Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў
Шматтысячнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ў раёне парку Чалюскінцаў

Дзясяткі тысяч менчукоў выйшлі на марш пратэсту насуперак затрыманьням. Як прайшоў у Беларусі 50-ы дзень пратэстаў

абноўлена

Пасьля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 23 верасьня заклікалі сёньня правесьці народную інаўгурацыю Сьвятланы Ціханоўскай, якую многія лічаць сапраўднай пераможцай выбараў 9 жніўня 2020 году.

17:25 27.9.2020

Менск: калёна заняла ўсю праезную частку праспэкту

Калёна дэманстрантаў рухаецца па праспэкце Незалежнасьці. Каля плошчы Калініна пратэстоўцы спыніліся, прапусьцілі машыну хуткай дапамогі і пайшлі далей па праспэкце Незалежнасьці. Калёна заняла ўсю праездную частку.

Сталічны мэтрапалітэн паведаміў пра закрыцьцё з 17.15 станцыі «Парк Чалюскінцаў», каля якой праходзіць калёна ўдзельнікаў маршу пратэсту. У 17.16 адкрыліся станцыі «Няміга» і «Фрунзэнская». Такім чынам, застаюцца зачыненымі станцыі першай лініі «Плошча Леніна», «Кастрычніцкая», «Плошча Перамогі» і «Плошча Якуба Коласа», а таксама станцыя другой лініі «Купалаўская».

Галава шматтысячнай калёны дэманстрантаў прайшла Парк Чалюскінцаў і накіравалася далей у бок мэтро «Маскоўская». Ніякіх перашкод для калёны наперадзе ня бачна.

17:08 27.9.2020

Менск: пратэстоўцы выйшлі на праспэкт Незалежнасьці

Шматтысячная калёна пратэстоўцаў дайшла па вуліцы Сурганава да праспэкту Незалежнасьці. Павярнулі на плошчу Якуба Коласа. Канец калёны яшчэ за плошчай Бангалор. Інцыдэнтаў няма. Праспэкт перакрыты.

Калёна пастаяла на скрыжаваньні праспэкту Незалежнасьці і Сурганава ды павярнула налева, у бок парку Чалюскінцаў.

17:03 27.9.2020

Менск амаль цалкам перакрыты

Паведамляюць, што зачынілі таксама станцыю мэтро «Акадэмія навук».

16:59 27.9.2020

Горадня: пасьля затрыманьняў людзі сабраліся каля РАУС

Горадня цяпер: людзі сабраліся пад Кастрычніцкім РАУС на вуліцы Гая, дзе могуць быць затрыманыя падчас сёньняшняга маршу.

Пад ізалятар на вуліцы Гая прыяжджалі тры хуткія дапамогі. Па словах відавочцаў, адну дзяўчыну вывелі зь перабінтаванай нагой, яшчэ адну пабітую. Жанчыну сярэдніх гадоў забралі з павышаным ціскам. Каля ізалятара чакаюць дзясяткі сваякоў, выпускаюць першых затрыманых.

16:56 27.9.2020

Пратэст у Баранавічах

16:53 27.9.2020

Калёна ў Менску набліжаецца да праспэкту Незалежнасьці

Галава калёны дэманстрантаў дайшла да скрыжаваньня вуліц Сурганава і Якуба Коласа. Спыніліся і чакаюць хвост калёны, а яго ня бачна, ён яшчэ далёка на вуліцы Багдановіча. Карэспандэнты Свабоды інцыдэнтаў не заўважылі. Людзі ў жылых дамах вітаюць калёну нацыянальнымі сьцягамі.

16:46 27.9.2020

Як затрымлівалі пратэстоўцаў у Горадні

16:38 27.9.2020

Менск: калёна павярнула ў бок праспэкту Незалежнасьці

У Менску дэманстранты з вуліцы Багдановіча павярнулі на вуліцу Сурганава і ідуць у кірунку праспэкту Незалежнасьці. Калёна дэманстрантаў скандуе: «Сьвета — прэзыдэнт», «Верым! Можам! Пераможам!», «Лукашэнку ў аўтазак».

16:29 27.9.2020

«Хапун» у Гомлі

У Гомлі сілавікі зноў накінуліся на пратэстоўцаў і пачалі іх затрымліваць. Сярод затрыманых — фэльчарка Алена Давыдава і выкладчыца ГДУ імя Скарыны Натальля Суслава. Усяго, па папярэдніх дадзеных, у Гомлі затрымалі каля 20 чалавек. Яны ў Цэнтральным РАУС.

16:20 27.9.2020

Менск: калёна рухаецца ў кірунку плошчы Бангалор

З праспэкту Машэрава калёна пратэстоўцаў дайшла да скрыжаваньня вуліц Багдановіча і Харужай і павярнула ў бок Камароўскага рынку, паведамляе карэспандэнт Свабоды.

Аднак пратэстоўцы не павярнулі ў бок праспэкту Незалежнасьці, дзе зьбіраюцца сілы АМАП, а прадоўжылі рух па вуліцы Багдановіча ў кірунку плошчы Бангалор.

16:13 27.9.2020

Праваабаронцы зьбіраюць прозьвішчы затрыманых: у сьпісе ўжо 40 чалавек, ён абнаўляецца

Праваабаронцам «Вясны» вядомыя імёны ўжо 40 затрыманых падчас акцый пратэсту ў розных гарадах Беларусі. Затрыманьні адбываюцца ня толькі ў сталіцы і абласных цэнтрах, але і ў Воршы, Жодзіне, Наваполацку, Салігорску, Сьветлагорску. Сьпіс затрыманых абнаўляецца.

16:09 27.9.2020

Менск: калёна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў

Калёна пратэстоўцаў ідзе па праспэкце Машэрава. Яна расьцягнулася на некалькі кілямэтраў: галава калёны дайшла да рэстарану «Белая вежа», хвост яшчэ каля cтэлы.

На прылеглых вуліцах заторы. Перакрыты рух трамваяў.

Сілавікі стаяць на скрыжаваньні праспэктаў Машэрава і Незалежнасьці, пратэстоўцы ж павярнулі ў бок плошчы Бангалор, ідуць па вуліцы Багдановіча.

16:07 27.9.2020

Менск: сілавікі перакрылі праспэкт Незалежнасьці

Тым часам калёна спэцтэхнікі зьяжджае з праспэкту Пераможцаў і паварочвае на вуліцу Ігнаценкі.

16:05 27.9.2020

16:03 27.9.2020

Затрыманьні ў Бабруйску

15:56 27.9.2020

Менск: пратэстоўцы рушылі ў бок цэнтру

Калёна пратэстоўцаў, якая сабралася на праспэкце Пераможцаў, рушыла па вуліцы Машэрава ў боку цэнтру. У калёне дзясяткі тысяч чалавек, ім ніхто не замінае.

Стэлу і музэй гісторыі Вяомкай Айчыннай вайны ахоўваюць людзі ў вайсковай форме з агнястрэльнай зброяй.

15:48 27.9.2020

Гомель: супраць пратэстоўцаў ужылі сьлезацечны газ

Людзі сталі вадзіць карагоды вакол фантана ля цырку, крычаць: «Гэта наш горад».

Празь нейкі час сілавікі сталі разганяць пратэстоўцаў і ўжылі ў дачыненьні да іх сьлезацечны газ.

15:45 27.9.2020

Менск: затрыманьне на вуліцы Караля

15:43 27.9.2020

Затрыманьні ў Лідзе

15:43 27.9.2020

У маршы пратэсту ў Менску зноў бяруць удзел спартоўцы

У агульную калёну далучыліся спартоўцы з транспарантам «Народ-чэмпіён». У іх групе каля 30 чалавек, гэта тыя самыя спартоўцы, што былі на папярэдніх маршах.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG