Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрыя матэрыялаў беларускай Свабоды «Мы — сьведкі» атрымала прыз як найлепшы праект месяца RFE/RL


Журы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода прызнала спэцыяльны праект «Мы — сьведкі» беларускай рэдакцыі найлепшым праектам Радыё ў жніўні.

У рамках праекту «Мы — сьведкі», які стартаваў 13 жніўня, Свабода зьбірае сьведчаньні ахвяраў міліцэйскага бясчынства на вуліцах, у пастарунках і турмах Беларусі. Куратар праекту — Сяргей Дубавец.

«Нягледзячы на пагрозы, ціск, цяжкія абставіны, асабліва віншую нашых калегаў, якія, тым ня менш, зь месяца ў месяц прэзэнтуюць нам і сваім аўдыторыям такія бліскучыя прафэсійныя матэрыялы, што адлюстроўваюць драматычную сытуацыю сёньняшняй Беларусі», — сказала кіраўніца RFE/RL Дэйзі Сындэлар пра цяперашнюю працу беларускай рэдакцыі Свабоды і тэлеканалу «Настоящее время» ў Беларусі.

Куратар праекту Сяргей Дубавец, гаворачы пра сытуацыю сёньняшняй беларускай літаратуры, адзначыў пра сэрыю «Мы — сьведкі»:

«Я вось цяпер складаю вельмі цяжкую і балесную кніжку сьведчаньняў тых, хто пабываў на Акрэсьціна і ў іншых такіх месцах, у аддзелах міліцыі, у аўтазаках, у гэтых сініх бусах без нумароў з танаваным шклом. І я бачу масу сюжэтаў і разваг людзей, якіх мы ніколі раней ня ведалі, і тым ня менш яны выказваюць розныя думкі і адчуваньні, за якімі ўжо бачыцца сур’ёзная літаратура.

Я бачу, што гэта нават не мэтафара, што наша літаратура на Акрэсьціна. (…) Якія думкі ў турме ў чалавека? Гэта страх, гэта думкі пра сваіх блізкіх, і ўсякія, відаць, пераважна фантасмагорыі, якія лезуць у галаву, вясёлыя, страшныя, нудныя, нейкія ўрыўкі чагосьці не зьвязанага ні з часам, ні зь месцам. І я пачынаю разумець, што вось гэтыя думкі, якія ў чалавека ў турме, гэта і ёсьць наша цяперашняя літаратура, якая сядзіць на Акрэсьціна, нават не ў мэтафарычным сэнсе».

Прыз за праект «Мы — сьведкі» — пятая месячная ўзнагарода RFE/RL сёлета за працу беларускай рэдакцыі Радыё Свабода.

Некаторыя з раней адзначаных матэрыялаў Свабоды:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG