Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што за тэлефоны прадаюць у краме канфіскату, якая належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта?


Крама «Канфіскат» у Менску

У краме «Канфіскат» у Менску выставілі на продаж дзясяткі мабільных тэлефонаў, многія зь якіх пашкоджаныя. У сеціве выказваюцца меркаваньні, што гэта тэлефоны ўдзельнікаў акцыяў пратэсту.

Што гэта за тэлефоны?

Паводле супрацоўнікаў крамы, якая належыць кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, мабільныя тэлефоны да іх паступаюць увесь час, а апошнія паступленьні былі ў мінулым месяцы.

«Мы непасрэдна не кантактуем з тымі, хто перадае нам тавар, я атрымліваю тавар па нашай унутранай накладной, як звычайныя прамысловыя тавары. Яны паступаюць з нашага склада», — кажа загадчыца крамы Натальля. — Калі вы хочаце падвесьці рысу, што гэта неяк зьвязана з апошнімі падзеямі ў краіне, то гэта ніяк не зьвязана. Гэта доўгі працэс: вопіс, захоўваньне, ацэнка, перадача. Працэдура займае да некалькіх месяцаў».

Загадчыца крамы кажа, што калі ў людзей забіраюць маёмасьць, то яны часам разьбіваюць тэлефон, каб той нікому не дасталіся і каб зьнішчыць інфармацыю ў ім.

Ва ўпраўленьні па Менску і Менскай вобласьці дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва спраў прэзыдэнта сказалі, што тэлефоны паступаюць з розных упаўнаважаных органаў, сярод якіх МУС, органы прымусовага выкананьня.

«Зь якім гэта зьвязана парушэньнем, трэба падымаць і глядзець кожную справу. Тэлефоны ў нас увесь час паступаюць, гэта не зьвязана зь нейкімі канкрэтнымі падзеямі. Іх ня стала больш, як звычайна», — сказала супрацоўніца кіраўніцтва.

Яна не патлумачыла, чаму сярод тавараў так шмат пашкоджаных тэлефонаў.

У сеціве выказваюцца меркаваньні, што мабільныя тэлефоны, якія забіралі ў некаторых дэманстрантаў, могуць трапіць у сетку канфіскату.

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка расказаў пра выпадкі, калі тэлефоны забіралі, іх разьбівалі сілавікі і не вярталі потым гаспадарам. Некаторыя затрыманыя заяўлялі праваабаронцам, што ў іх тэлефоны забіралі, апісвалі, але знайсьці іх было немагчыма, бо на іх не выдаваліся ніякія дакумэнты.

«У некаторых тэлефоны забіралі на Акрэсьціна, і калі людзей выпускалі пасьля зьбіцьця, яны туды не вярталіся. У некага тэлефоны разьбівалі выпадкова падчас зьбіцьця. Некаторыя заяўлялі, што тэлефон сілавікі разьбівалі ў іх на вачах, калі не маглі яго адкрыць, і выкідалі проста недзе ўбок. Некаторыя кажуць, што такое адбывалася і ў памяшканьні РУУС. Адзін казаў, што нейкая дама ў пастарунку разьбіла тэлефон на вачах і даламала яго, згінаючы рукамі».

Паводле Паўла Сапелкі, некаторыя дэманстранты паведамлялі, што ў іх падчас затрыманьня супрацоўнікі таксама пазабіралі без усялякага афармленьня дарагія навушнікі, відэакамэру і іншыя рэчы. Праваабаронца назваў такія дзеяньні непрацэсуальнымі і незаконнымі.

Для таго каб пачынаць працэсы па вяртаньні гэтых рэчаў, трэба высьветліць, ці захаваліся дакумэнты аб іх канфіскацыі.

«Калі ў адміністрацыйных справах захаваліся пратаколы пра гэта, магчыма, некаму выдалі копію пратакола, — гэта павялічвае шанец на вяртаньне рэчаў. Калі ў некага такіх доказаў і пацьвярджэньняў няма, то гэта істотна зьмяншае шанцы».

Паводле Паўла Сапелкі, сілавікі ня маюць права патрабаваць, каб затрыманы разблякаваў свой тэлефон.

«Папрасіць могуць, але дакладна не запатрабаваць і тым больш разьбіваць яго ці зьбіваць чалавека за тое, што ён не разблякаваў. Адзіны законны спосаб для агляду тэлефона замацаваны ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе і Выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Гэта павінна рабіцца ў пэўнай працэсуальнай форме».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG