Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Сяргей Зікрацкі: Справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча павінны неадкладна спыніць


Затрыманьне Ягора Марціновіча, 23 верасьня
Затрыманьне Ягора Марціновіча, 23 верасьня

Адвакат Сяргей Зікрацкі ўпэўнены, што справа супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча павінна быць неадкладна спыненая, бо ў яго не было прамога намеру на паклёп.

У сваім фэйсбуку адвакат напісаў юрыдычнае абгрунтаваньне таго, чаму журналіста нельга судзіць за паклёп.

«За паклёп наогул нельга судзіць. Міжнародныя прынцыпы свабоды выказваньня меркаваньня і дзейнасьці мэдыя зыходзяць з таго, што адказнасьць за паклёп можа быць толькі грамадзянска-прававая. Калі былі распаўсюджаныя выказваньні, якія некага ганяць, то на мэдыя або журналіста можа быць накладзены штраф. Але журналіст не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці», – напісаў Зікрацкі.

Аднак, адзначыў ён, у некаторых краінах, у тым ліку ў Беларусі, яшчэ засталася крымінальная адказнасьць за паклёп. Паводле слоў адваката, артыкул 188 Крымінальнага кодэкса Беларусі прадугледжвае, што адказнасьць за паклёп надыходзіць толькі пры наяўнасьці прамога намеру. «Гэта азначае, што асоба ведае, што зьвесткі недакладныя, тым не менш іх распаўсюджвае», – растлумачыў адвакат.

«Журналіст, які атрымлівае інфармацыю ад сваіх крыніц, не можа дакладна ведаць, кажа крыніца праўду ці не. У гэтай сувязі ў журналіста ў абсалютнай большасьці выпадкаў не можа быць прамога намеру на распаўсюд ілжывых выказваньняў», – заявіў Зікрацкі.

Раніцай 23 верасьня ў кватэры Ягора Марціновіча правялі ператрус супрацоўнікі ўпраўленьня ўласнай бясьпекі МУС. З кватэры канфіскавалі кампутэрную тэхніку, тэлефоны і лічбавыя носьбіты Ягора Марціновіча і яго жонкі журналісткі Tut.by Адарʼі Гуштын. Марціновіча вывезьлі з кватэры пасьля ператрусу для допыту ў Цэнтральным апараце Сьледчага камітэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG