Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дэпутаты Менгарсавету заявілі пра аб’яднаньне высілкаў, каб фіксаваць парушэньні правоў грамадзян


Вольга Цесакова на акцыі ў Менску
Вольга Цесакова на акцыі ў Менску

У Менску прайшла сустрэча дэпутатаў Менгарсавету Вольгі Цесаковай і Паўла Бачарнікава з жыхарамі акруг, падчас якой яны заявілі пра сваё аб’яднаньне.

«Сэнс аб’яднаньня ў тым, што дзьве акругі працуюць разам з тымі пытаньнямі, якія хвалююць наш раён. Гэта амаль дэпутацкая група, далей мы працягваем працаваць у дакладна вывераных напрамках, зьбіраем агульную базу, і ў выніку будуць адзіныя запыты двух дэпутатаў», — спасылаецца Tut.by на Вольгу Цесакову.

Пры гэтым 25-гадовая дэпутатка працягвае зьбіраць подпісы за сваё адкліканьне. Мінімум іх неабходна 50, гэтая колькасьць ёсьць ужо пасьля першай сустрэчы з жыхарамі. Кажа, што на працэдуру вызначыла месяц, бо таксама неабходна падрыхтаваць абгрунтаваньне. А пакуль ня склала паўнамоцтвы, хоча быць карыснай грамадзтву.

«Я запусьціла працэдуру не дзеля піяру. Мы не за хайп, мы за праўду. Ёсьць людзі-ідэалісты, як я: калі не магу вырашыць важныя пытаньні, мяне не павінна там быць. Сышоўшы зь мясцовых саветаў, стварыўшы прэцэдэнт, будзе больш толку. Калі адчуваеш няўпэўненасьць, ты не павінен чакаць, калі ўсё скончыцца само сабой, а мусіш устаць і пайсьці».

А вось Павал Бачарнікаў датэрмінова складаць паўнамоцтвы не зьбіраецца. Лічыць, што ў цяперашнім статусе можа рэальна дапамагчы людзям. Пры гэтым ходзіць на нядзельныя мітынгі.

«Усё проста: ёсьць парушэньні правоў грамадзян. Калі міліцыя іх парушае, значыць, усімі магчымымі законнымі мэтадамі я буду даносіць інфармацыю, што парушаць закон нельга», — удакладняе Павал Бачарнікаў.

Жыхары яго падтрымалі і сфармулявалі асноўныя тэзы звароту для разгляду на пазачарговай сэсіі Менгарсавету.

  • Забараніць езьдзіць па горадзе машынам без нумарных знакаў
  • Спыніць сваволю сілавікоў
  • Прызнаць факт фальсыфікацыі на выбарах
  • Забараніць Менгарвыканкаму забараняць мітынгі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG