Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году павялічыўся на 29,1%, замежны доўг — на 3,6%


Дзяржаўны доўг Беларусі на 1 верасьня 2020 году склаў 57,8 мільярдаў рублёў і павялічыўся ў параўнаньні з пачаткам 2020 году на 13 мільярдаў рублёў, або на 29,1%, паведамляе Міністэрства фінансаў Беларусі

Сума вонкавага дзяржаўнага доўгу Беларусі вырасла з пачатку году на 3,6% і на 1 верасьня склала 17,7 млрд даляраў.

«Замежны дзяржаўны доўг па стане на 1 верасьня 2020 году склаў 17,7 млрд даляраў, павялічыўшыся з пачатку году на 0,6 млрд даляраў (з улікам курсавых розьніц), або на 3,6%», — гаворыцца ў паведамленьні.

Па дадзеных Мінфіна, у студзені–жніўні прыцягнуты вонкавыя дзяржаўныя пазыкі на суму, эквівалентную 1,921 млрд даляраў, у тым ліку 1,391 млрд даляраў аблігацыямі, якія разьмяшчаюцца на замежных фінансавых рынках, 429,2 млн даляраў — ад ураду і банкаў РФ, 56,2 млн даляраў — ад Экспартна-імпартнага банку Кітая, 38,1 млн даляраў — ад Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця (МБРР), 6,2 млн даляраў — ад Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і Паўночнага інвэстыцыйнага банку.

У канцы жніўня міністар фінансаў Беларусі Юры Селіверстаў заявіў, што Беларусь павінна сёлета выплаціць па валютным дзярждоўгу каля 3,6 млрд даляраў, зь якіх 2 млрд даляраў ужо выплачаныя.

Расея абяцала даць Беларусі крэдыт на рэфінансаваньне дзярждоўгу. Як заявіў раней міністар фінансаў РФ Антон Сілуанаў, гэта адбудзецца ў два этапы — 1 млрд даляраў у 2020 годзе і 500 млн даляраў у 2021 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG