Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адкуль у беларускіх жанчын гэтулькі сілы і высакароднасьці?» — што кажа аўтар знакавага фота з «Маршу гонару»


Тое самае «віруснае» фота з «Маршу гонару» 11 кастрычніка
Тое самае «віруснае» фота з «Маршу гонару» 11 кастрычніка

Свабода пагаварыла з аўтарам самага «віруснага» фота з «Маршу гонару», дзе сілавік наводзіць буйнакалібэрную стрэльбу на жанчыну з парасонам.

«Я не пасьпеў зьняць, як мужчына ўстаў, расставіў рукі і кажа: «Давай, страляй!»

Падзеі на фатаздымку адбываліся 11 кастрычніка каля «Кароны» на Кальварыйскай. Аляксандар ішоў разам з калёнай па вуліцы Гарадзкі Вал, далей людзі выйшлі на Кальварыйскую. Прыехаў вадамёт, які заблякавалі кіроўцы машын.

«З машыны сілавікоў, падобнай да амэрыканскага джыпу, што суправаджала вадамёт, выскачылі хлопцы са зброяй і пачалі адганяць машыны. Да іх падышлі людзі, спрабавалі размаўляць. Байцы вельмі агрэсіўна пачалі „тыцкаць“ зброяй.

Я не пасьпеў зьняць, як мужчына ўстаў, расставіў рукі і кажа: „Давай, страляй!“ Потым падышла тая самая жанчына, што на здымку. Баец перавёў стрэльбу на жанчыну, бо яны, мабыць, падумалі, што народ зноў пачне разьбіраць на запчасткі вадамёт. Яшчэ адзін баец бегаў з шокерам, пагражаў людзям. Потым машыны разьехаліся. Праехаў аўтазак, байцы селі ў свой джып, а вадамёт пачаў паліваць людзей», — узгадвае Аляксандар.

«Той чалавек стрэліў у паветра. Мяркую, гэта ад страху»

Яшчэ адна сьведка інцыдэнту Антаніна расказвае, што ўсё адбылося вельмі хутка. Сілавік выйшаў «расчышчаць дарогу» вадамёту.

«Мне наагул спачатку здалося, што сілавік навёў стрэльбу на мужчыну, які спрабаваў спакойна казаць, маўляў, „навошта вы дасталі зброю?“ А потым гэты мужчына эмацыйна казаў: „Страляй! Што, заб’еш мяне?“

Але адзін важны момант хачу заўважыць: акрамя гэтага чалавека з стрэльбай, быў яшчэ адзін з траўматычным пісталетам, які ён наставіў на мужчыну. А той чалавек з стрэльбай урэшце стрэліў у паветра. Мяркую, усё гэта ад страху», — апавядае жанчына.

За здымкі на Жаночым маршы адседзеў 8 дзён

Аляксандар Зянковіч раней называў сябе «вулічным фатографам». Цяпер здымае ўсе акцыі пратэсту.

Аляксандар Зянковіч
Аляксандар Зянковіч

«Калі пачаліся такія падзеі ў краіне, усё астатняе стала нецікава. Цяпер здымаю дакумэнтальнае фота — пакуль для сябе, выстаўляю ў сацыяльных сетках. Я лічу, што зараз трэба ўсё дакумэнтаваць. Людзі павінны выходзіць на маршы са сьцягам, з транспарантам і з фотаапаратам. Бо журналістаў пачалі забіраць, а дакумэнтальныя сьведчаньні мусяць захавацца. Мне здаецца, рэжым баіцца, што гэтыя сьведчаньні разыходзяцца», — сказаў Аляксандар.

Аляксандар Зянковіч здымаў практычна на ўсіх Жаночых маршах. 19 верасьня затрыманы на скрыжаваньні Якуба Коласа і Сурганава, дзе заблякавалі і забралі ў пастарункі каля 300 жанчын. Яго таксама тады затрымалі і асудзілі на 8 дзён арышту.

«Жанчыны нашы фантастычныя! Я здымаў на ўсіх Жаночых маршах. Я проста ў захапленьні ад жанчын! Нават азадачаны — адкуль у жанчынах гэтулькі сілы, храбрасьці, высакароднасьці? Калі іх прыціснулі да будынку на скрыжаваньні вуліц Якуба Коласа і Сурганава, зь якой годнасьцю яны трымаліся: глядзяць на амапаўцаў ва ўпор з агідаю. А ў вачах няма страху, а столькі годнасьці!» — захапляецца беларускімі жанчынамі Аляксандар.

Што да адседкі ў Жодзіне, кажа, што калі ехалі туды, нават радаваліся, бо ў Жодзіне нібыта ня б’юць, кормяць лепш, пасьцель чыстая, выводзяць на прагулянкі.

«А гэтым разам там быў кашмар! З нас зьдзекаваліся, не выводзілі, кармілі жахліва. Ды яшчэ мяне моцна пабілі ў Жодзіне. Я зафіксаваў пабіцьцё. Напісаў некалькі скаргаў — проста так гэтага не пакіну», — кажа ён. На думку Аляксандра, не такія страшныя «суткі»: жартуе, што прачытаў там столькі кніг, колькі звычайна чытае за год.

«Але я працую і на асноўнай працы незаменны. 8 дзён калегі пратрымаліся бязь мяне, неяк абышліся, а за паўторнае затрыманьне даюць ужо 20 дзён. А за 20 дзён праца спыніцца, людзі без заробку застануцца. Хоць калегі мяне падтрымліваюць і разумеюць», — расказаў Аляксандар Зянковіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG