Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад ідэалягічных формаў да ўжываньня зброі». Сьледам за МУС расстрэлам пратэстоўцаў прыгразіў сацыёляг 


Сілавік пагражае зброяй жанчыне падчас пратэставага мітынгу, Менск, 11 кастрычніка

Выхады людзей набылі радыкальны характар, што з падачы «замежных куратараў» можа прывесьці да фармаваньня экстрэмісцкіх груповак, цытуе БелТА загадчыка аддзелу Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі Мікалая Шчокіна.

Сацыёляг назваў «своечасовай і абгрунтаванай» заяву першага намесьніка міністра ўнутраных справаў Генадзя Казакевіча, які напярэдадні паабяцаў: сілавікі ня сыдуць з вуліц і пры неабходнасьці будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю.

«Сама лёгіка разьвіцьця падзеяў вядзе да таго, што калі не спыніць жорсткімі мерамі гэтыя праявы, можам атрымаць другі клон „Правага сэктару“, і тады будзе разыграная іншая карта — з захопам улады ў рэгіёнах. Таму варта прымаць комплекс мер — ад ідэалягічных формаў (адукацыйных і асьветніцкіх) да больш жорсткіх з ужываньнем спэцсродкаў і зброі. Галоўная мэта — захаваньне дзяржавы і забесьпячэньне міру і спакою. Толькі ў стабільным грамадзтве і пры захаваньні інстытуцыйных асноваў дзяржаўнасьці можна весьці дыялёг і рухацца наперад», — адзначыў Шчокін.

Раней адзін з кіраўнікоў МУС Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што Беларусь спрабуюць «уцягнуць у хаос 1990-х, прымусіць прайсьці сумны шлях рэспублік, якія перажылі каляровыя рэвалюцыі».

Сілавік прыгразіў ад імя ведамства, што супрацоўнікі органаў унутраных справаў і ўнутраных войскаў у разе неабходнасьці будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG