Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Або яе дзеці будуць расьці сіротамі, або яна пакіне краіну», — прэс-сакратарка Ціханоўскай пра яе ад’езд зь Беларусі


Ганна Красуліна

Прэс-сакратарка Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна ў інтэрвію латвійскаму каналу «И Грянул Грэм» сярод іншага адказала на пытаньне, чаму Сьвятлана Ціханоўская зьехала зь Беларусі.

На пытаньне, што адбылося тады на сустрэчы ў ЦВК, пасьля якой Сьвятлана Ціханоўская прыняла рашэньне зьехаць зь Беларусі, Ганна Красуліна адказала:

«Па-ранейшаму Сьвятлана гэтага не расказвае, але, зыходзячы з таго, што мы з вамі чулі, абсалютна відавочна, што яна зьехала не сама, што яе паставілі перад вельмі жорсткім выбарам, і гэты выбар, ведаеце, уключаў: або яе дзеці будуць расьці сіротамі, або яна пакіне краіну. Мне, напрыклад, дастаткова гэтага, каб разумець яе ўчынак і ні ў якім разе яе за гэта не асуджаць».

10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі аб’яднанага штабу пайшла падаваць у ЦВК скаргу аб парушэньнях падчас правядзеньня выбараў. Яна прабыла ў ЦВК больш за 3 гадзіны. Паводле прэс-сакратаркі штабу Ганны Красулінай, пасьля таго, як Ціханоўская выйшла з ЦВК, яна сказала: «Я прыняла рашэньне» — і паехала ў невядомым кірунку.

Скаргу зарэгістравалі, паведаміў пасьля сустрэчы адвакат Віктара Бабарыкі Максім Знак. Паводле яго, Ціханоўскую нібыта папярэдзілі пра недапушчальнасьць дзеяньняў, якія спрыяюць масавым беспарадкам. Пазьней раніцай 11 жніўня стала вядома, што кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлана Ціханоўская зьехала ў Літву. Пазьней Вольга Кавалькова ў інтэрвію агенцтву «Інтэрфакс-Захад» сказала, што, на яе думку, «Сьвятлана прыняла рашэньне выехаць з краіны пад ціскам беларускіх уладаў». «Да яе паходу ў ЦВК ні пра які ад’езд не ішло гаворкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG