Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ходзяць грамілы і пагражаюць спартоўцам, а міністэрства цкуе за стужачкі», — чэмпіён сьвету ў самба


Чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба Сьцяпан Папоў

«У нас трэнаваліся тыя, хто пасьля самба пайшлі служыць у АМАП. Ёсьць катэгорыі, якія лёгка паддаюцца ідэалёгіі. Адчуваецца, што людзей замбуюць, разьвязваюць ім рукі — і яны потым твораць такія жахлівыя рэчы». Чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба Сьцяпан Папоў паразважаў у інтэрвію Свабодзе пра дзяржаву, якая множыць «ворагаў народу».

Сьцяпан Папоў — заслужаны майстар спорту, чэмпіён сьвету і Эўропы ў самба, інструктар нацыянальнай зборнай, сябра камісіі спартоўцаў Міжнароднай фэдэрацыі самба (FIAS). Першы самбіст у гісторыі, ушанаваны ўзнагародай Fair Play за сумленную барацьбу. У фінальным паядынку Эўрапейскіх гульняў-2015 у Баку, дзе беларус выйграў золата, літаральна вынес на плячах траўмаванага суперніка. Пасьля гэтага атрымаў мянушку «высакародны».

Пратэстныя спартоўцы Аляксандра Герасіменя, Андрэй Краўчанка, Канстанцін Якаўлеў, Сьцяпан Папоў, Ягор Мешчаракоў, Надзея Астапчук, Валянціна Зелянкевіч
Пратэстныя спартоўцы Аляксандра Герасіменя, Андрэй Краўчанка, Канстанцін Якаўлеў, Сьцяпан Папоў, Ягор Мешчаракоў, Надзея Астапчук, Валянціна Зелянкевіч

Ён не хавае, што збольшага ляяльна ставіўся да ўладаў, як і многія калегі, лічыў сябе апалітычным. Аднак сёлетняя прэзыдэнцкая кампанія зь несувымерным гвалтам сілавікоў супраць мірных дэманстрантаў прымусіла заняць актыўную пазыцыю.

«Мінспорту хоча, каб усё было як у казарме»

Сьцяпан Папоў падпісаўся пад адкрытым лістом амаль 600 працаўнікоў спартовай галіны з палітычнымі патрабаваньнямі да ўладаў. З расьцяжкай «Народ чэмпіён!» ён у першых шэрагах на нядзельных маршах. Сябра Свабоднага аб’яднаньня спартоўцаў, якое паўстала ў адказ на гвалт і беззаконьне ў краіне.

За гэта цяпер разам зь іншымі падпісантамі даводзіцца супрацьстаяць ціску з боку функцыянэраў ды ідэалягічнай апрацоўцы. У гэтым зьвязку вядомыя спартоўцы запісалі відэазварот да кіраўніцтва галіны з патрабаваньнем спыніць прэсінг і пагрозы.

— Сьцяпан, шырока абмяркоўваюцца абмежавальныя навацыі Міністэрства спорту і турызму — так званы дадатак да прафэсійных кантрактаў. Тут і забарона на інтэрвію без папярэдняй санкцыі, і карыстаньне «незарэгістраванай сымболікай», і г.д. Дык што, абвешчаная вайна ўсім, хто западозраны ў неляяльнасьці да ўлады?

— Ня столькі вайна, колькі страх, праява таго, што яны насамрэч баяцца пераменаў. Справа ж ня ў сымбалях, а ў праўдзе і справядлівасьці, якіх мы хочам дамагчыся, каб нас чулі і разумелі вышэйшыя чыны. Таму што спартовец не салдат, яму ня трэба ў адзін і той жа час быць у адным і тым жа месцы.

Высакародны ўчынак беларуса ў фінале Эўрапейскіх гульняў-2015
Высакародны ўчынак беларуса ў фінале Эўрапейскіх гульняў-2015

Кожны атлет рыхтуецца індывідуальна. Можна націснуць на лекара, настаўніка, рабочага, у якіх нармаваны графік. Нас прымушаць няма неабходнасьці, кожны сам зацікаўлены падтрымліваць форму. Я з катэгорыі 30+, мне нельга перабаршчыць з нагрузкай. Таму сам адчуваю, калі прыпыніцца. Мой трэнэр бачыць, які трэніровачны цыкль найбольш прымальны. А Мінспорту хоча, каб усё было як у казарме.

— Зыходзячы з дакумэнту, цяпер спартоўцаў будуць правяраць на веданьне дзяржаўнага гімну — проста як на дзіцячым ранішніку. Выклікае сумневы, што такім штучным чынам можна выпрацаваць патрыятызм.

Беларускі чэмпіён сьвету і Эўропы
Беларускі чэмпіён сьвету і Эўропы

— Я ведаю на памяць словы гімну, але ніколі яго не сьпяваў. Проста саромеюся адкрываць рот — ну дзеля чаго прымушаць рабіць тое, што ты ня ўмееш, што будзе выглядаць камічна? У мяне няма голасу, а імітаваць проста не хачу. Дарэчы, многія аналягічна разважаюць. Нехта гатовы сьпяваць, я — не. Але так усё абстаўлена, што зьбіраюцца правяраць тэкст, ці ў такт шавеляцца губы. І што далей — будуць прымаць залікі, ставіць, як у школе, адзнакі ці на 100 рублёў заробкі падымуць, калі гімн вывучыў?

— Паводле такой лёгікі, каго пабачаць не пад тым сьцягам — як цяпер у спартовай калёне на маршах — наогул запішуць у «ворагі народу»?

— Пэўна, што так. І ня толькі пра сьцягі гаворка. У многіх спартоўцаў ёсьць асаблівыя талісманы, сэнсавыя жэсты. Хтосьці для жонкі складае з пальцаў сэрцайка, прысьвяціўшы ёй перамогу. Цяпер гэта ўжо ледзь не крамола, таксама могуць прыпісаць «незарэгістраваную сымболіку». Ці кулак або знак вікторыі. Нейкае трызьненьне. Зразумела, што непрымальна паказваць заведама абразьлівыя «фігуры», выкідваць нацысцкія «зігі» і т.п. Але ж усе людзі разумныя, ніхто гэтага не рабіў і не зьбіраецца.

«Крыўдна, што зь цябе спрабуюць зрабіць ідыёта»

— Шокам сталі расказы атлетаў, як да іх без папярэджаньня заяўляўся намесьнік міністра Міхаіл Партной і прымушаў адклікаць подпісы пад калектыўным лістом, пагражаў наступствамі. Для пацьверджаньня сур’ёзнасьці намераў нібыта браў з сабой генэральнага сакратара фэдэрацыі дзюдо Руслана Шарапава. Нейкі сюр зь «ліхіх 1990-х».

З супернікам на татамі
З супернікам на татамі

— Калі Руслан стаў галоўным трэнэрам па дзюдо, я ўжо быў у самба. Але езьдзілі разам на зборы, адклалася пару карцінак. Яшчэ да сьняданку ён прымушаў усіх бегаць, прычым шмат і доўга. Апраналі кімано — і наперад. Я «сава», і майму арганізму цяжка пасьля такога стрэсу прыйсьці ў норму. Ён вайсковец, і ў яго ўсё паводле армейскага раскладу: усталі — пабеглі. Другі момант — актыўныя гульні. У той жа футбол заўсёды зьбіраў моцную каманду, якая пэўна пераможа. Не бянтэжыла нават, калі ў яго 7 чалавек, а ў суперніка толькі 3.

Таму нічога дзіўнага: загадалі — ён і паехаў. Цяпер кожны хоча нешта ўрваць пад сябе. Асабіста я лічу, што знаходзіцца ў кампаніі такіх людзей — нават не пагражаць, а быць сьведкам — падстава задумацца, навошта яму гэта трэба. Бо такія паводзіны ненармальныя ва ўсіх адносінах.

Сьцяпан з маленькімі самбістамі
Сьцяпан з маленькімі самбістамі

Хочаш пагаварыць — прызнач сустрэчу, пакліч у кабінэт, прыедзь на трэніроўку. А завальвацца ў суправаджэньні амбалаў — рэальна страшна. Ну ўявіце: на парозе зьяўляецца граміла — здаровы лысы Шарапаў, і намесьнік міністра, у якога благая слава ў кантактах зь людзьмі. Без намёку на дыялёг, толькі маналёг: чаго табе не хапае, вы ўсе праплачаныя, не хадзіце на маршы. Гэта не канструктыўныя адносіны. Псыхалягічны ціск, які ў цывілізаваным сьвеце немагчымы. Каб такое здарылася ў іншай краіне, паляцеў бы пазоў у суд. На жаль, ня з нашым правасудзьдзем.

— Пад расьцяжкай «Спартоўцы з народам» ідуць баскетбалісты, гандбалісты, валейбалісты, лёгкаатлеты. Ну, і прадстаўнікі адзінаборстваў, хоць іх магло быць і больш. Магчыма, праблема, што старшынёй Фэдэрацыі кікбоксінгу і тайбоксу — міністар унутраных спраў Юры Караеў? Адсюль і вымушаная «ляяльнасьць»...

Сям’я: любімыя дзяўчаты Сьцяпана Папова
Сям’я: любімыя дзяўчаты Сьцяпана Папова

— Ведаеце, я доўгі час і сам да ўлады заставаўся ляяльны. У мяне да прэзыдэнта асаблівых прэтэнзій не было. Але хто не сьляпы, сёньня выразна бачыць: кіраўніцтва краіны незваротна перайшло чырвоную лінію. Два месяцы да выбараў і драматычныя падзеі пасьля іх цалкам перавярнулі маю сьвядомасьць. Самае крыўднае, што зь цябе спрабуюць зрабіць ідыёта — маўляў, ніякага гвалту не было. Таму заткніцеся і жывіце далей. Прычым з кожным днём цынізм усё мацнейшы.

І чым больш я супраціўляўся, тым больш ціснулі. А спартоўцаў нельга прэсаваць. У мяне такі характар, што калі пачынаюць ціснуць, я даю адпор. Я самбіст, прывык змагацца, перамагаць. Так, у нечым складана, цяжка, але гэта значыць, ёсьць нагода мабілізавацца.

«Выцягнулі з машыны, зьбілі, кінулі на Акрэсьціна»

— Чуў, што хтосьці са сваякоў, словамі ўсё таго ж кіраўніка МУС Караева, «трапіў пад раздачу»?

— Так, стрыечнага брата з 9 па 13 жніўня трымалі на Акрэсьціна. Уся сям’я шалела, ніхто нічога ня ведаў, давалі ілжывую інфармацыю. Толькі праз чатыры дні знайшоўся — гематома галавы, зьдзекі, прыніжэньні. Кажа, што яшчэ пашанцавала. Ну як такое магчыма? Спрабуе змагацца, бо ёсьць 100-працэнтныя доказы, што знаходзіўся ў месцы, дзе ніякіх мітынгаў і блізка не было. Камэры, відэа, сьведкі. Выцягнулі з машыны, зьбілі, загрузілі ў аўтазак. Суд тры разы пераносілі, матэрыялы «на дапрацоўку». На жаль, закон не працуе.

Дыплём ляўрэата ўзнагароды Fair Play
Дыплём ляўрэата ўзнагароды Fair Play

У маёй біяграфіі шмат было момантаў зь неаб’ектыўным судзействам. Там прыціснулі, тут прыціснулі. Мог бы яшчэ раз і чэмпіянат сьвету выйграць, і Эўропы, але ніхто за мяне ня ўпісваўся. З часам назапасілася злосьць на несправядлівасьць. Цяпер такая ж сытуацыя з выбарамі. Разумееш, што ў цябе скралі голас, гвалтам забралі з вуліцы, ні за што асудзілі.

— У выпадку са спартоўцамі сытуацыя наогул унікальная. За чвэрць стагодзьдзя хіба пару чалавек знаходзілі сілы публічна скрытыкаваць уладу — як вясьляр Уладзімер Парфяновіч, шахматыст Віктар Купрэйчык. Цяпер жа колькасьць незадаволеных ідзе на сотні!

— Што я і казаў: спартоўцаў цкаваць нельга. Сваёй пазыцыяй мы ў тым ліку дэманструем, што ў Міністэрстве спорту поўны бардак. Ведамства, якое пакліканае абараняць нашы інтарэсы, выстаўляе нас ворагамі. Над усім ставіцца ідэалёгія, дэманстрацыя адданасьці вышэйшаму кіраўніцтву. Мы выказваем грамадзянскую пазыцыю — нас прэсуюць матэрыяльна, фізычна, псыхалягічна. Бо калі прыходзяць Партной з Шарапавым — гэта прамы «наезд», што непрымальна для нармальнага грамадзтва. Шкада, што няма дыялёгу, нас проста ня хочуць пачуць. Верагодна, баяцца пытаньняў, на якія ня ведаюць, што адказаць.

«Сілавікам убіваюць у галовы розную дурату»

— Сьцяпан, не сакрэт, што трэнэры ў боксе, адзінаборствах працуюць інструктарамі падчас падрыхтоўкі сілавікоў. Самбісты дапамагалі тым жа байцам АМАП, давер да якіх сёньня практычна на нулі?

— У нас трэнаваліся людзі, якія пасьля самба пайшлі служыць у АМАП. Я іх ведаў, рыхтаваўся побач. Але калі пабачыў, што яны выстаўляюць у сацсетках, проста заблякаваў іх у сябрах, нават ня бачу, што дасылаюць. Адчуваецца, што людзей замбуюць. Ёсьць катэгорыі насельніцтва, якія лёгка паддаюцца ідэалёгіі. Так і сілавікам убіваюць у галовы розную дурату, разьвязваюць рукі, і яны потым твораць такія жахлівыя рэчы.

Спартоўцы са зьняволенай сябрай Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай
Спартоўцы са зьняволенай сябрай Каардынацыйнай рады Марыяй Калесьнікавай

Той жа Шарапаў. Ну што яго штурхнула на такі крок? Глыбінных матываў ня ведаю, але ёсьць фатаздымкі, з кім прыходзіў і да каго. Ужо ня скажа, што «паклёп». Ведаю, што на многіх ціснулі, толькі баяцца пра гэта гаварыць. Дзякуй Богу, ёсьць фонд падтрымкі, спартоўцы адчуваюць сябе абароненымі. Бо калі прыйшлі да аднаго запалохалі, да другога — страшна застацца сам-насам з гэтым. Мы прызвычаіліся ў гэтай сыстэме, што няма каму паскардзіцца. Міністэрства не дапамагае, а наадварот, прэсуе.

— У пэўным сэнсе ўсё становіцца на свае месцы. Здаеш залік на веданьне гімну — свой. Працягваеш артачыцца — чужы...

— Крыўдна, што яны зараз прадэманстравалі: якім бы добрым спартоўцам ні быў, якіх бы вынікаў ні дасягнуў, ты нікому не патрэбны, калі пачынаеш адкрываць рот. Ну вось Мікалай Іванавіч Казека. Для мяне ня толькі трэнэр, які прынёс Беларусі найвышэйшыя вынікі, а і прыклад таго, як зьяднаць каманду. Калі прыходзілі іх прэсаваць, ён устаў і сказаў: я сваіх дзяцей крыўдзіць не дазволю. Таму яго так любяць. І калі ў нас увесь спорт стане такі, будуць і мэдалі, як у фрыстайле.

Беларускі волат Сьцяпан Папоў
Беларускі волат Сьцяпан Папоў

А як за грамадзянскую пазыцыю атрымліваеш абвінавачаньні нават ад калегаў — маўляў, ганьбіш наш від, усіх падставіў, зрэжуць фінансаваньне — такой дысцыпліне засталося існаваць нядоўга. Мабыць, і з прычыны слабой еднасьці ў апошнія гады самба завяла. Ідэалёгія мусіць быць іншая, новая, крэатыўная. Трэнэры, спартоўцы павінны супольна тварыць, а не выконваць загады, да апошняга трымаючыся за заробкі. У галіне поўны бардак, а займаюцца абы-чым. Ходзяць падазроныя элемэнты, пагражаюць спартоўцам, а міністэрства цкуе за стужачкі, сьцяг, герб. Ня ў той бок капаеце, не туды рухаецеся. Гэта не разьвіцьцё, а рэгрэс. Можа, нехта хоча жыць у краіне з «паняцьцямі» замест законаў, я — не.

Сьцяпану Папову 36 гадоў, ён са спартыўнай сям’і. Бацькі пазнаёміліся падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце фізычнай культуры. У Менску нарадзіліся два сыны, а пасьля пераехалі на радзіму таты ў Лепель. Бацька, фанат самба і дзюдо, стаў для Сьцяпана першым трэнэрам. Мама працавала з лыжамі, але таксама выканала разрад майстра спорту па самба.

У канцы школы Сьцяпан пераехаў у Наваполацак, займаўся ў вучэльні Алімпійскага рэзэрву. Затым паступіў у Рэспубліканскую вучэльню Алімпійскага рэзэрву ў Менску.

Чэмпіён сьвету і Эўропы, неаднаразовы прызэр, а таксама чэмпіён першых Эўрапейскіх гульняў у Баку і ўладальнік бронзы на аналягічных спаборніцтвах у Менску. Заслужаны майстар спорту.

Спартовец-інструктар нацыянальнай каманды, ляўрэат публічнага конкурсу «Трыюмф. Героям спорту» 2015 і 2016 гадоў, уладальнік узнагароды Fair Play. Сябра камісіі спартоўцаў Міжнароднай фэдэрацыі самба (FIAS).

Заслужаны майстар спорту Сьцяпан Папоў
Заслужаны майстар спорту Сьцяпан Папоў

Акрамя спартовых, сьцяпан Папоў мае і цывільныя спэцыяльнасьці. Скончыў Беларускі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт.

Жанаты, двое дзяцей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG