Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марш пратэсту ў Магілёве
Марш пратэсту ў Магілёве

Пратэст у шахце. Што адбываецца на 44-ы дзень беларускіх пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 44-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

Пасьля пратэстаў мэдыкаў Лукашэнка прызначыў новых рэктараў мэдыцынскіх ВНУ

Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў прызначэньне рэктараў ВНУ мэдычнага профілю, паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Рэктарам Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту ўзгоднены Сяргей Рубніковіч, які да гэтага часу быў загадчыкам катэдры артапэдычнай стаматалёгіі і артадантыі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі.

Гомельскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт узначаліць ужо былы дацэнт катэдры інфэкцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ігар Стома.

Рэктарам Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту стане Алена Кроткава, якая раней была начальнікам галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкаму.

Галоўным дзяржаўным санітарным лекарам Беларусі прызначаны Аляксандар Тарасенка.

Апошнім часам дзейныя лекары і студэнты-мэдыкі адкрыта выказвалі абурэньне непраўдзівай статыстыкай захварэлых і памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі, а таксама неапраўданым гвалтам міліцыі супраць мірных дэманстрантаў, якія станавіліся пацыентамі лякарняў.

Справа Латыпава: «У чалавека, які прафэсійна займаецца зьнішчэньнем баршчэўніку, знайшлі хімрэактывы. Проста сьмешна!»

Сьцяпан Латыпаў
Сьцяпан Латыпаў

У суботу дзяржаўныя тэлеканалы паведамілі, што Сьцяпан Латыпаў, жыхар знакамітага менскага двара, дзе на трансфарматарнай будцы мурал з «дыджэямі перамен», меў намер выкарыстоўваць атрутныя рэчывы супраць міліцыі. Свабода разьбіралася, наколькі гэта магчыма.

Сьцяпана Латыпава затрымалі 15 верасьня ў ягоным двары на Сморгаўскім тракце, 1. Узламалі дзьверы ў кватэру, учынілі ператрус, забралі флэш-карты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі, ключы ад аўтамабіля, банкаўскія карткі і наяўныя грошы. Абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і зьмясьцілі на Акрэсьціна.

19 верасьня невядомы апэратыўны супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй паведаміў у тэлеэфіры, што «з дапамогай спэцыяльных тэхнічных сродкаў зафіксаваны зьвесткі аб намерах фігуранта прымяніць прэпараты першай клясы небясьпекі, якія зьмяшчаюць яд дыфасфін, супраць міліцыі і іншых асобаў.... У прыватнасьці, выношваў пляны апрацаваць атрутнымі рэчывамі іх зямельныя ўчасткі і лецішчы, разьвеяць гэтыя рэчывы паблізу баявых парадкаў АМАПу і ўнутраных войскаў падчас пратэставых акцый».

Нібыта гэта вынікае з тэлефоннай размовы Латыпава зь сябрам, паведаміў зьмененым голасам апэратыўны супрацоўнік. У тэлеэфіры паказалі і карцінку: каністры з хімрэактывамі, бітоны зь нейкай вадкасьцю. Паказалі і Сьцяпана Латыпава, які сказаў літаральна дзьве фразы, што ён у прыгнечаным стане і што будзе супрацоўнічаць са сьледзтвам.

Чытаць цалкам

Расейскія бізнэсоўцы наракаюць, што Беларусь зрывае тэрміны паставак транзытных тавараў

Тэрміны паставак эўрапейскіх грузаў у Расею праз Беларусь пасьля рашэньня аб узмацненьні кантролю на беларускай мяжы даходзяць да пяці дзён, піша «Коммерсант».

Як патлумачыў выданьню бізнэс-амбудсмэн у пытаньнях транспарту і лягістыкі Ігар Рэбельскі, рашэньне беларускіх уладаў наўпрост б’е па расейскім бізнэсе. Калі летась у Беларусі даглядалася адна са ста транзытных фураў, то ў апошнія два тыдні практычна ўсе машыны адпраўляюцца на дагляд.

Расейскім лягістычным апэратарам, якія маюць кансалідаваныя склады ў Літве, нявыгадна накіроўваць машыну праз польска-беларускі ўчастак мяжы, адзначае Рэбельскі. Сытуацыя ўскладняецца тым, што да канца году Расея забароніць ўвоз без маркіроўкі значнай часткі спажывецкіх тавараў — абутак, тэкстыль, шыны, фотатэхніка і г.д. Якраз тыя тавары, якія складаюць значную частку эўрапейскага імпарту. Цяпер уся маркіроўка ажыцьцяўляецца на літоўскіх складах.

Дырэктар падразьдзяленьня Global Supply Chain кампаніі FM Logistic Аляксей Місаіла адзначае, што прыгранічныя тэрміналы ў Берасьці і Каменным Логу перапоўненыя і фуры адпраўляюць на дагляд ў Менск. Ён нагадвае, што на транзыт праз Беларусь прыпадае больш за дзьве траціны аўтаперавозак з Эўропы.

Чытаць цалкам

Звольнілася памочніца Дзьмітрыя Лукашэнкі, якая абуралася гвалтам у краіне

Ксенія Валахановіч (Голуб) да нядаўняга часу была памочніцай Дзьмітрыя Лукашэнкі, кіраўніка Прэзыдэнцкага спартыўнага клюба.

Як стала вядома Tut.by, яна больш не працуе на гэтай пасадзе. Гэта пацьвердзілі ў спартклюбе. Сама Ксенія гаварыць на гэтую тэму адмаўляецца. «Я не даю камэнтароў з гэтай нагоды», — коратка адказала яна. Калі яна сышла са сваёй пасады, на якой прапрацавала не адзін год, а таксама па якой прычыне — невядома.

Мяркуючы па яе адкрытай старонцы ў Фэйсбуку пасьля 9 жніўня Ксенія актыўна асуджае гвалт у краіне пасьля выбараў. Вядома, што на адной з мірных пратэстных акцый быў жорстка затрыманы яе 66-гадовы бацька.

У Гомлі АМАП затрымаў людзей з інваліднасьцю

У Гомлі 20 верасьня на «Маршы справядлівасьці» АМАП затрымаў каля 30 чалавек. У ліку затрыманых двое людзей з інваліднасьцю.

Сёньня ў судзе чакае свайго 25-гадовага сына Антаніна Юсупава. У яе сына — інваліднасьць, ён мусіць кожныя чатыры гадзіны прымаць лекі.

«Артуру нельга пераахалоджвацца, яму трэба добра харчавацца. Я ледзь угаварыла, каб на ІЧУ прынялі для яго лекі», — расказала жыхарка Гомля.

Таксама лекі неабходныя Натальлі Паруль. Яе ўчора схапіў у Гомлі АМАП. Жыхарка Гомля — валянтэрка, яна на акцыі раздавала ваду. «Мы прасілі і ў міліцыі прыняць для яе лекі, і на ІЧУ прасілі, і ніхто ня ўзяў. А ў Натальлі інваліднасьць, і лекі ёй неабходныя», — паскардзілася прыяцелька Натальлі.

Таксама ў Гомлі АМАП штурхнуў 48-гадовую жанчыну, і яна зламала нагу. Пра гэта напісалі «Сильные новости».

Лукашэнка загадаў неадкладна распачаць другі этап вучэньняў «Славянскае братэрства»

Лукашэнка загадаў неадкладна распачаць другі этап вучэньняў «Славянскае братэрства»

Другі этап вучэньняў «Славянскае братэрства» пройдзе 22-25 верасьня, паведамілі ў Міністэрстве абароны Беларусі.

У манэўрах возьмуць удзел 5 000 вайскоўцаў зь Беларусі і 1 000 з Расеі.
«На фоне ваенна-палітычнага становішча вакол Рэспублікі Беларусь прэзыдэнтам краіны прынятае рашэньне аб правядзеньні другога этапу сумеснага беларуска-расейскага вучэньня «Славянскае братэрства-2020», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Удакладняецца, што другі этап заплянаваны на 22-25 верасьня ў форме апэратыўна-тактычнага вучэньня.

Першы этап вучэньняў скончыўся пры канцы мінулага тыдня. Першапачаткова плянаваўся таксама ўдзел падразьдзяленьняў з Сэрбіі, але пад ціскам Эўразьвязу бальканскія вайскоўцы ў Беларусь не прыехалі.

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі заклікалі ЭЗ пашырыць пакет дапамогі Беларусі

Прэзыдэнты Літвы, Польшчы і Румыніі Гітанас Наўседа Анджэй Дуда і Кляўс Яганіс заклікаюць інстытуты Эўрапейскага зьвязу і дзяржавы-ўдзельніцы разгледзець пакет захадаў дапамогі дэмакратычнай Беларусі, якая імкнецца да палітычных, эканамічных і сацыяльных пераўтварэньняў.

Лідэры трох краін заклікалі Эўразьвяз распрацаваць пакет дапамогі, які б уключаў гандаль з ЭЗ, дапамогу ў перамовах аб уступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю, бязьвізавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, дывэрсыфікацыю эканомікі і энэргетычнага сэктару краіны, фінансаваньне рэструктурызацыі эканомікі, прыцягненьне міжнародных фінансавых інстытутаў для рэфармаваньня эканомікі краіны і заахвочаньня інвэстыцыяў.

Чытаць цалкам

На волю выйшлі дзяўчыны, якіх затрымалі, калі яны прыйшлі падтрымаць страйкам «Беларуськалія».

Дзяўчат затрымалі 11 верасьня перад будынкам Менскага абласнога суду.

Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргі адвакатаў Калесьнікавай і Салея

21 верасьня ў 14:00 адбудзецца слуханьне па справе аб скарзе абароны Марыі Калесьнікавай на прымяненьне меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, паведамілі ў штабе Віктара Бабарыкі.
А ў 15.00 суд разгледзіць аналягічную скаргу абароны Ільлі Салея.

Літоўцы падтрымліваюць жорсткую палітыку сваіх уладаў адносна афіцыйнага Менску

Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, зробленага літоўскім сацыялягічным цэнтра Vilmorus на замову агенцтва BNS. Вынікі апытаньня апублікавала газэта Lietuvos rytas.

Паводле апытаньня 38,5% рэспандэнтаў падтрымліваюць цяперашнюю палітыку Вільні адносна Беларусі, 5,8% апытаных лічаць, што рэакцыя літоўскіх уладаў на падзеі ў Беларусі нават занадта лагодная, кожны чацьверты ацэньвае яе, як занадта жорсткую, 31% апытаных ня маюць меркаваньня на гэты конт.

  • Літва, не чакаючы рашэньня Эўразьвязу, увяла ўласныя візавыя санкцыі.
  • Літоўскі Сэйм прызнаў Сьвятлану Ціханоўскую народна абраным лідэрам Беларусі.
  • Літоўскі парлямэнт — адзіны ў Эўразьвязе, які прыняў такое рашэньне.

17 верасьня Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да народаў Літвы, Польшчы і Ўкраіны — «Спыніце сваіх вар’ятаў-палітыкаў».

«Патрабую спыніць сваволю сілавікоў». Яшчэ адзін шахтар адмовіўся падымацца на зямлю

Раніцай 21 верасьня шахтар 4 рудаўпраўленьня адмовіўся падымацца з забою пасьля начной зьмены. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».

Вядома, што бастуючага шахтара клічуць Алег. Ён перадаў на зямлю нататку, у якой напісаў, што далучаецца да страйку і адмаўляецца выяжджаць на зямлю да выкананьня патрабаваньняў страйкаму.

На канале апублікавалі адкрыты ліст бастуючага да генэральнага дырэктара «Беларуськалія» Івана Галаватага, а таксама супрацоўнікаў прадпрыемства.

Чытаць цалкам

У Горадні 20 верасьня затрымалі актора мясцовага драматычнага тэатру Сяргей Курыленка. Яго праз некаторы час выпусьцілі.

Жонка актора прыйшла ў тэатр і паведаміла пра здарэньне калегам. Тады на сцэне ўжо гралі вечаровы спэктакль. Акторы на знак салідарнасьці спынілі пастаноўку.

Сваё рашэньне яны патлумачылі гледачам са сцэны. І тыя іх цалкам падтрымалі.

XS
SM
MD
LG