Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускую апазыцыю ўключылі ў фінальны сьпіс на прэмію Сахарава


Андрэй Сахараў

У канчатковы сьпіс, акрамя беларускай апазыцыі, увайшлі архібіскуп ірацкага гораду Масул Наджыб Міхаэль Муса, а таксама група экалягічных актывістаў з Гандурасу.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Дэпутаты камітэтаў замежных справаў і разьвіцьця Эўрапейскага парлямэнту сумесным галасаваньнем вызначылі кароткі сьпіс прэміі «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава за 2020 год. Пра гэта паведаміла сёньня прэсавая служба Эўрапарлямэнту.

Як адзначаецца ў паведамленьні, у канчатковы сьпіс намінантаў увайшлі: «Дэмакратычная апазыцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнай Радай, ініцыятывай адважных жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасьці», архібіскуп ірацкага Масулу Наджыб Міхаэль Муса, а таксама група экалягічных актывістаў з Гандурасу.

Ляўрэата прэміі абярэ прэзыдыюм Эўрапарлямэнту, у які ўваходзяць сьпікер і старшыні ўсіх сямі фракцыяў. Цырымонія ўручэньня пройдзе ў Страсбургу 16 сьнежня.

Прэмія «За свабоду думкі», названая ў гонар савецкага фізыка і праваабаронцы Андрэя Сахарава, заснаваная ў Эўрапейскім парлямэнце ў 1988 годзе, яе прысуджаюць людзям або грамадзкім арганізацыям, якія вызначыліся ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Памер прэміі складае 50 тысяч эўраў. У 2017 годзе прэмію атрымала дэмакратычная апазыцыя Вэнэсуэлы, у 2018 годзе — украінскі кінарэжысэр Алег Сянцоў, які ў той час знаходзіўся ў расейскай турме. У 2019 годзе прэміяй уганараваны кітайска-уйгурскі эканаміст і праваабаронца Ільхам Тахці, які адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне ў КНР.

У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006 годзе — беларускі палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG