Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля масавых пратэстаў ЦВК Кіргізстану анулявала вынікі парлямэнцкіх выбараў


Цэнтральная выбарчая камісія Кіргізстану анулявала вынікі выбараў у парлямэнт — пасьля масавых акцый пратэсту, удзельнікі якіх у ноч на аўторак захапілі будынак парлямэнту і адміністрацыі прэзыдэнта ў Бішкеку.

Пра гэта паведамляе 24.kg са спасылкай на члена ЦВК Гульнару Джурабаеву. Паведамленьні пра гэта публікуюць таксама расейскія агенцтвы.

Выданьне АКИpress са спасылкай на члена ЦВК Кайрата Асманаліева паведамляе, што старшыня камісіі Нуржан Шайлдабекава мела намер падаць у адстаўку, але члены ЦВК ёй адмовілі. «Шайлдабекава заявіла пра намер падаць у адстаўку. Але члены ЦВК не падтрымалі. Яна сказала, што нясе палітычную адказнасьць», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Кіргізстану Сааранбай Жээнбекаў раней дапусьціў магчымасьць адмены вынікаў выбараў. Жээнбекаў выступіў са зваротам, у якім заявіў пра спробу «незаконнага захопу ўлады ў краіне». Ён таксама паведаміў, што прапанаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі «адмяніць вынікі выбараў, калі гэта неабходна і былі выпадкі парушэньня закону».

Дзе знаходзіцца Жээнбекаў і ці падпарадкоўваюцца яму супрацоўнікі праваахоўных органаў і войска на дадзены момант незразумела.

Вынікі парлямэнцкіх выбараў

У парлямент Кіргізстану, паводле папярэдніх вынікаў, прайшлі чатыры партыі, якія пераадолелі 7-адсоткавы бар’ер. Большасьць галасоў атрымалі партыя «Бірымдык» («Адзінства»), зьвязаная зь сям’ёй прэзыдэнта краіны, і партыя «Мекен Кіргізстан» («Родны Кіргізстан»), якую зьвязваюць з уплывовым клянам братоў Матраімавых. Абедзьве партыі сумарна атрымалі амаль палову месцаў у парлямэнце. Таксама сваіх дэпутатаў на выбарах правялі партыі «Кіргізстан» і «Бутун Кіргізстан» («Адзіны Кіргізстан»).

Яшчэ 12 кіргізскіх партый запатрабавалі ануляваць вынікі парлямэнцкіх выбараў. У праўладнай партыі «Бірымдык» заявілі, што гатовыя ўдзельнічаць у паўторных выбарах.

ЦВК Кіргізстану паведаміла, што ў парлямэнт праходзяць чатыры партыі, якія пераадолелі 7-адсоткавы бар’ер, а дзьве праўладныя партыі атрымалі пераканаўчую перамогу, атрымаўшы прыкладна па 24% галасоў кожная. Несумленнымі назвалі выбары нават прадстаўнікі партыяў, якія змаглі прайсьці ў парлямэнт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG