Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастка Карабаху. Як перапляліся інтарэсы розных краін у канфлікце Баку і Ерэвану


Дасягнутае ў канцы мінулага тыдня пры пасярэдніцтве Расеі замірэньне ў самаабвешчаным Нагорным Карабаху, мяркуючы з заяваў абодвух бакоў канфлікту, не прывяло да спыненьня баявых дзеяньняў. Армэнія і Азэрбайджан абвінавачваюць адно аднаго ў нанясеньні артылерыйскіх і ракетных удараў, у тым ліку па цывільных абʼектах, і ў забойстве мірных жыхароў.

Лідэры абедзьвюх краін зьвяртаюцца да сусьветнай супольнасьці з заклікамі аб падтрымцы, пры гэтым галоўным хаўрусьнікам Азэрбайджану стала Турэччына. Бакі канфлікту пагадзіліся аднавіць «зьмястоўныя» перамовы аб урэгуляваньні канфлікту пад эгідай Менскай групы АБСЭ, аднак калі такія перамовы могуць адбыцца — незразумела.

Армэнія традыцыйна шукае дапамогі ў Маскве. Аднак 4 кастрычніка — праз тыдзень пасьля пачатку баёў на лініі падзелу — газэта New York Times апублікавала вытрымкі з інтэрвію з прэмʼер-міністрам Армэніі Ніколам Пашыньянам, у якім ён, у сутнасьці, зьвярнуўся да прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: спыніце Турэччыну!

Паводле зьвестак газэты, з такой заявай ён зьвярнуўся да дарадцы Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Робэрта ОʼБраена. ОʼБраен нібыта паабяцаў Пашыньяну арганізаваць тэлефонную размову з Трампам. Застаецца фактам: Белы дом пакуль даволі стрымана адрэагаваў на ваенныя дзеяньні ў Карабаху.

Рэакцыю ў ЗША на канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам, яго магчымае разьвіцьцё і становішча, у якое новая вайна ў Карабаху паставіла Расею, Радыё Свабода абмеркавала з прафэсарам Гарадзкога ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку Раджанам Мэнанам і вайсковым экспэртам, супрацоўнікам дасьледчай карпарацыі CNA Майклам Кофманам.

Гэта поўнамаштабная вайна, — тлумачыць Раджан Мэнан. — Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў кажа, што ўмова ўрэгуляваньня — сыход армян з азэрбайджанскіх тэрыторыяў, якія ў іх пад кантролем. Незразумела, што ён мае на ўвазе: тэрыторыю Нагорнага Карабаху або тэрыторыі, прылеглыя да яго, якія армянскія сілы захапілі да 1994 году. Гэтыя сем раёнаў — буфэрная зона, якая злучае Карабах з Армэніяй.

Калі нават ідзецца пра сем раёнаў, то такое патрабаваньне стварае гіганцкую праблему. Да 1994 году, калі ў выніку ваеннай кампаніі пачатку 1990-х гадоў адбылося разьмежаваньне, пераважную большасьць насельніцтва там складалі азэрбайджанцы і курды. Яны пакінулі гэтыя тэрыторыі, гэта больш за 600 тысяч уцекачоў. З тых часоў там жывуць армяне, якія перасяліліся зь іншых месцаў. З часу заканчэньня вайны там вырасла новае пакаленьне. Іншымі словамі, нават выкананьне мінімальнага патрабаваньня Азэрбайджану будзе вельмі цяжкім для армянскага боку, ня кажучы пра тое, што ў 2006 годзе ў Канстытуцыі Нагорнага Карабаху гэтыя раёны абвешчаныя часткай Карабаху.

— Як вы мяркуеце, наколькі сурʼёзна настроены Аліеў?

— У кожным разе ён паставіў сябе ў цяжкае становішча, публічна запатрабаваўшы вяртаньня тэрыторыяў як умовы спыненьня агню. Іншымі словамі, ён фактычна патрабуе ад армян капітуляцыі. Мабыць, Аліеў робіць стаўку на безумоўную падтрымку Анкары і на баяздольнасьць свайго войска, якая значна ўзмацнілася за апошнія 10–15 гадоў. Чакаць згоды на такія ўмовы ад Армэніі не выпадае. То бок у Аліева зараз нялёгкі выбар: альбо адмовіцца ад патрабаваньняў, альбо працягваць вайну нягледзячы на тое, што яе хада можа павярнуцца ў неспрыяльны для яго бок.

— Што можна сказаць пра гульню, якую вядзе Эрдаган? Вы лічыце, ён сапраўды гатовы падтрымліваць Баку ў гэтай вайне да пераможнага канца?

Сустрэча прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана зь міністрамі замежных справаў і абароны Азэрбайджану Байрамавым і Гасанавым, 11 жніўня 2020
Сустрэча прэзыдэнта Турэччыны Эрдагана зь міністрамі замежных справаў і абароны Азэрбайджану Байрамавым і Гасанавым, 11 жніўня 2020

— Эрдаган — турэцкі нацыяналіст, зразумела, што ён гатовы ўсімі спосабамі мацаваць уплыў Турэччыны ў суседніх краінах. Але ў гэтай сытуацыі ён ня можа ня браць пад увагу, што Масква не дапусьціць паразы ў вайне сваёй дзяржавы-кліента Армэніі. На тэрыторыі Армэніі знаходзіцца расейская вайсковая база, гэта стратэгічна важны для Крамля рэгіён, Расея лічыць абедзьве краіны зонай сваіх інтарэсаў. Параза Армэніі ў Карабаху можа прывесьці да непрадказальных палітычных узрушэньняў для самой Армэніі. Расеі гэта зусім ня трэба. Я думаю, што ў яе інтарэсах захаваньне статус-кво, пры якім Нагорны Карабах і навакольныя раёны застаюцца пад кантролем армянскага боку. Цяжка ўявіць, якую выгаду Расея можа атрымаць у выпадку перамогі Азэрбайджану. Мала таго, ня будзем забываць, што Масква ўжо мае досьвед супрацьстаяньня Турэччыне — у Сырыі і Лібіі. Так што гэта ўжо трэцяя пляцоўка, на якой яны падтрымліваюць варожыя бакі.

— Ці можа Масква апынуцца ў пастцы ў выніку такой гульні Эрдагана, калі ёй давядзецца ўвязацца ў вайну на баку Армэніі, што прадугледжвае абарончы хаўрус дзьвюх дзяржаваў? Хоць Крэмль, вядома, кажа, што ягоныя абавязаньні ня тычацца абароны Карабаху?

— Не, я так ня думаю, хутчэй наадварот, бо ў Расеі, калі Крэмль палічыць неабходным, ёсьць шмат магчымасьцяў ціску на Азэрбайджан. Праблема Пуціна палягае ў тым, што ён зацікаўлены ў падтрыманьні добрых адносінаў з Баку, у стварэньні так званага энэргетычнага калідору «Поўнач — Поўдзень», ён ня мае жаданьня ўносіць разлад у адносіны з Аліевым. Але Аліеў настойвае, што статус-кво нічога не дазваляе. Пуцін, без сумневу, апынуўся ў далікатнай сытуацыі, яму патрабуецца прадэманстраваць армянскім хаўрусьнікам, што ён на іхным баку, але ў іх няма карт-блянш на вядзеньне бясконцага канфлікту. Паколькі Азэрбайджан, мяркуючы з усяго, добра падрыхтаваўся да гэтага наступу, да таго часу, пакуль ён верыць у сваю перавагу, у магчымасьць узяць верх, мы ня ўбачым трывалага замірэньня. Гэта наўрад ці адбудзецца неўзабаве.

— То бок вы лічыце, што гэта завязка поўнамаштабнай вайны?

— Без сумневу. Мы былі сьведкамі кровапралітнай вайны на пачатку 90-х гадоў, падчас якой загінула вельмі шмат людзей. Вяртаньне Нагорнага Карабаху стала нарожным каменем азэрбайджанскага патрыятызму: страчаныя тэрыторыі, краіна — ахвяра гістарычнай несправядлівасьці. Усё гэта важна, і Аліеў падняў плянку ў гэтым канфлікце так высока, што адступіць яму будзе нялёгка.

Зь іншага боку, я далёка ня ўпэўнены, што Турэччына будзе падтрымліваць Аліева безумоўна, калі, скажам, гэта прывядзе да простага ўмяшаньня Расеі ў канфлікт. Эрдаган, пры ўсёй яго імпульсіўнасьці і звычцы да драматычных крокаў, ня схільны да суіцыду. Прыгадаем, як ён хутка патэлефанаваў Пуціну, папрасіў прабачэньня і зрабіў усё, каб аднавіць адносіны з Расеяй пасьля таго, як туркі зьбілі расейскі вайсковы самалёт. На мой погляд, ні Расея, ні Турэччына ня хочуць ваяваць адна з адной, аднак сытуацыя можа выйсьці з-пад кантролю і дыктаваць паводзіны ўсіх бакоў.

— Як вы тлумачыце вельмі стрыманую рэакцыю Вашынгтону на аднаўленьне ваенных дзеяньняў, нягледзячы на тэлефонную размову Пашыньяна з дарадцам прэзыдэнта Трампа ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі?

— Сапраўды, зь Белага дому прагучалі хутчэй агульныя словы. Гэта зразумела з увагі на палітычную сытуацыю ў Злучаных Штатах, перадвыбарчую барацьбу, пандэмію каранавірусу. У такім становішчы цяжка разьлічваць на асаблівую ўвагу да карабаскага канфлікту. Вядома, Злучаныя Штаты не застаюцца абыякавымі. Намесьнік дзяржаўнага сакратара Стыў Бігэн гаварыў зь міністрамі замежных справаў Армэніі і Азэрбайджану, настойваў на тым, што канфлікт нельга вырашыць ваенным шляхам. У Кангрэс была прадстаўленая рэзалюцыя з асуджэньнем дзеяньняў Азэрбайджану і Турэччыны. Але я думаю, што сытуацыя павінна сурʼёзна абвастрыцца і несьці відавочную рэгіянальную пагрозу для таго, каб праблема стала прыярытэтнай для Белага дому, — кажа Раджан Мэнан.

Што сёньня вядома пра хаду канфлікту?

— Большая частка крыніц у асноўным займаюцца прапагандай, — кажа Майкл Кофман. — Яны паказваюць розныя відэа, кожны спрабуе выставіць свой бок як пераможцу, даваць інфармацыю, што іншы бок нясе калясальныя страты. Таму вельмі цяжка займець нейкае агульнае ўяўленьне пра сытуацыю з афіцыйных рэсурсаў, СМІ. Азэрбайджан пачаў буйнамаштабны наступ на ўсёй лініі датычнасьці паміж сваімі ўзброенымі сіламі і сіламі Карабаху, але ў асноўным гэта армянская армія. Баі разгарнуліся на поўдні — гэта раён Азэрбайджану, які даўно кантралюе армія Армэніі, Карабаху, — і яшчэ ў паўночнай частцы Нагорнага Карабаху. Пасьля першага тыдня абодва бакі пачалі больш інтэнсіўна выкарыстоўваць артылерыю, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, дроны, авіяцыю. Зона баявых дзеяньняў, як відаць, пашырылася ў глыбіню Нагорнага Карабаху, Армэнія наносіла ўдары па гарадах Азэрбайджану.

— Гэта пазыцыйная вайна, што быццам бы вынікае з паведамленьняў карэспандэнтаў?

— Не, азэрбайджанцы пачалі буйны наступ танкамі і пяхотай, яны захапілі частку паўднёвых раёнаў. Там было лягчэй ім рушыць наперад, таму што гэтая частка тэрыторыі ня горная. Яшчэ, наколькі я разумею, яны спрабуюць прасунуцца і на поўначы. Спрэчнае пытаньне, ці змаглі азэрбайджанцы захапіць некалькі вёсак, ці не. Гэта не пазыцыйная вайна.

— Ці можна меркаваць, зыходзячы хоць бы зь фінансавых і эканамічных магчымасьцяў бакоў, што Азэрбайджан мае перавагу ў гэтым канфлікце?

Паводле Міністэрства абароны Армэніі, гэта фота зьбітага азэрбайджанскага дрона
Паводле Міністэрства абароны Армэніі, гэта фота зьбітага азэрбайджанскага дрона

— Так, Азэрбайджан мае перавагі ў колькасьці і якасьці ўзбраеньняў. У Азэрбайджану большыя эканамічныя рэсурсы. Нягледзячы на тое, што цяпер становішча ў эканоміцы Азэрбайджану складаецца не найлепшым чынам, яны за многія гады закупілі вялікую колькасьць панцырнай тэхнікі, бесьпілётнай авіяцыі, артылерыі, ракетных сыстэмаў і гэтак далей. І яшчэ яны маюць адкрытую падтрымку Турэччыны. І ня проста палітычную падтрымку, як раней, але гэтым разам ужо вайсковую. Турэччына нават не ўяўляе сябе ў ролі міратворцы ў гэтым канфлікце.

— Як вы думаеце, што можа прадвызначыць посьпех у гэтым канфлікце? Якасьць, колькасьць узбраеньняў, падрыхтоўка арміі, баявы дух, іншыя фактары?

— Боегатоўнасьць, баявы досьвед, хто змагаецца за што — гэта, хутчэй за ўсё, стане ўрэшце вырашальным. Я думаю, што за ўсе тэрыторыі, якія Азэрбайджан зможа вярнуць пад свой кантроль, ён дорага заплаціць. Баку пасьпяхова вядзе паветраныя баі, у асноўным выкарыстоўваючы бесьпілётныя лятучыя апараты. Азэрбайджан закупіў шмат тэхнікі ў Ізраілю і Турэччыны, пасьпяхова зьнішчае армянскія сыстэмы СПА, танкі і гэтак далей. Ключавой стане перавага ў баявой бесьпілётнай авіяцыі.

— Чым на гэта можа адказаць армянскі бок?

— Зразумела, што ў іх больш састарэлай тэхнікі, але абараняць горныя раёны лягчэй, чым весьці там наступ. Усё ж такі армяне маюць артылерыю, рэактыўныя сыстэмы залпавага агню. Нельга недаацэньваць армію Армэніі.

— Вы і іншыя аналітыкі кажаце, што Армэнія прыкметна саступае Азэрбайджану ў зброі новага пакаленьня — у бесьпілётніках, напрыклад. Гэта быў няправільны выбар Ерэвану?

— Яны маюць свае бесьпілётнікі, але вельмі простыя. Гэтыя бесьпілётнікі ў асноўным сабраныя ў Армэніі. Маюць авіяцыю, самалёты больш-менш мадэрнізаваныя, набытыя ў Расеі: Су-25, ёсьць некалькі Су-30CM. Я думаю, у іх вялікая праблема з СПА: сыстэмы састарэлі і тэхнічна, і маральна, яны ня могуць эфэктыўна змагацца з нападам розных відаў бесьпілётнай авіяцыі. Звычайна лічыцца, што авіяцыя — гэта дарагая прыемнасьць. Авіяцыя, якую можна выкарыстоўваць у такім канфлікце на больш маштабным узроўні, усё ж такі даступная толькі рэгіянальным звышдзяржавам. Бесьпілётныя апараты дазваляюць меншым краінам, такім, як Азэрбайджан і Армэнія, стварыць уласную баявую авіяцыю, якая абыходзіцца нашмат таньней, але, нягледзячы на гэта, вельмі эфэктыўная.

Азэрбайджанскія супрацьпаветраныя комплексы С-300 на парадзе ў Баку, 2011
Азэрбайджанскія супрацьпаветраныя комплексы С-300 на парадзе ў Баку, 2011

— Пры гэтым Расея з гатоўнасьцю прадае ўзбраеньні і Азэрбайджану. Напрыклад, зэнітныя комплексы С-300, якія, як можна меркаваць, купляліся з улікам канфлікту з Армэніяй?

— Так, Азэрбайджан мае сыстэмы С-300, і Армэнія мае старыя сыстэмы С-300 таксама. У абедзьвюх краін ёсьць апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы, але ў Азэрбайджану іх нашмат больш. Абедзьве краіны могуць адна адну «дастаць», яны могуць выкарыстоўваць гэтыя комплексы супраць паселішчаў па абодва бакі. Абодва бакі могуць выкарыстоўваць свае ўзбраеньні супраць буйных паселішчаў не ў Нагорным Карабаху і ня ўздоўж лініі датычнасьці, а весьці баявыя дзеяньні ў глыбіні тэрыторыі праціўніка.

— Вы кажаце, што сурʼёзны канфлікт пачаўся з маштабнага наступу азэрбайджанскай арміі. І, наколькі я разумею, у амэрыканскай экспэртнай супольнасьці пераважае думка, што прычынай канфлікту сталі дзеяньні Азэрбайджану, нягледзячы на тое, што абодва бакі вінавацяць адно аднаго?

— Зразумела, што гэта загадзя падрыхтаваная апэрацыя Азэрбайджану, што яны гэта плянавалі некалькі месяцаў. Быў усплёск канфлікту ў чэрвені. Баі, якія тады ішлі, разгортваліся не ў Нагорным Карабаху, а якраз на мяжы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Тады ўжо было ясна, што сытуацыя напружылася. Пасьля гэтага прайшлі вайсковыя вучэньні Азэрбайджану і Турэччыны, Турэччына перакінула некалькі F-16 у Азэрбайджан. І апошнія некалькі тыдняў да пачатку гэтага канфлікту адчувалася, што пачалася падрыхтоўка ў Азэрбайджане, яны зьбіралі рэзэрвы і гэтак далей. Я ня думаю, што пачатак баявых дзеяньняў з боку Азэрбайджану стаў вялікім сюрпрызам для Армэніі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG