Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што сьведчыць знойдзенае ў Менску татарскае надмагільле? ФОТА


У Менску падчас будаўнічых працаў у раёне вуліцы Клары Цэткін (каля новай станцыі мэтро «Плошча Францішка Багушэвіча») знайшлі татарскае надмагільле.

На ім выява зоркі з паўмесяцам і надпіс: «Аніфа Мустафаўна Смольская».

Загадчыца катэдры гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы Алёна Любая сказала Свабодзе, што татарскіх могілак на гэтым месцы не было, але гэта дакладна татарскае надмагільле і гэта адна выпадковая знаходка.

«Надмагільле там адно, і, наколькі можна меркаваць, костак няма. То бок яно там апынулася нейкім не натуральным шляхам. Хутчэй за ўсё, пасьля разбурэньня мізара (татарскія могілкі. — РС) у 70-я гады. Цяпер пры будаўнічых працах яго выкапалі. Надмагільле па вонкавых прыкметах — гэта канец 19-га — пачатак 20-га стагодзьдзя, бо камень добра апрацаваны, на ім акуратны і прыгожы шрыфт».

Род Смольскіх мог дазволіць сабе такое надмагільле, бо зь яго паходзіць некалькі губэрнскіх чыноўнікаў. Алёна Любая мяркуе, што паходжаньне Аніфы Смольскай можна аднавіць і даведацца, чыя яна была дачка.

«Помнік цікавы, але гэта ня могілкі, бо могілак у гэтым раёне ніколі не было, — кажа Алёна Любая. — Было б найлепш, паколькі гэтае надмагільле хутчэй паходзіць зь менскага мізара, каб зараз яно захоўвалася пры мячэту, бо там ужо ёсьць невялічкі ляпідарыюм. Гэта будзе лягічна і па-чалавечы».

Татарскі мізар разьмяшчаўся раней у Менску ля мячэта ў раёне праспэкту Пераможцаў.

«Татарскі мізар ля старога мячэту перастаў функцыянаваць у 50-х гадах, маглі пачаць і з таго часу цягаць зь яго камяні. А фактычна яго зруйнавалі ў 1978 годзе».

«Помнік мы забяром»

Старшыня Рады імамаў Зьміцер Радкевіч сказаў Свабодзе, што надмагільле забяруць да новага мячэту.

«Адкуль там узяўся помнік, невядома, бо даўнейшыя татарскія могілкі знаходзяцца ў Татарскім сквэры. Калі б там былі знойдзеныя косткі, то рабочыя павінны былі б спыніць працы і правесьці належныя працэдуры. А паколькі толькі помнік, то ніякіх працэдур няма, і помнік мы забяром. Каля мячэту ёсьць участак, дзе знаходзяцца помнікі, знойдзеныя падчас добраўпарадкаваньня вакол мячэту».

Ня выключана, што падчас руйнаваньня татарскага мізара нехта вырашыў перапахаваць сваіх сваякоў. Надмагільле знойдзена непадалёк ад габрэйскіх могілак.

«Найбольшыя пытаньні выклікае тое, што на надмагільлі не пазначана дата пахаваньня. Вэрсія такая, што гэта магло быць у другой палове 19-га ці пачатку 20 стагодзьдзя. Падчас руйнаваньня мізара маглі перазахаваць. Але як яно трапіла на гэтае месца, невядома. Надмагільле цяжкае, і падняць яго аднаму чалавеку немагчыма. Калі б былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі, то будоўля павінна была б спыніцца. Але мяркую, што гэта была перанесеная магіла, таму там магло і не застацца костак».

Зьміцер Радкевіч кажа, што такая знаходка — першая ў яго жыцьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG