Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакаралі арыштам яшчэ аднаго спартоўца, намесьніка старшыні фэдэрацыі воднага пола

Воднае пола, ілюстрацыйнае фота
Воднае пола, ілюстрацыйнае фота

1 кастрычніка ў кватэры і машыне спартовага функцыянэра адбыўся ператрус. Падставай стала агульная крымінальная справа за арганізацыю масавых мерапрыемстваў, паведамляе «Новы час».

Пасля гэтага Максіму Цымбалу прапанавалі паехаць у Першамайскае РУУС Менска, каб выпісаць даведку пра тое, што ён ня быў на працы «з важкіх прычынаў».

Аднак у міліцыі яму адразу прапанавалі «прызнацца ва ўсім» — тады адпусьцяць дахаты. За гэты час на Цымбала склалі пратакол за ўдзел ў масавым мерапрыемстве 27 верасьня. Маўляў, згодна рапарту інспэктара ДАІ, перашкаджаў руху транспарту. У выніку ён атрымаў стандартнае абвінавачаньне паводле арт. 23.34 КаАП.

Сьведка Аляксандар Куляшоў — участковы інспэктар міліцыі — сказаў, што Максім Цымбал быў затрыманы 27 верасьня і знаходзіўся ў РУУС. Аднак на наступны дзень Цымбал быў на працы, сьведчаньнем чаму зьвесткі электроннай фіксацыі.

Разглядала справу судзьдзя Першамайскага раённага суду Менска Тацяна Ліньнік. Калі паўсталі відавочныя нестыкоўкі, яна выйшла ў кабінэт намесьніка старшыні суду разам з складальнікам пратаколу. І неўзабаве выйшла з новым, не спатрэбілася нават адсылаць пратакол на дапрацаваньне.

У абноўленай вэрсіі памянялі час і месца «правапарушэньня». Ніводнага хадайніцтва адваката судзьдзя не задаволіла. У выніку Максім Цымбал засуджаны на 8 дзён адміністрацыйнага арышту.

Аднаго з кіраўнікоў ватэрпольнай фэдэрацыі адправілі на Акрэсьціна. Там жа цяпер адбывае 15-дзённы арышт вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка.

XS
SM
MD
LG