Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няўжо так можа быць з той міліцыяй, у якой я працаваў?» Расповед міліцыянта, які звольніўся ў разгар пратэстаў


Сяргей Курачкін
Сяргей Курачкін

Беларускі міліцыянт Сяргей Курачкін звольніўся з органаў унутраных спраў 20 жніўня 2020 году — у разгар пратэстаў. У званьні маёра міліцыі ён працаваў апэратыўным дзяжурным і адмовіўся ехаць у Ліду, калі там у аддзяленьні міліцыі зьбівалі затрыманых людзей.

Цяпер Сяргей Курачкін — падапечны беларускага Фонду салідарнасьці, створанага для дапамогі людзям, якія страцілі працу з прычыны пратэстаў, у тым ліку для дапамогі былым сілавікам. Сяргей згадзіўся расказаць «Настоящему времени», як прыняў рашэньне звольніцца, чым яму дапамаглі валянтэры і што ён робіць цяпер, пасьля падачы рапарту.

Аб звальненьні

Я працаваў у органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Я скончыў сваю службу на пасадзе старшага дзяжурнага інспэктара ў адным з РАУС Горадзенскай вобласьці — у Івейскім РАУС.

Канчатковае рашэньне звольніцца мной было прынятае пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году. Я прадчуваў, гэта было бачна па хадзе выбарчай кампаніі — тое, што адбывалася перад выбарамі, якія загады даваліся: як сябе паводзіць у той ці іншай сытуацыі, калі непасрэдна ўжо праходзіла папярэдняе галасаваньне, як трэба паводзіць сябе міліцыянтам на выбарчых участках. Было відавочна, у чый бок выконваюцца ўсе інтарэсы.

Выконваліся інтарэсы ніяк не альтэрнатыўных кандыдатаў і простых грамадзян. Усё працавала на бок аднаго чалавека. А канкрэтна рапарт на звальненьне быў мной пададзены 20 жніўня 2020 году.

Непасрэдна 9 чысла я быў на службе, знаходзіўся на адным з выбарчых участкаў. Пасьля таго як былі здадзеныя бюлетэні ў выканкам, нас сабралі ў РАУС, і да асобага распараджэньня мы павінны былі знаходзіцца ў памяшканьні РАУС. Аднак прыкладна пасьля 12-й гадзіны ночы частцы супрацоўнікаў паступіла каманда ехаць у Лідзкі РАУС для аказаньня дапамогі калегам. Я адмовіўся гэта рабіць. Не паехаў, застаўся ў Івейскім РАУС. Я для сябе загадзя вызначыў, што калі будуць паступаць каманды, што неабходна разганяць натоўп, я ў гэтым удзельнічаць ня буду. Плюс да ўсяго я ў 2000–2019 гадах працаваў непасрэдна ў Лідзкім РАУС і жыў у Лідзкім раёне.

Паступіла каманда атрымаць спэцыяльныя сродкі: гумовыя палкі, шлемы — усё, што ёсьць на ўзбраеньні, і ехаць у Лідзкі РАУС для аказаньня садзейнічаньня. Ясна было, для чаго гэта было патрэбна. Дзейнічаць, вядома, было неабходна ўсё роўна па камандзе, якая павінна была паступіць. Але што там рабіць трэба было — гэта зразумела: стаяць у ачапленьні, у выпадку неабходнасьці ўжываць фізычную сілу ў дачыненьні да людзей, якія выйшлі адстойваць свае правы.

Далей — стандартная працэдура. Мне сказалі, што я магу быць звольнены па згодзе бакоў, таму што я ў рапарце гэта напісаў: прашу звольніць мяне па згодзе бакоў. Аднак па выніках службовай праверкі мяне звольнілі за прагулы, таму што я больш ня выйшаў на службу пасьля напісанага рапарту і апавяшчэньня свайго начальніка. Я зрабіў відэазварот хвілін на пяць перад напісаньнем рапарту, я там больш, напэўна, не да сваіх калегаў зьвяртаўся, я, напэўна, матываваў свае дзеяньні. Я пісаў, што паўплывала на прыняцьце рашэньня. Там яшчэ некаторыя моманты, зьвязаныя непасрэдна з роднымі і блізкімі, чальцамі маёй сям’і. Пацярпеў мой брат ад дзеяньняў маіх былых калегаў, ён быў затрыманы, у дачыненьні да яго была ўжытая незаконна сіла і іншыя мэтады.

Я падумаў: няўжо гэта можа адбывацца ў нашай краіне, няўжо так можа быць з той міліцыяй, у якой я працаваў? Як казаў мой адзін прыяцель, жыцьцё пасьля міліцыі не сканчаецца. Я перастаў жыць у пэўным рытме, я пачынаю глядзець па баках і бачыць, што адбываецца. Раней жыцьцё хутка праходзіла: трэба хутка, рытмічна, трэба тое і тое. А цяпер адразу ўсё так прыйшло, але стаіш круціш галавою, не разумееш. Патроху адаптуесься, патроху маеш зносіны зь людзьмі і разумееш, што ня ўсё — дзяржслужба. Ёсьць і нармальнае чалавечае стаўленьне.

Пра загады, дубінкі і ўласную думку

Звычайна, калі міліцыянты паступаюць на службу, яны ўсе праходзяць пачатковую падрыхтоўку, дзе ў іх закладаюцца асновы, у тым ліку наконт межаў ужываньня фізычнай сілы. Гэта прапісана ў законе аб органах унутраных спраў, там выразна прапісана, а таксама апісаныя выпадкі, што неабходна рабіць перад ужываньнем фізычнай сілы, што неабходна рабіць у выпадку, калі чалавек атрымаў траўму, і гэтак далей.

Чаму супрацоўнікі органаў унутраных спраў ужываюць празьмерную сілу — гэта хочацца зразумець многім людзям. Я вам не магу адказаць за дзеяньні іншых супрацоўнікаў, я магу толькі пракамэнтаваць свае дзеяньні.

У любым выпадку выканаўца нясе адказнасьць нароўні з асобай, якая аддавала каманду. Цалкам магчыма, што чалавек, які аддаваў каманду, вялікую адказнасьць нясе, але адказнасьць ёсьць і ў выканаўцы. Калі груба параўнаць, табе скажуць: «Ідзі ўдарся галавой аб сьценку», — напэўна, ня кожны гэта будзе рабіць. Калі табе скажуць: «Бяры палку, ідзі забівай чальцоў сваёй сямʼі, таму што яны прыйшлі на плошчу», — гэтага таксама ніхто ў цьвярозым розуме рабіць ня будзе, я думаю. Гэта калі груба параўнаць.

На маю думку, міліцыя проста выступае інструмэнтам у руках іншых людзей, як гэта прынята казаць, тых, хто мае ўладу — лялькаводаў. Дык вось лялькаводамі для міліцыі зьяўляюцца менавіта яны. Яны рухаюць пальцамі, а міліцыя проста выконвае загады. Яна вымушаная гэта рабіць, таму што ў закон аб органах унутраных спраў, калі ён перайшоў са статусу закону аб міліцыі, была ўключаная такая фраза: «Ужываць фізычную сілу, спэцыяльныя сродкі, зброю, баявую спэцыяльную тэхніку ў такіх і такіх выпадках, а таксама ў асаблівых выпадках па распараджэньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Таму трэба выконваць. Вядома, можна па-рознаму загады выконваць. Скажуць: «Ідзі забі свайго роднага, блізкага — гэта загад». Будзеш ты яго выконваць ці не?

Па маіх назіраньнях, некаторыя людзі проста займаюць зручную для сябе пазыцыю з бананамі ў вушах і з шорамі на вачах: «Я больш нічога не хачу бачыць, нічога не хачу чуць, і тое, што мне ўводзіць у вушы кіраўніцтва і тыя, хто мяне корміць — улада, — яны маюць рацыю, і мне трэба выконваць гэтую працу. Я маю рацыю, няхай яно так і будзе, а міліцыя патрэбная пры кожнай уладзе, і хай будзе што будзе. Я проста выконваў сваю працу. У мяне кідалі камяні, а я абараняў грамадзкі парадак». Я лічу, што гэта перш за ўсё падмена паняцьцяў. Трэба пайсьці на зьдзелку з сумленьнем. Тут кожны чалавек павінен для сябе сам вызначыць.

Пра дэананімізацыю супрацоўнікаў сілавых органаў

Як вучылі ў міліцыі, гэта прапісана ў нас у законах Рэспублікі Беларусь, дый ня толькі Рэспублікі Беларусь: няўхільнасьць пакараньня за ўчыненае злачынства. Зь іншага боку, чаму камусьці можна ўсё, а камусьці нічога нельга? Гэта таксама нядобра. Кожнаму трэба аддаць па яго заслугах.

Давайце паспрабуем адкінуць нейкія асабістыя, чалавечыя, прафэсійныя якасьці і паглядзім на сытуацыю з пратэстамі з пункту гледжаньня закону. У адпаведнасьці з законам Рэспублікі Беларусь аб масавых мерапрыемствах гэтыя мерапрыемствы можна лічыць незаконнымі. Практычна любое мерапрыемства можна падвесьці пад масавае незаконнае мерапрыемства. Там дастаткова некалькіх кваліфікуючых прыкмет. Гэта значыць, фармальна правапарушэньне ёсьць.

Фармальна гэта правапарушэньне. Фармальна мы можам запатрабаваць у людзей, каб яны не парушалі грамадзкі парадак. Адпаведна, людзі могуць памыляцца і трактаваць гэта: а мы нічога не парушаем, мы мірна прыйшлі. Адно на адно, і ў выніку атрымліваецца непадпарадкаваньне, супраціў. Плюс да ўсяго, гэта натоўп, псыхалёгія натоўпу. Магчыма, знойдуцца людзі, якія ў каламутнай вадзе захочуць палавіць рыбку, і хтосьці свае нейкія брудныя мэты можа перасьледаваць. Можа, у якасьці правакацыі агрэсіўна настроеныя людзі могуць кінуць камень у міліцыянта, што паслужыць прычынай жорсткіх затрыманьняў. Можна бясконца мусоліць гэтую тэму.

Але чаму тады закон працуе толькі з боку дзяржавы? Чаму ён не працуе ў дачыненьні да простых людзей, якія спрабуюць адстаяць свае законныя правы і інтарэсы, пачынаючы зь перадвыбарчай кампаніі і заканчваючы завяршэньнем выбараў? Плюс тое, што дзеецца ў нацыянальных беларускіх сродках масавай інфармацыі, зноў жа, мы бачым, што там адбываецца такая чахарда. Ня трэба мець лоб на сем пядзяў, каб разумець, што ідзе прамываньне мазгоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG