Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Подласьць рэжыму бязьмежная». Пачалі судзіць затрыманых у першыя дні пратэстаў


Акцыя пратэсту ў Менску ў ноч з 9 на 10 жніўня
Акцыя пратэсту ў Менску ў ноч з 9 на 10 жніўня

Суды пачалі разглядаць адміністрацыйныя справы супраць дэманстрантаў, якіх затрымалі яшчэ ў жніўні, а потым адпусьцілі.

Праваабаронцы «Вясны» паведамілі Свабодзе, што ім вядома ўжо пра 14 такіх працэсаў над затрыманымі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Пакуль даюць штрафы ў 10–20 базавых.

Самы вядомы з гэтых асуджаных — галоўны рэдактар газэты «Наша Ніва» Ягор Марціновіч. Суд Заводзкага раёну Менску прызнаў учора Ягора Марціновіча вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным шэсьці на праспэкце Пушкіна 11 жніўня. Яго пакаралі штрафам памерам 15 базавых велічынь (405 рублёў).

Сярод тых, каго затрымалі ў жніўні і цяпер пакаралі штрафамі, — маладыя хлопцы, якія раней не фігуравалі сярод затрыманых: Мікалай Каршуноў, Аляксей Юшкоў, Арцём Чыжык, Аляксей Кірыльчык і іншыя. Дзяўчат пакуль у суды не выклікаюць.

«У жніўні яны былі затрыманыя на двое сутак, 12-га іх пачалі выпускаць. Ім выдалі на Акрэсьціна паперу з папярэджаньнем пра няўдзел у масавых мерапрыемствах. Іх адпускалі без пратаколаў, а цяпер узьніклі пратаколы», — сказаў Свабодзе Сяржук Сыс зь «Вясны».

Былы адвакат, юрыст «Вясны» Павал Сапелка мяркуе, што калі запусьцяць судовы канвэер адносна затрыманых у сярэдзіне жніўня, то могуць быць тысячы спраў. З 9 па 12 жніўня было 6,5–7 тысяч затрыманых.

«Подласьць рэжыму бязьмежная, таму можна чакаць усяго што заўгодна, — кажа Павел Сапелка. — Тэрмін даўнасьці прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці дазваляе яшчэ падымаць гэтыя пратаколы і накіроўваць іх у суд. Адзінае, што засталося ня так многа часу, бо праз 2 месяцы гэтыя пратаколы ператворацца ў гарбуз, засталося літаральна яшчэ пару тыдняў».

Паводле Паўла Сапелкі, практычна ўсе затрыманыя ў той час — ахвяры жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня, а большая іх частка стала ахвярамі катаваньняў.

«То бок іх зьбівалі, ім рабілі жахлівыя ўмовы ўтрыманьня ў пакараньне за іх грамадзка-палітычную актыўнасьць, за іх перакананьні і палітычныя погляды», — кажа Сапелка.

Праваабаронцы меркавалі, што разгляд адміністрацыйных спраў дапаможа ўстанавіць падазраваных у гэтых катаваньнях.

«Калі гэтыя справы не пайшлі ў суд, мы меркавалі, што ўлады такім чынам хацелі зьберагчы супрацоўнікаў АМАП ад іх дэананімізацыі. Але цяпер суды нядрэнна асвоілі проціпраўнае, не заснаванае на адміністрацыйна-працэсуальным заканадаўстве прымяненьне так званых мераў бясьпекі сілавікоў. Гэтыя справы разглядаюць з удзелам двух сьведак — „Іванова“ ці „Александровіча“. Такая сыстэма разгляду спраў, відаць, падштурхнула ўлады да ідэі, што іх можна разгледзець і прызначыць як мінімум штрафы», — кажа Павал Сапелка.

Паводле Паўла Сапелкі, той факт, што гэтыя людзі прайшлі праз жорсткае абыходжаньне і катаваньні, ніяк не суадносіцца зь цяперашнім перасьледам.

«Гэта яшчэ раз падкрэсьлівае цынічнасьць падыходу ўладаў, пры тым, што дагэтуль не пачатыя крымінальныя справы адносна людзей, датычных да катаваньняў і жорсткага, бесчалавечнага абыходжаньня. Вось гэтая дзяржаўная машына цяпер раскручваецца і выкарыстоўваецца для падаўленьня ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту, — кажа Павал Сапелка. — Людзей узялі ў палон і адпусьцілі з гэтага палону. Асуджэньне за ажыцьцяўленьне свайго канстытуцыйнага і міжнародна прызнанага права на мірны сход і свабоду выказваньня — гэта парушэньне правоў чалавека. Мы заўсёды казалі, што гэта недапушчальна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG