Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхарка Ліды падчас суду страціла прытомнасьць. Судзьдзя сышоў з паседжаньня


Лідзянку Тацяну судзілі за ланцуг салідарнасьці. Падчас паседжаньня яна страціла прытомнасьць і трапіла ў шпіталь. Судзьдзя Аляксандар Гаўрылаў сышоў з залі. Хуткую для жанчыны выклікалі сябры.

Тацяне 52 гады. Жыве ў Лідзе, працуе ў прыватнай фірме, займаецца дакумэнтамі і кансалтынгам. Свайго прозьвішча просіць не называць, каб за яе не перажывала пажылая маці (дадзеныя ёсьць у рэдакцыі).

Як расказала Тацяна, яна сёлета выходзіла на акцыі салідарнасьці ў Лідзе. На яе склалі адміністрацыйны пратакол за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве 29 жніўня. Тады каля сотні жанчын з кветкамі сабраліся каля Фарнага касьцёла, сьпявалі «Купалінку». Міліцыянты іх папярэджвалі, што акцыя недазволеная, здымалі на відэа. Нікога не затрымлівалі. Пазьней Тацяне ў паштовую скрыню кінулі ўжо складзены пратакол.

Суд па гэтай справе пачаўся 16 верасьня ў Лідзе. Тацяну абвінавачвалі ў тым, што яна выгуквала лёзунгі супраць дзейнай улады. Яна сама кажа, што ніхто нічога не выгукваў, проста размаўлялі паміж сабой, сьпявалі і мірна стаялі.

На судзе Тацяну пачалі дапытваць. Яна настойвала, каб суд зьверыў арыгінал і копію пратаколу, бо ў першым зьявіліся запісы, якіх не было ў экзэмпляры Тацяны.

«Відаць, судзьдзі не спадабалася, што я занадта спакойная была. Я сабе не дазваляла павысіць голас. Судзьдзя пачаў раздражняцца. Казаў: „Калі вы за ідэю, то за яе трэба стаяць да канца“, „У вас вышэйшая адукацыя, а вы не разумееце“. Потым пачаў усё больш павышаць голас, напрыканцы сарваўся амаль на крык. Стаў мне пагражаць, што мне пагражае ад штрафу да арышту. Калі я пачула слова „арышт“, далей я ўжо нічога ня памятаю», — кажа Тацяна.

Ачулася яна ўжо на падлозе.

Як расказала паплечніца Тацяны Ганна, тая падчас допыту страціла прытомнасьць. Калі падала, зачапіла галавой рог лаўкі. Пасьля ў яе засталася гематома на патыліцы памерам з кулак. Судзьдзя Аляксандар Гаўрылаў адразу ж устаў і моўчкі выйшаў з залі. Хуткую выклікалі сяброўкі Тацяны, якія прыйшлі яе падтрымаць на судзе. Міліцыянты, якія прысутнічалі ў будынку суду, не пагадзіліся дапамагчы перанесьці жанчыну ў машыну хуткай. Мэдыкам дапамагалі несьці жанчыну самі дзяўчаты.

Асудзіць Тацяну ў той дзень не пасьпелі.

Тацяна страціла прытомнасьць упершыню ў жыцьці. Кажа, што не хвалявалася. Але разгубілася, калі судзьдзя загаварыў пра арышт.

«Я не чакала, што судзьдзя пачне пагражаць арыштам за тое, што я проста з кветкамі пастаяла», — кажа яна.

Больш за тыдзень яна ляжыць у шпіталі. У яе дыягнаставалі страсеньне мозгу. Вялікая гематома на патыліцы паволі сыходзіць. Адчувае сябе Тацяна пакуль ня вельмі добра.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG