Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволенага рэдактара «Нашай нівы» выклікаюць у суд у адміністрацыйнай справе


Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар "Нашай нівы", Архіўнае фота.
Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар "Нашай нівы", Архіўнае фота.

Як паведаміла Адар’я Гуштын, жонка зьняволенага галоўнага рэдактара «Нашай нівы», яе мужу прыслалі позву ў суд.

Ягору Марціновічу прыйшла позва ў суд Заводзкага раёну Менску, на панядзелак, 28 верасьня ў 10.00. У ім сказана, што ў адносінах Ягора вядзецца адміністрацыйны працэс — за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

Адар’я Гуштын лічыць, што гэта можа быць справа па факце ягонага затрыманьня 11 жніўня, калі спэцназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, пабілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводзкага РУУС, а пасьля перавезьлі ў жодзінскую турму. Агулам ён быў затрыманы 2 з паловай дні.

Пасьля Ягора прывезьлі на машыне пад МУС на Гарадзкі вал, дзе ў прысутнасьці прэс-сакратара МУС Вольгі Чамаданавай перадалі жонцы і калегам.

Адар'я нагадвае, што гэтая сытуацыя пасьля абмяркоўвалася на сустрэчы рэдактараў з прадстаўнікамі МУС і Міністэрства інфармацыі, Вольга Чамаданава публічна заяўляла, што яны разьбяруцца, хто і чаму выцягнуў журналіста з машыны, біў і трымаў на зямлі.

«Пра вынікі «разбору» нічога невядома. Затрымаць Ягора ў адміністрацыйным парадку яшчэ раз у гэтай справе нельга, нагадаю, ён ужо адсядзеў 2,5 дня, і нават калі тады не аформілі пратакол затрыманьня, то ён быў зарэгістраваны ў Жодзіне, МУС давала шматлікія камэнтары пад запіс пра ягонае затрыманьне, зрабіць выгляд, што нічога гэтага не было», — перакананая Адар'я Гуштын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG