Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе вызваліць галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча 


Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»
Ягор Марціновіч, галоўны рэдактар «Нашай Нівы»

23 верасьня Ягора Марціновіча затрымалі паводле падазрэньня ў «паклёпе». Падставай стаў матэрыял, дзе згадваецца намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі Аляксандар Барсукоў.

З гэтай нагоды Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) выступіла з заявай:

«У крымінальным перасьледзе Ягора Марціновіча з прыцягненьнем да гэтага супрацоўнікаў сілавых структураў мы бачым праявы цэнзуры і злоўжываньня прававымі нормамі для абмежаваньня свабоды слова», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

У зьвязку з гэтым БАЖ патрабуе неадкладна вызваліць Ягора Марціновіча і спыніць крымінальны перасьлед.

17 жніўня «Наша Ніва» апублікавала інтэрвію з дыджэем Уладам Сакалоўскім, які расказаў, што ў турме на Акрэсьціна яго зьбіваў Барсукоў. Па яго словах, на трэці дзень у карцар прыйшоў нейкі начальнік і некалькі разоў яго ўдарыў. Пасьля выхаду Сакалоўскі пазнаў у гэтым начальніку намесьніка міністра ўнутраных спраў Барсукова.

Барсукоў сапраўды прыяжджаў у турму на Акрэсьціна 14 жніўня, ён запэўніваў сваякоў, што ў камэрах нікога ня б’юць і не катуюць.

23 верасьня ў кватэры Ягора Марціновіча і яго жонкі, журналісткі парталу Tut.by Адар‘і Гуштын, прайшоў ператрус. Забралі ўсю лічбавую тэхніку, тэлефоны, флэшкі, пашпарты, сім-карты.

Марціновіча разам з адвакатам павезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, пазьней стала вядома, што на трое сутак ён зьмешчаны ў ізалятар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG