Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарку-пэдыятра з Жыткавічаў зноў судзілі за «несанкцыянаванае мерапрыемства»


Ірына Цішкоўская
Ірына Цішкоўская

23 верасьня жыхары Жыткавічаў, як і многія беларусы, вырашылі «адзначыць» таемную інаўгурацыю Лукашэнкі. Прыйшлі 12 чалавек і 10 міліцыянтаў. Пасьля на лекарку-пэдыятра Ірыну Цішкоўскую міліцыя склала пратакол за удзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве».

Суд пакараў лекарку штрафам у 30 базавых велічыняў. Міліцыянты на судзе сьцьвярджалі, што Ірына Цішкоўская ўдзельнічала ў «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Прыкметамі апошнягаміліцыянты назвалі тое, што лекарка трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяжок, удзельнікі махалі надзіманымі балёнікамі і рукамі аўтамабілям, якія сыгналілі, уключалі ліхтарыкі на тэлефонах і «рухаліся ў адным кірунку».

«У Жыткавічах вечарамі нас зьбіраецца няшмат — калі 10, калі 16 чалавек. У дзень інаўгурацыі нас было 12 і 10 міліцыянтаў. Дваіх з „нашых“ затрымалі і павезьлі ў РАУС, мы пайшлі ўсьлед. Там ля РАУС былі і начальнік міліцыі, і яго намесьнікі. Потым міліцыянты мне патэлефанавалі на працу, патрабавалі прыйсьці да іх. А ў мяне якраз на прыёме куча дзяцей, прышчэпкі робяць. Я адмовілася так тэрмінова ісьці. Яны прыходзілі дахаты пазьней, грукалі ў дзьверы», — расказала Свабодзе лекарка.

Ірына Цішкоўская (у вышыванцы) на акцыі салідарнасьці
Ірына Цішкоўская (у вышыванцы) на акцыі салідарнасьці

Вечарам яна была на дзяжурстве і ёй не даверылі правесьці агляд затрыманага. «Рэч у тым, што затрыманых прыводзяць ў лякарню, каб іх там агледзелі для таго, ці можа чалавек знаходзіцца ў ІЧУ паводле стану здароўя. Хоць я дзяжурыла, але аглядаць затрыманага выклікалі іншага лекара, бо і я нібыта „мітынгоўца“, і той затрыманы — таксама! Таму, маўляў, я не магу яго аглядаць», — абураецца Ірына Цішкоўская.
На працу да яе зноў прыйшоў міліцыянт, прычым абыходзіўся няветліва.

«Я казала яму, што магу і не пасьпець на восем раніцы ў міліцыю, бо мне трэба здаць зьмену, а ён груба казаў: «Вось тут у позьве ўсё напісана пра наступствы, калі вы ня зьявіцеся!». Пасьля складаньня пратаколу лекарку адвялі ў суд. «Я на судзе сказала міліцыянтам: «Хлопцы, мне сорамна, што вы такія здаровыя мужыкі са зброяй, а бегаеце і змагаецеся з шарыкамі, сьцяжкамі, лекарамі. У выніку судзьдзя доўга нешта вырашаў, абвяшчаў перапынкі і прысудзіў мне ўрэшце штраф», — дадала лекарка.

Яе ўжо судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве — «ланцугу салідарнасьці» і пакаралі штрафам у 5 базавых велічыняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG