Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд агучыў вырак былому галоўнаму архітэктару Менску Паўлу Лучыновічу


Павал Лучыновіч, архіўнае фота
Павал Лучыновіч, архіўнае фота

23 верасьня суд Заводзкага раёну Менску абвясьціў прысуд па справе былога галоўнага архітэктара Менску Паўла Лучыновіча: яго прызналі вінаватым у атрыманьні хабару і прызначылі пакараньне ў выглядзе 1,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе Tut.by.

Пры гэтым тэрмін зьняволеньня скарацілі на год паводле амністыі да 75-годзьдзя Перамогі. З улікам праведзенага ў СІЗА часу (з 16 сакавіка да пачатку верасьня 2019 году, калі Лучыновіча забралі з ізалятара ў лякарню) суд пастанавіў, што Павал Лучыновіч ужо адбыў увесь тэрмін пакараньня. Зь сёньняшняга дня ён на волі.

З Лучыновіча таксама было вырашана спагнаць 10,4 тысячы рублёў.

У дзень абвяшчэньня прысуду падтрымаць Паўла Лучыновіча прыйшлі ня толькі сваякі, але і былыя калегі.

Павал Лучыновіч стаў галоўным архітэктарам Менску ў лютым 2015 году. Да гэтага ён працаваў намесьнікам старшыні камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Яго затрымалі ў сакавіку 2019 году на тэрыторыі Менскага раёну пры атрыманьні хабару ў 4 тысячы даляраў ад індывідуальнай прадпрымальніцы Ноны Грышынай — за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў па ўзгадненьні будаўніцтва бізнэс-цэнтру на вуліцы Смалячкова, 14а і фітнэс-цэнтру на праспэкце Дзяржынскага. Паводле сьледзтва, сам Лучыновіч прасіў «Менскпраект» уключыць у праект дэталёвага плянаваньня (ПДП) бізнэс-цэнтар на Смалячкова, якога да гэтага там не было.

Нона Грышына на судзе настойвала, што бізнэс-цэнтар быў уключаны ў ПДП у прававым полі, а яго першапачатковае неўключэньне туды было памылкай «Менскпраекту», якую ўдалося выправіць толькі пры дапамозе камітэту архітэктуры. Паводле Грышынай, Лучыновіч яе не кансультаваў. Яна не адмаўляла факту перадачы грошай, але сьцьвярджала, што гэта ня хабар: яна вырашыла дапамагчы Лучыновічу грашыма, бо даведалася пра яго хваробы, а ён «палюбіўся ёй як сын і чалавек».

У лістападзе 2019 году суд над Лучыновічам адклалі празь ягоную хваробу: з ізалятара на Валадарскага яго перавялі ў 5-й клінічную лякарню. У яго былі паралізаваныя ногі. Паводле мэдыкаў, пасьля складанай апэрацыі на хрыбетніку яму была патрэбная шматмесячная рэабілітацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG