Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта пацьвярджае тое, што адбывалася з Калесьнікавай». Адвакатка расказала пра сваё затрыманьне


Людміла Казак пасьля вызваленьня
Людміла Казак пасьля вызваленьня

Адвакатка Людміла Казак працягне абараняць Марыю Калесьнікаву. Сваё затрыманьне і суд яна тлумачыць спробай аказаць на яе ціск.

«Адбыліся толькі станоўчыя для справы падзеі, якія, натуральна, можна скарыстаць на карысьць абароны. Гэта як мінімум пацьвярджае тое, што адбывалася зь ёй (Марыяй Калесьнікавай. — РС). Прычым вельмі красамоўна пацьвярджае, бо дзеяньні маюць аднолькавы характар. Будзем думаць, як потым выкарыстоўваць ціск на абарону на карысьць яе абароны па справе», — кажа Людміла Казак.

Адвакатку Людмілу Казак, якая абараняе сябра Каардынацыйнай рады Марыю Калесьнікаву, пакаралі штрафам у 675 рублёў за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Людміла Казак расказала на судзе, што яе сілай затрымлівалі трое людзей у масках, адзін зь якіх быў у форме АМАПу. Яны не прадстаўляліся і не патлумачылі прычыны затрыманьня. Пасьля адвакатку адвезьлі ў Цэнтральны РУУС.

Людміла Казак зьвязвае сваё затрыманьне, суд і пакараньне штрафам «толькі са спробай аказаць на яе ўзьдзеяньне» з прычыны абароны Марыі Калесьнікавай.

Падчас затрыманьня ў адвакаткі былі з сабой матэрыялы па справе Калесьнікавай.

«Падчас асабістага вобшуку ў мяне гэтыя матэрыялы апісалі, спэцыяльныя пакі, дасье. Я запісала ў пратаколе, што гэта адвакацкая тайна і што маё затрыманьне якраз і было нагодай, каб улезьці ў гэтыя матэрыялы і паспрабаваць нешта адшукаць, сярод іншага і ў маім тэлефоне. Гэта ўсё ляжала ў маёй сумцы, таму хто што потым рабіў у маёй сумцы, застаецца толькі здагадвацца. Падчас зьмяшчэньня мяне ў „стакан“ у РУУС ці ў камэру ў ІЧУ на Акрэсьціна ўсё гэта знаходзілася недзе ў іх. Ніхто не заяўляе, што яны корпаліся ў маіх рэчах, але гэта відавочна, бо навошта тады мяне трэба было затрымліваць?»

Адвакатка кажа, што калі вярнулі яе рэчы пасьля вызваленьня, тэлефон быў адключаны, але за час зьняволеньня цягам больш як паўтара сутак яна ня ведае, «што зь ім рабілі, хто туды рабіў доступ, гэта трэба правяраць». Яна кажа, што ўсе матэрыялы, якія былі ў яе з сабой па справе Калесьнікавай, вярнулі, але не выключае, што «дасье магло быць скапіявана».

Адвакатка кажа, што працягне абараняць Марыю Калесьнікаву, будзе, сярод іншага, падаваць хадайніцтва аб спыненьні яе крымінальнага перасьледу.

Пасьля вызваленьня Людміла Казак прадэманстравала журналістам скаргу, напісаную на кавалку тканіны, бо паперы для скаргі не далі. Гэтую скаргу напісала адна зь яе сукамэрніц — беларуска са Швайцарыі Натальля Хершэ, якую арыштавалі на 15 сутак за ўдзел у жаночым маршы ў Менску.

«Гэта быў кавалачак тканіны, я ня ведаю, адкуль ён там узяўся ў камэры, альбо кавалак прасьціны ці анучы. На неаднаразовыя патрабаваньні даць паперу і асадку, каб напісаць скаргу, адміністрацыя не адрэагавала. Таму Натальля знайшла такі спосаб яе напісаць. Потым, калі я ўжо была ў камэры, мы зноў патрабавалі прынесьці паперу — паперу прынесьлі, а як яны прымуць скаргу, гэта трэба правяраць. Гэта цудоўны прыклад таму, як тыя, хто знаходзіцца там, пры адсутнасьці адваката ня маюць магчымасьці распарадзіцца сваімі правамі».

Скарга ад Натальлі Хершэ
Скарга ад Натальлі Хершэ

Людміла Казак расказала пра ўмовы ўтрыманьня ў камэры, у якой было 5 чалавек.

«Шкло ў вокнах непразрыстае, шчыльнае, і празь іх не пранікае сьвятло, на іх усталявана дробная сетка, вокны не адчыняюцца. Таму камэра не праветрываецца, увесь час гарыць цэнтральнае асьвятленьне. З так званага санвузла ідзе проста невыносны пах аміяку, ад якога проста баліць галава. Адсутнасьць праветрываньня і гэты пах — гэта проста катаваньне, бо знаходзіцца ў камэры проста немагчыма. Да таго ж не выводзяць на прагулку на сьвежым паветры, хаця ў зьняволеных ёсьць такое права. Такім чынам яны толькі яшчэ больш пагаршаюць знаходжаньне там».

Паводле Людмілы Казак, у ІЧУ не даюць гігіенічных сродкаў і сродкаў для прыборкі камэры.

«Даюць прасьціну, адну наўлечку і коўдру. Я цяпер чухаюся, ня ведаю, чым гэта скончыцца.Таксама ўсім выдаюць тапкі (ня ведаю, хто ім іх шые) аднаго памеру, якія неабходна надзець, і зразумела, што ні пра якую гігіену тут гаворкі няма».

Таксама адміністрацыя ІЧУ не дала Людміле і іншым сукамэрніцам правілаў утрыманьня, каб азнаёміцца са сваімі правамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG