Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва адклікала амбасадара зь Менску для кансультацый, беларускія паслы ў Літве і Польшчы вярнуліся ў Менск


Ілюстрацыйнае фота. Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус
Ілюстрацыйнае фота. Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус

Літва адклікае свайго амбасадара зь Менску для кансультацый. Паводле міністра замежных спраў Літвы Лінаса Лінкявічуса, рашэньне адклікаць амбасадараў для кансультацыяў прынятае разам з польскімі калегамі, паведаміла 5 кастрычніка МЗС Літвы.

5 кастрычніка МЗС Літвы правяло інтэнсіўныя кансультацыі з калегамі з Эўразьвязу з нагоды патрабаваньня Беларусі да Літвы і Польшчы скараціць колькасьць супрацоўнікаў у амбасадах у Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні. Міністар замежных спраў Лінас Лінкявічус размаўляў па тэлефоне зь Вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу Жузэпам Бурэлем, міністрам замежных спраў Польшчы Зьбігневам Рау і міністрам замежных спраў Нямеччыны Гайка Маасам.

«Наша мэта — максымальна захаваць дыпляматычныя кантакты. Мы таксама накіравалі такое пасланьне беларускаму боку, зь якім мы да гэтага часу дамовіліся аб тым, што часовае адкліканьне амбасадараў для кансультацый паслужыць зьніжэньню напружанасьці і дапаможа захаваць дыпляматычнае прадстаўніцтва на ўзроўні амбасадараў», — сказаў Лінас Лінкявічус.

Паводле міністра, дамоўленасьць аб тым, каб не скарачаць штат, прынамсі пакуль не дасягнутая, але, калі Беларусь працягне настойваць на гэтым, будуць прынятыя «люстраныя» меры. МЗС Літвы працягвае каардынаваць усе свае дзеяньні з Польшчай і іншымі краінамі-сябрамі Эўразьвязу, падкрэсьліваецца ў паведамленьні ведамства.

Амбасадары Беларусі ў Літве — Валеры Бараноўскі і ў Польшчы — Уладзімер Чушаў таксама ўжо вярнуліся ў Менск для кансультацый, паведаміў БелаПАН 5 кастрычніка прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.

Рашэньне аб адклiканьнi амбасадараў было прынятае 2 кастрычніка, пасьля таго, як Эўразьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да 40 беларускіх службовых асобаў, якіх лічыць вінаватымі ў фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у краіне і рэпрэсіях у дачыненьні да ўдзельнікаў акцый пратэсту.

Тады ж Менск запатрабаваў ад Літвы і Польшчы скараціць колькасьць дыпляматаў у Беларусі: Літве — з 25 да 14, Польшчы — з 50 да 18. Літва і Польшча ў адказ заявілі, што не плянуюць адклікаць амбасадараў і скарачаць дыпляматычную прысутнасьць. Тады ў МЗС Беларусі падкрэсьлілі, што прапанова Літве і Польшчы скараціць штат амбасадаў абавязковая для выкананьня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG