Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпрэсіі супраць журналістаў: раненьні, арышты, аўтазакі, блякаваньне сайтаў, пазбаўленьне акрэдытацый 


Параненая ў нагу пасьля прыцэльнага стрлу журналістка "Нашай Нівы" Натальля Лубнеўская. Траўмы атрымалі яшчэ некалькі прадстаўнікоў СМІ

Беларуская асацыяцыя журналістаў сыстэматызавала факты перасьледу і рэпрэсій у адносінах да супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі ў 2020 годзе.

У табліцы (абнаўляецца ў рэжыме онлайн) сабраныя ўсе зафіксаваныя выпадкі, у якіх мела месца відавочнае парушэньне правоў журналістаў, зьвязанае з выкананьнем імі прафэсійнай дзейнасьці.

Ад пачатку году да дня папярэдняга галасаваньня 4 жніўня адзначана роўна 100 выпадкаў супрацьпраўнага стаўленьня да журналістаў з боку сілавікоў ці судоў. Гэта затрыманьні на акцыях, складаньне пратаколаў, ператрусы ў офісах і прыватным жыльлі.

Найбольшая актыўнасьць праваахоўнікаў у справе нэўтралізацыі мэдыя прыпадае на этап збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, у тым ліку на пратэсты пасьля зьняволеньня прэтэндэнта на найвышэйшую пасаду Віктара Бабарыкі, адмовы ў рэгістрацыі таму ж экс-банкіру, а таксама бізнэсоўцу Валерыю Цапкалу.

А ўжо пачынаючы ад датэрміновага галасаваньня рэпрэсіі набылі татальны характар. Да згаданай першай сотні дадаліся яшчэ 230 фактаў: масавыя затрыманьні на акцыях, прыцэльныя расстрэлы гумовымі кулямі, загрузка ў аўтазакі, адміністрацыйныя арышты, крымінальныя справы, блякаваньне сайтаў, пазбаўленьне акрэдытацый.

Гэта пры тым, што міністар унутраных спраў Юры Караеў публічна абяцаў не чапаць прадстаўнікоў СМІ: «Журналісты — гэта сьвятое», — высакапарна казаў ён. Насуперак заявам, камізэлькі з надпісам «Прэса» сталі не паратункам, а мішэньню.

Калі вам сталі вядомыя факты перасьледу журналістаў за выкананьне прафэсійных абавязкаў, БАЖ просіць паведамляць пра іх на электронную пошту press@baj.by альбо праз тэлефон +375 291 26 70 98.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG