Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі музыка, які граў для пратэстоўцаў, зьехаў зь Беларусі

Аляксандар Івачоў
Аляксандар Івачоў

Берасьцейскі вулічны музыка Аляксандар Івачоў, які падчас акцый пратэсту граў у сваёй кватэры на Савецкай «Священную войну», зьехаў зь Беларусі. Пра гэта берасьцеец паведаміў Tut.by.

Аляксандар Івачоў цяпер за мяжой. Паводле музыкі, рашэньне зьехаць з краіны ён прыняў, баючыся перасьледу за сваю грамадзянскую пазыцыю.

«Каб быць карысным, я вымушаны быў зьехаць», — сказаў Tut.by Аляксандар Івачоў.

Цяпер ён працуе над аўдыёвізуальным праектам, які прысьвечаны беларускім пратэстам.

Падчас акцый пратэсту 9 і 10 жніўня, калі калёны пратэстоўцаў ішлі пад вокнамі ягонай кватэры на вуліцы Савецкай, Аляксандар Віктаравіч адчыняў бальконныя дзьверы і граў «Священную войну», а таксама іншыя ваенна-патрыятычныя песьні, савецкія рамансы. За гэта 12 жніўня да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі і правялі ў Берасьцейскі РАУС.

Паводле музыкі, у райаддзеле яго ня білі, але ў грубай форме «папрасілі» ня граць больш «Священную войну». Пасьля «прафіляктычнай гутаркі» Аляксандра адпусьцілі. У той жа дзень ён зрабіў сабе банэр «Музыка з народам», які павесіў на балькон, і працягнуў свае хатнія канцэрты па нядзелях.

Пасьля Маршу нязгодных 6 верасьня ў дзьверы Аляксандру Віктаравічу пазванілі невядомыя. Хто да яго прыходзіў, музыка не разгледзеў: вочка закрылі пальцам. Ён не адчыніў, невядомыя пастаялі і сышлі. Пасьля гэтага берасьцейцу на мабільны патэлефанавалі і, не прадставіўшыся, паклікалі яшчэ раз наведаць Берасьцейскі РАУС.

Музыка вымушана зьехаў са сваёй кватэры за горад, а празь некаторы час — за мяжу.

XS
SM
MD
LG