Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рок за жыццё». Беларускія зоркі выступілі на канцэрце супраць сьмяротнага пакараньня. ВІДЭА


Фэстываль «Рок за жыцьцё. Музыкі за ўвядзеньне мараторыя на сьмяротнае пакараньне» сёлета прайшоў у онлайн-фармаце ў Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня — 10 кастрычніка.

На адной сцэне выступілі топавыя беларускія гурты і выканаўцы: NIZKIZ, «Дай Дарогу!», «Петля Пристрастия», Лера Яскевіч, Уладзімер Пугач, TorBand і «Разбітае Сэрца Пацана».

У госьці на канцэрт завіталі праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Андрэй Палуда, спартоўка Аляксандра Герасіменя, паэт Андрэй Хадановіч, амбасадар Швайцарыі Клод Альтэрмат і іншыя.

Фэстываль «Рок за жыцьцё» праходзіць ужо ў пяты раз у межах Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Сёлета — пад слоганам «Сьмяротнае пакараньне — элемэнт сыстэмы гвалту».

Па словах каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэя Палуды, сьмяротнае пакараньне зьяўляецца элемэнтам «цэлай сыстэмы гвалту, якая існуе ў Беларусі».

«Гвалтам прасякнута ўсё грамадзтва і ўся краіна. Тое, што адбылося 9–11 жніўня і ў пэўнай ступені працягваецца цяпер, заканамерна. Мы ўвесь час казалі і кажам да гэтага часу, што гэта фармавалася на працягу многіх гадоў, дзесяцігодзьдзяў. Сьмяротнае пакараньне — гэта савецкая спадчына. Сыстэма зьнішчэньня ў чалавеку самога чалавека, зьнішчэньня гуманітарнага падыходу захавалася з тых часоў», — сказаў каардынатар абаліцыянісцкай кампаніі.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе працягваюць прымяняць сьмяротнае пакараньне. За апошнія 20 гадоў расстраляна больш за 400 прысуджаных да вышэйшай меры пакараньня. З пачатку 2020 года вынесена ўжо тры сьмяротныя прысуды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG