэнт краіны Эманюэль Макрон абвясьціў, што жыхары не павінны выходзіць на вуліцу, пачынаючы зь дзевяці гадзін вечара і да шостай раніцы. Рашэньне закранае Парыж і яшчэ 8 гарадоў, дзе трэба стрымаць хуткае распаўсюджваньне інфэкцыі COVID-19. Гэта Марсэль, Ліён, Ліль, Сэнт-Эцьен, Руан, Тулюза, Грэнобль і Манпэлье, адзначае BBC.

Камэнданцкая гадзіна пачне дзейнічаць з суботы. Пакуль гэта разьлічана на чатыры тыдні. Адначасова ўводзіцца рэжым надзвычайнай сытуацыі ў галіне аховы здароўя. Школы пры гэтым застануцца адкрытымі. Па рэгіёнах можна езьдзіць у сьветлую пару дня.

Моцныя абмежаваньні набылі моц у Нідэрляндах, дзе закрытыя кавярні, бары і рэстараны, яны змогуць працаваць толькі на вынас.

Каталёнія (Гішпанія) таксама закрывае бары і рэстараны на два тыдні, пачынаючы з чацьвярга 15 кастрычніка.

У Чэхіі, дзе за апошнія два тыдні зарэгістравана найбольш заражэньняў на 100 тысяч чалавек насельніцтва, зь серады школьнікаў перавялі на дыстанцыйнае навучаньне. Бары і рэстараны таксама закрылі. Тэмпы распаўсюджваньня каранавірусу паскараюцца ў Чэхіі з пачатку верасьня.

Нямецкая канцлер Ангела Мэркель абвясьціла, што бары і рэстараны ў раёнах з дрэннай эпідэмічнай сытуацыяй мусяць закрывацца ў 23:00. У Нямеччыне ўпершыню з красавіка зарэгістравана больш за 5 тысяч новых заражэньняў за дзень.

У Эўропе зараз дзённы прырост заражэньняў складае каля ста тысяч. Высокія паказьнікі, акрамя Чэхіі і Францыі, фіксуюць у Італіі, Швайцарыі, Расеі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG