Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская, Кавалькова і Латушка выступілі ў Эўрапарлямэнце. Коратка пра асноўнае


Ціханоўская выступае ў Эўрапарлямэнце

Сьвятлана Ціханоўская і чальцы прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова і Павал Латушка выступілі на пасяджэньні камітэту Эўрапарлямэнту па міжнародных справах у Брусэлі.

Ціханоўская і Кавалькова выступілі асабіста, Латушка — па відэасувязі.

Ціханоўская расказала пра патрабаваньні да ўдзельнікаў акцый пратэсту ў Беларусі, заявіўшы, што тыя прадстаўляюць большасьць беларускага грамадзтва. Паводле яе слоў, ЭЗ не павінен прызнаваць легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі пасьля сфальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта. Яна заклікала да новых выбараў пры міжнародным назіраньні.

  • Ціханоўская заклікала да міжнароднага пасярэдніцтва для дыялёгу Лукашэнкі і апазыцыі

«У мяне да вас просьба. Калі ласка, падумайце аб тым, каб стварыць міжнародную кааліцыю, каб спрыяць вядзеньню перамоваў паміж Лукашэнкам і беларускім народам, які прадстаўляе Каардынацыйная рада», — сказала падчас выступу на пазачарговым пасяджэньні Камітэту па замежных справах Эўрапарлямэнту Сьвятлана Ціханоўская.

  • Ціханоўская прапанавала Эўрапарлямэнту сьпіс беларускіх афіцыйных асобаў для санкцыяў

«Я падрыхтавала сьпіс людзей, якія ўдзельнічалі ў жорсткім падаўленьні (пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі). Санкцыі да іх могуць быць ужытыя ў адпаведнасьці з эўрапейскім „актам Магніцкага“», — заявіла Ціханоўская ў панядзелак на слуханьнях па сытуацыі ў Беларусі, якія праходзяць у камітэце па замежных справах Эўрапейскага парлямэнту.

  • Вольга Кавалькова заклікала ўвесьці кропкавыя санкцыі супраць тых, хто адказвае за фальсыфікацыі і гвалт, і адначасова прыняць пакет дапамогі для Беларусі — пад кантролем прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Яна заклікала ЭЗ змагацца за вызваленьне палітвязьняў у Беларусі.
  • Па словах Кавальковай, усе падпісаныя Лукашэнкам дамовы не павінны быць прызнаныя Эўразьвязам законнымі.
  • Кавалькова адзначыла, што Лукашэнка «ўцягнуў Беларусь у вайсковы саюз з Расеяй» і пры гэтым палохае расейскае кіраўніцтва агрэсіяй Захаду. Яна выказала меркаваньне, што ў Крамлі ўжо стаміліся ад Лукашэнкі і падштурхоўваюць яго да канстытуцыйнай рэформы. Аднак, па яе словах, беларускі народ ня прыме такую рэформу, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

Латушка казаў пра жорсткасьці і рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. Ён заклікаў ЭЗ да салідарнасьці з ахвярамі рэпрэсій, а таксама заклікаў да санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў, вінаватых у парушэньні закону.

Зь семярых сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады двое не з уласнай волі пакінулі краіну, яшчэ чацьвёра арыштаваныя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG