Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дубінкі па прызначэньні» і «іх чакае суд». Што пра дзеяньні сілавікоў у Беларусі гавораць калегі з Украіны, Расеі, Грузіі і Кіргізстану


Ілюстрацыйнае фота

Падчас здушэньня пратэстаў у Беларусі загінулі ня менш за шэсьць чалавек. Аднаго знайшлі павешаным у парку, у дваіх стралялі падчас разгону. Таксама быў знойдзены мёртвым чалец камісіі, які адмовіўся падпісаць выніковы пратакол. Ніводная крымінальная справа па фактах іх сьмерці і гвалту з боку сілавікоў не заведзеная.

Аб дзеяньнях беларускіх сілавікоў і аб працы на пратэстах «Настоящее время» пагаварыла з прадстаўнікамі праваахоўных органаў Украіны, Расеі, Грузіі і Кіргізстану.

Старшыня Маскоўскага міжрэгіянальнага прафсаюзу МУС і Расгвардыі Міхаіл Пашкін:

Спачатку Лукашэнка крывёю зьвязаў з сабой сілавікоў, а цяпер яны ад яго ўжо ні на крок. У Расеі былі рознага роду дэманстрацыі, але там такога не было. Таму што Пуцін разумнейшы. У Расеі нікому рук не ламалі, не катавалі, ня білі. Жорстка затрымалі — і ў аўтазак. Ні з каго ня зьдзекаваліся. Гэта абсалютна розныя сытуацыі.

Загад на выкарыстаньне жорсткай сілы ідзе зьверху. У Беларусі аўтарытарны рэжым у гэтым пляне. Сам Лукашэнка пра гэта казаў. Калі зьверху сказана: «Любымі сродкамі», то любымі сродкамі і распраўляюцца.

На ўсіх супрацоўніках беларускай міліцыі няма нумароў, яны ў шаломах, у адрозьненьне ад заходніх паліцыянтаў, якія ўсе пранумараваныя, — тады можна высьветліць, хто каго ўдарыў. Мне ў гэтым пляне больш падабаюцца заходнія паліцыянты, на якіх ёсьць пазнакі з асабістымі нумарамі. У Расеі таксама хацелі такое ўвесьці, але пачалі хаваць жэтоны пад курткамі, бронекамізэлькамі, а звонку іх не відаць. Гэта робіцца для таго, каб беспакарана можна было біць каго заўгодна і каб да цябе не было ніякіх пытаньняў. І калі ім даюць загад, то, вядома, у парыве масавага вар’яцтва яны робяць усё, што ім скажуць.

У нас у Расеі адзін супрацоўнік паліцыі чатыры гады таму затрымаў чалавека, які ўкраў машыну, паклаў яго на зямлю і паставіў на яго нагу. Ён атрымаў чатыры гады. Экспэртыза паказала, што ён яго нават ня біў, а проста нагу паставіў зьверху.

У Расеі, можа, дэманстрантам і забараняюць нешта, не даюць ім хадзіць. Але ў Хабараўску ходзяць, паліцыя там нават блізка не зьяўляецца. А калі зьяўляецца, то нічога практычна ня робіць. Гэта зьвязана з тым, што няма палітычнага рашэньня гэтую акцыю спыняць. Вырашылі так, хай ходзіць народ. Можа, калі-небудзь стоміцца хадзіць. А Лукашэнка ня стаў трываць гэтага і зрабіў глупства. І цяпер яго ў Гаазе будуць судзіць.

Затрыманьне ўдзельніка акцыі «За сумленныя выбары», Масква, ліпень 2019
Затрыманьне ўдзельніка акцыі «За сумленныя выбары», Масква, ліпень 2019

Вячаслаў (просіць не называць прозьвішча). У часы Эўрамайдану (2013–​2014) кіраваў адным з падразьдзяленьняў «Беркута», якое брала ўдзел у разгоне пратэстаў у Кіеве. Цяпер Вячаслаў працуе ў Нацыянальнай паліцыі:

Ва ўсім сьвеце паліцыянты дзейнічаюць аднолькава. У іх ёсьць права выкарыстоўваць сілу, яны яе ўжываюць. Што было ў ЗША? Там проста даставалі зброю і стралялі або душылі. І ўсё нармальна, ніхто нічога не крычыць. А тут у Беларусі дык адразу такі ажыятаж. Паказваюць толькі, як супрацоўнікі міліцыі ўжываюць сілу, але ніхто ж не паказвае, як супраць іх выкарыстоўваюць сілу. Паглядзіце ў інтэрнэце, там ёсьць шмат ролікаў, дзе бʼюць супрацоўнікаў міліцыі. Ёсьць выказваньні, дзе ўжо пачынаюць пагражаць, як пагражалі нам у Кіеве, што мы апублікуем вашыя сьпісы з адрасамі: са школамі, дзе вашыя дзеці вучацца, дзе вашыя бацькі. Вось, заклікалі людзей: ідзіце спаліце машыну, спаліце хату. Тут гэтаксама сапраўды ў Беларусі ўжо цяпер пачынаецца.

Не патрэбны ніякія загады. Супрацоўнік праваахоўных органаў індывідуальна прымае рашэньне аб выкарыстаньні або невыкарыстаньні фізычнай сілы, спэцыяльных сродкаў і зброі. Калі супрацоўнік паліцыі пры выкананьні службовых абавязкаў і ў яго ўзьнікаюць абставіны для выкарыстаньня сілы, спэцсродкаў ці зброі, немагчыма яму чакаць загаду.

Хто будзе даваць яму гэты загад? Трэба прымаць рашэньні вельмі хутка. І яму дадзена такое права. Напрыклад, ты стаіш дзесьці і абараняеш абʼект. І тут падыходзіць нейкая колькасьць людзей і спрабуе захапіць гэты абʼект. І тут усе дзейнічаюць згодна са сваімі службовымі інструкцыямі. Інструктаж, вядома, праводзіцца перад кожным мерапрыемствам. Супрацоўнік паліцыі, перад тым як заступіць на службу, нават на патруляваньне, праходзіць інструктаж. Ёсьць адказныя па падразьдзяленьні, ёсьць кіраўніцтва, якое яго інструктуе.

Ва Ўкраіне ёсьць рэглямэнт нанясеньня ўдараў, ёсьць рэкамэндацыі, куды ня варта біць: ключыца, галава, вочы. Паліцэйскія гэта ведаюць і, як правіла, яны павінны імкнуцца нанесьці ўдар па мяккіх частках цела. Біць ляжачага чалавека нагамі — гэта ненармальна.

Я ніколі не сутыкаўся з адмовай выконваць загад. Вы ўсе хочаце пачуць, што нейкі кіраўнік высокага ўзроўню аддаў нейкі незаконны загад. Разумееце, гэта апрыёры немагчыма. Я служыў амаль трыццаць гадоў, але ніколі ня чуў, каб хтосьці аддаў такі загад.

Мы не адчувалі да пратэстоўцаў нэгатыву. Мы бачылі, што перад намі стаяць нашы грамадзяне. Дзесьці мы нават кагосьці шкадавалі, людзі былі розныя, адны людзі прыходзілі з добрымі намерамі, а іншыя нешта там кідалі. Рознае і стаўленьне да іх было.

Калі азірнуцца назад і паглядзець, прааналізаваць сытуацыю, то, думаю, што шмат было калегаў, якія падтрымлівалі Эўрамайдан. Я нават не скажу, што падтрымлівалі, але яны былі незадаволеныя той уладай, якая была, і тымі дзеяньнямі. Такіх людзей было вельмі шмат, але ў іх сваё бачаньне сіыуацыі. Пераменаў у дзяржаве хацелі ўсе, але ніхто з калегаў не хацеў, каб гэта адбылося сілавым спосабам.

Сутыкненьні на Майдане, Кіеў, 2014
Сутыкненьні на Майдане, Кіеў, 2014

Хація Деканаідзэ, былая кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны (2015–​2016), кіраўніца паліцэйскай акадэміі Грузіі (2007–​2012), брала ўдзел у рэфармаваньні ўкраінскай і грузінскай паліцыі:

Дзеяньні беларускіх сілавікоў — гэта савецкая рэпрэсіўная сыстэма, якая так і не рэфармавалася. Калі сыстэма абараняе толькі саму сыстэму і ўладу, то гэта азначае, што там з правамі чалавека наогул ня лічацца. Сілавыя структуры ў Беларусі дзейнічаюць супраць людзей, зьбіваюць людзей, і іх потым не караюць за гэта. Сілавікі там парушаюць абсалютна ўсе канвэнцыі, якія абараняюць правы чалавека, асабліва на дэманстрацыях.

Калі парушаецца парадак, то паліцыя мае права прымяняць спэцсродкі. Але калі спэцсродкі ўжываюцца для таго, каб здушыць маніфэстацыю, якая абараняе правы людзей, Канстытуцыю, — вядома, гэта незаконна.

У дэмакратычных грамадзтвах загад аддае начальнік паліцыі. У мяне быў досьвед працы ў праваахоўных структурах у постсавецкіх краінах, і я хачу сказаць, што чалавек, які прадстаўляе палітычны істэблішмэнт — кіраўнік МУС і гэтак далей, — ён ці яна не павінны аддаваць такога загаду. Вы ж разумееце, што гэта заўсёды палітычны загад. Так што начальнік паліцыі або паліцыянт сам па сабе павінен дзейнічаць паводле закону, які расьпісаны і зацьверджаны. І кожны паліцыянт павінен разумець, што калі ён парушыць закон, то будзе потым пакараны паводле закону.

Ёсьць рэглямэнт нанясеньня ўдараў. Гэта таксама тычыцца і спэцсродкаў. Але ні ў якім разе нельга біць людзей, якія проста выказваюць думку — гэта парушэньне правоў чалавека.

Сутыкненьні маніфэстантаў з паліцыяй, Тбілісі, чэрвень 2019
Сутыкненьні маніфэстантаў з паліцыяй, Тбілісі, чэрвень 2019

Артур Медэтбекаў, старшыня абʼяднаньня вэтэранаў «Антытэрор-Альфа», былы першы намесьнік старшыні Камітэту нацыянальнай бясьпекі Кіргізстану:

Што да Беларусі, думаю, што асобныя супрацоўнікі праваахоўных органаў там перавышаюць свае паўнамоцтвы. Яны хапаюць людзей, калі тыя ідуць па ходніках, па алеі або дзесьці каля дамоў. Гэта шмат каго дзівіць, грамадзкасьць ня толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

У супрацоўнікаў праваахоўных органаў ёсьць статут, ёсьць нормы, правілы, спэцыяльныя загады, паводле якіх яны павінны дзейнічаць, паводле якіх яны праводзяць трэніроўкі, рэпэтыцыі, падрыхтоўку. У большасьці выпадкаў супрацоўнікі атрымліваюць загад ад кіраўніцтва. Але сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў бываюць асобы, у якіх здаюць нэрвы, яны часам бываюць жорсткімі, перавышаюць свае службовыя паўнамоцтвы.

Выкарыстаньне спэцсродкаў сілавікамі залежыць ад сытуацыі. Калі мітынгоўцы ўжываюць кактэйль Молатава, камяні, палкі, пачынаюць біць, супраціўляцца, парушаюць грамадзкі парадак і чыняць пагромы, то супрацоўнікі праваахоўных органаў ужываюць спэцсродкі: той самы газ, тыя самыя шокеры — незалежна ад каманды, таму што ў інструкцыях гэта напісана. Калі мітынгоўцы перавышаюць свае грамадзянскія правы і адбываюцца падпалы, пагромы, то, натуральна найвышэйшае кіраўніцтва аддае каманду на больш жорсткія захады.

Калі вялізны натоўп мітынгоўцаў стаіць і крычыць, гэта аказвае псыхалягічны ціск на супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Калі сярод тысячы мітынгоўцаў ёсьць дзесьці 20-30 радыкальна настроеных людзей, а астатнія — тыя, хто вагаецца, то калі ідзе каманда «наперад», гэта можа стварыць сутыкненьні. Тым ня менш супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія там стаяць, калі ў іх няма загаду ўжываць спэцыяльныя сродкі, нейкія жорсткія захады, яны гэтага ня будуць рабіць.

Калі чалавек ужо ляжыць на зямлі, яго біць, вядома, нельга. Паліцыянты таксама не зьвяры. Калі чалавек ляжыць непрытомны, тым больш калі ён добраахвотна здаецца — навошта біць?

Калі найвышэйшае кіраўніцтва дае каманду страляць у свой народ або ўжываць вельмі жорсткія захады, то супрацоўнік праваахоўных органаў можа адмовіцца. У нас былі такія выпадкі. Але ён даваў прысягу, яму пагражае трыбунал. Зыходзячы з гэтага, за невыкананьне загаду кіраўніцтва, тым больш у такіх блізкіх да баявых умовах, яны нясуць ужо крымінальную адказнасьць. Але бывае і такое, што не адзін, а цэлая група супрацоўнікаў могуць адмовіцца. Могуць яны і больш ляяльна ставіцца да мітынгоўцаў. Былі выпадкі, калі пераходзілі на бок мітынгоўцаў. Чалавечы фактар ёсьць чалавечы фактар. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. Псыхалёгію людзей і іх норавы немагчыма давесьці да аўтаматызму, каб яны былі як зомбі. Усе людзі могуць памяняцца.

Ужываньне сьлезацечнага газу супраць маніфэстантаў, Бішкек, жнівень 2010
Ужываньне сьлезацечнага газу супраць маніфэстантаў, Бішкек, жнівень 2010

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG