Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-лідэр АГП Анатоль Лябедзька абвясьціў галадоўку


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька, якога затрымалі 8 кастрычніка і асудзілі на 15 сутак арышту, абвясьціў галадоўку, паведаміла ў Фэйсбуку Аб’яднаная грамадзянская партыя.

«Адмаўляюся ад прыёму ежы», — перадаў Анатоль Лябедзька праз адваката.

8 кастрычніка выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў паведаміў, што Лябедзька не прыйшоў на прызначаную сустрэчу і зь ім ужо паўтары гадзіны ня могуць зьвязацца праз тэлефон — нумар недаступны. Пазьней афіцыйны прадстаўнік ГУУС Менгарвыканкаму Натальля Ганусевіч пацьвердзіла, што Анатоля Лябедзьку затрымалі «за адміністрацыйнае правапарушэньне».

9 кастрычніка судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Юлія Густыр прысудзіла Лябедзьку 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (ч. 3 арт. 23.34 КаАП).

Былы палітвязень, былы старшыня АГП, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканьняў Анатоль Лябедзька цяпер узначальвае цэнтар дасьледаваньняў і прагнозаў разьвіцьця «Эўрапейскі дыялёг». Ён таксама каардынатар Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі, якая займаецца распрацоўкай праекту зьменаў і дапаўненьняў у Канстытуцыю 1994 году.

5 кастрычніка стала вядома, што экс-кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская прызначыла Лябедзьку адным з сваіх прадстаўнікоў па канстытуцыйнай рэформе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG