Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня дайце COVID-19 кіраваць вашым жыцьцём». Трамп вярнуўся ў Белы дом


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у канфэрэнц-залі вайсковага шпіталя падчас сэансу сувязі са сваімі найбліжэйшымі супрацоўнікамі, 4 кастрычніка 2020 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў панядзелак вечарам быў выпісаны з вайсковага шпіталя і вярнуўся ў Белы дом пасьля чатырох дзён шпіталізацыі з дыягназам COVID-19.

Трамп пакінуў шпіталь пасьля заявы ягонага лекара аб тым, што прэзыдэнт «адпавядае крытэрам, неабходным для выпіскі» зь лякарні. Паводле лекара, ачуньваньне пакуль няпоўнае, але прэзыдэнт можа бясьпечна вярнуцца дадому, дзе ён будзе знаходзіцца пад кругласутачным мэдычным наглядам.

«Выдатна сябе адчуваю, — піша Трамп у Twitter. — Ня бойцеся COVID-19. Не давайце яму кіраваць вашым жыцьцём. Мы распрацавалі пры адміністрацыі Трампа цудоўныя мэдыкамэнты. Я адчуваю сябе цяпер лепш, чым адчуваў сябе 20 гадоў таму!»

Сьпікер Палаты прадстаўнікоў дэмакратка Нэнсі Пэлосі выказала трывогу наконт таго, што вяртаньне прэзыдэнта ў Белы дом матывавана найперш палітычнымі меркаваньнямі: «Калі ён ставіцца да гэтага вірусу легкадумна, як было дагэтуль, то гэта стварае пагрозу для амэрыканцаў».

Выпіска прэзыдэнта адбылася ў той час, калі яшчэ некалькі выпадкаў заражэньня былі выяўленыя сярод супрацоўнікаў Белага дому. Сама меней 12 чалавек з блізкага атачэньня Трампа маюць станоўчыя вынікі тэстаў. Тое ж самае адзначана і сярод супрацоўнікаў Белага дому, якія займаюць менш значныя пасады.

26 верасьня многія з гэтых людзей прыйшлі на цырымонію ў Ружавы сад Белага дому, якая цяпер разглядаецца як падзея, што стала распаўсюднікам каранавірусу".

Белы дом да гэтага часу не абвясьціў, колькі менавіта чалавек зь ліку супрацоўнікаў адміністрацыі Трампа пры тэставаньні атрымалі станоўчыя вынікі — пасьля таго, як Трамп паведаміў аб сваім уласным дыягназе.

Прэс-сакратарка Кейлі Макэнані стала апошняй зь вядомых высокапастаўленых фігур, набліжаных да прэзыдэнта, якая пацьвердзіла свой станоўчы тэст у панядзелак.

Першая лэдзі Мэланія Трамп, старшыя памочнікі прэзыдэнта і некалькі рэспубліканскіх сэнатараў таксама заявілі раней пра станоўчыя вынікі сваіх тэстаў.

Шпіталізацыя прэзыдэнта Трампа і заражэньне вірусам супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзыдэнта, у тым ліку кіраўніка яго выбарчага штабу Біла Стэпіэна, унесьлі няпэўнасьць у выбарчую кампанію Дональда Трампа. Апошнімі днямі было адменена некалькі перадвыбарных мерапрыемстваў. Другія дэбаты кандыдатаў у прэзыдэнта Дональда Трампа і Джо Байдэна маюць адбыцца 15 кастрычніка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG