Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія краіны ўжо не прызналі Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам. Абнаўляецца

абноўлена

Картэж Лукашэнкі на пустым праспэкце ў Менску

Пасьля таемнага правядзеньня інаўгурацыі ў Менску прадстаўнікі шэрагу эўрапейскіх краін заявілі, што не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі.

У Менску таемна прайшла інаўгурацыя Лукашэнкі. Што адбываецца ў Беларусі 23 верасьня

ЗША

ЗША заявілі, што ня лічаць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі пасьля таго, як ён быў таемна інаўгураваны па выніках спрэчных выбараў.

Дзярждэпартамэнт ЗША паўтарыў, што ня лічыць, што выбары ў Беларусі 9 жніўня былі свабоднымі і сумленнымі.

«Абвешчаныя вынікі былі фальшывымі і ня сьведчылі аб легітымнасьці, — заявіла прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту Морган Артагус. — Злучаныя Штаты ня могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным кіраўніком Беларусі».

«Шляхам наперад павінен стаць нацыянальны дыялёг, які прывядзе да таго, каб беларускі народ карыстаўся правам выбару кіраўнікоў на свабодных і сумленных выбарах пад незалежным назіраньнем», — сказала прэсавая сакратарка Дзярждэпартамэнту.

Канада

«Канада асуджае неанансаваную інаўгурацыю Лукашэнкі пасьля сфальсыфікаваных выбараў. Яму не хапае легітымнасьці як дэмакратычна абранаму лідэру», — напісаў міністар замежных спраў Канады Франсуа-Філіп Шампань у Twitter.

Ён заявіў, што Канада заклікае да свабодных і справядлівых выбары для народа Беларусі. «Мы ўзгадняем зь міжнароднымі партнэрамі належны адказ», — дадаў Шампань.

Украіна

Украіна не прызнае Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам Беларусі

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Ўкраіна не прызнае Аляксандра Лукашэнку ў статусе новаабранага прэзыдэнта Беларусі.

«Украіна ніколі ня ўмешвалася ва ўнутраныя справы Беларусі і заўсёды будзе падтрымліваць беларускі народ. Улічваючы ход выбарчай кампаніі і наступныя падзеі, сёньняшняя „інаўгурацыя“ Аляксандра Лукашэнкі не азначае прызнаньне яго легітымным кіраўніком беларускай дзяржавы», — напісаў Дзьмітро Кулеба на сваёй афіцыйнай старонцы ў Tвітэры.

Літва

Міністар замежных спраў Літвы назваў інаўгурацыю Лукашэнкі фарсам.

«Які фарс, — напісаў Лінас Лінкявічус у Twitter. — Падробленыя выбары. Падробленая інаўгурацыя. Былы прэзыдэнт Беларусі не становіцца менш былым. Яго нелегітымнасьць — гэта факт з усімі наступствамі, якія адсюль вынікаюць».

Крыху пазьней з заявай выступіў і прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. Літва не прызнае Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі, і арганізаваная ў Менску цырымонія інаўгурацыі гэтай сытуацыі ня зьменіць, заявіў Наўседа.

«Літва не прызнае Лукашэнку законным кіраўніком Беларусі. Выбары 9 жніўня ў Беларусі не былі свабоднымі, сумленнымі і дэмакратычнымі. Ні таемныя, ні пампэзныя цырымоніі не абвергнуць гэтага неаспрэчнага факту і ня створаць ілюзію легітымнасьці», — заявіў у сераду прэзыдэнт Літвы. «Мы выказваемся за новыя дэмакратычныя выбары прэзыдэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў», — адзначыў Наўседа, чый камэнтар перадаў агенцтву BNS прэс-сакратар Антанас Бубняліс.

Польшча

Варшава не разглядае Лукашэнку як легальнага прэзыдэнта, гаворыцца ў паведамленьні МЗС краіны ў​ Twitter.

«Прэзыдэнт, абраны на недэмакратычных выбарах, ня можа разглядацца як такі, што легальна ажыцьцяўляе ўладу, незалежна ад таго, ці прысяга была сакрэтнай, ці афіцыйнай», — гаворыцца ў заяве зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы.

Славаччына

Паводле міністра замежных і эўрапейскіх справаў Славаччыны Івана Корчака, Аляксандар Лукашэнка ня мае легітымнасьці кіраваць Беларусьсю. Пра гэта кіраўнік славацкай дыпляматыі заявіў у Twitter.

«Ён нясе адказнасьць за прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Славаччына падтрымлівае грамадзянаў Беларусі», — напісаў Корчак.

Эстонія

Кіраўнік МЗС Эстоніі: «Лукашэнка відавочна страціў свой мандат».

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта Беларусі нелегітымная і супярэчыць дэмакратычным прынцыпам. Так выказаўся ў сераду кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу.

«Лукашэнка відавочна страціў свой мандат, — напісаў ён у Twitter. — Мы заклікаем да свабодных і справядлівых выбараў, каб народ Беларусі атрымаў прэзыдэнта, якога ён заслугоўвае».

Нямеччына

Нямеччына не прызнала Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі

Такую заяву афіцыйнага прадстаўніка нямецкага ўраду Штэфана Зайбэрта перадае Deutsche Welle.

Латвія

Латвія ня лічыць, што цырымонія інаўгурацыі, якая адбылася ў Менску, узаконьвае вынікі выбараў і дае Аляксандру Лукашэнку паўнамоцтвы заняць пасаду прэзыдэнта Беларусі ў шосты раз. Пра гэта афіцыйна заявіла Міністэрства замежных справаў гэтай краіны.

Раней пра непрызнаньне Лукашэнкі легітымным прэзыдэнтам Беларусі заявіў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс.

Паводле камэнтару прэсавага сакратара міністэрства Яніса Бэкэрыса, Латвія не прызнае вынікі гэтых выбараў і ня лічыць Аляксандра Лукашэнку законным прэзыдэнтам Беларусі.

Адначасова Латвія «пакіне адкрытымі дыпляматычныя каналы для супрацоўніцтва зь Беларусьсю на тэхнічным узроўні».

Чэхія

Чэская рэспубліка не прызнала інаўгурацыю Лукашэнкі легітымнай

«Выбары ў Беларусі не былі ні вольнымі, ні справядлівымі, — напісаў у Twitter міністар замежных справаў Чэхіі Томаш Пэтршычак. — Таму іх вынік нелегітымны, таму і сёньняшняя інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі нелегітымная. Беларуская грамадзянская супольнасьць мае поўную падтрымку Чэскай Рэспублікі. Беларусы заслугоўваюць свабоды».

Данія

Міністар замежных справаў Даніі: «Лукашэнка пацьвердзіў брак легітымнасьці прызначэньнем сакрэтнай інаўгурацыі».

«Беларусі патрэбны вольныя і справядлівыя выбары, дэмакратычна выбраны прэзыдэнт, — напісаў у Twitter міністар замежных справаў Даніі Епэ Кофад. — Сфальсыфікаваныя выбары павінны прывесьці Лукашэнку не ў прэзыдэнцкі палац, а ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG