Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве арыштавалі журналіста, які асьвятляў акцыю пратэсту супраць таемнай інаўгурацыі Лукашэнкі


Уладзімер Лапцэвіч у судзе, архіўнае фота
Уладзімер Лапцэвіч у судзе, архіўнае фота

На 13 дзён адміністрацыйнага арышту асудзілі журналіста інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6 tv.by» Уладзімера Лапцэвіча.

Судзьдзя Ленінскага суду Натальля Панасенка прызнала яго вінаватым ва ўдзеле 23 верасьня ў пратэсьце супраць інаўгурацыі Лукашэнкі. У матэрыялах справы гаворыцца, што ён рухаўся ў калёне грамадзян, якія выгуквалі лёзунгі, мелі апазыцыйную сымболіку, чым выказвалі незадаволенасьць вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў.

Сваёй віны Лапцэвіч не прызнаў і заявіў, што ў шэсьці ня ўдзельнічаў, а выконваў прафэсійныя абавязкі журналіста — вёў фота- і відэафіксацыю таго, што адбывалася. Зьнятае ім трансьлявалася на сайце выданьня ў свабодным доступе. За калёнай пратэстоўцаў назіраў здалёк.

Адзіным «доказам» віны журналіста ў матэрыялах справы было 5-сэкунднае відэа, зьнятае апэратыўнікамі. На ім зафіксаваны мужчына, падобны на Лапцэвіча, але не відаць калёны пратэстоўцаў.

Затрымалі журналіста 27 верасьня на плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм», адкуль мелася пачацца нядзельная акцыя пратэсту прыхільнікаў пераменаў. Па словах Лапцэвіча, яго схапілі, бо ён фатаграфаваў тое, што адбываецца на ёй. У Ленінскім аддзеле міліцыі, куды даставіла, супраць яго пачалі адміністрацыйны працэс за ўдзел у пратэставай акцыі супраць інагурацыі Лукашэнкі.

Ад 27 верасьня журналіста трымаюць у ізалятары. Судзілі яго праз Skype. Відэатрансьляцыя пастаянна перарывалася. Прысутныя на працэсе абвінавачанага ня бачылі, а толькі чулі ягоны голас.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG